Top.Mail.Ru

Шчаслівая сям’я як свядомы выбар

Рэспубліканскі праект «Быць мамай — крута!» / «Быць татам — крута!» стартаваў у кінатэатрах краіны ў абноўленым фармаце.


11 лютага ў Беларусі пачаў работу ў абноўленым фармаце рэспубліканскі праект «Быць мамай — крута!» / «Быць татам — крута!». Ініцыятыва належыць ГА «Беларускі саюз жанчын», праект падтрыманы Міністэрствам адукацыі і накіраваны на фарміраванне ў моладзі ўсвядомленага стаўлення да бацькоўства. 

Яго мэта — данесці да моладзі, што паспяховае, усвядомленае мацярынства і бацькоўства — выбар моцных, псіхалагічна сталых людзей. А таксама — ужо сёння заахвоціць юнакоў і дзяўчат задумацца пра тое, якой будзе іх сям’я.  

Першае мерапрыемства абноўленага фармату праекта «Быць мамай —крута!» прайшло ў кінатэатры «Масква», дзе сабралася больш за 660 студэнтаў вядучай ВНУ краіны — БДУ. Мерапрыемствы ў рамках праекта адбыліся таксама ў пяці кінатэатрах сталіцы з удзелам студэнтаў іншых флагманаў вышэйшай адукацыі Беларусі — БДЭУ, БДТУ, БДПУ імя М. Танка, БДУІМ, БНТУ.   

Новы фармат прадугледжвае прагляд тэматычных кінафільмаў, а таксама дыялог моладзі са спецыялістамі сацыяльнай, медыцынскай і іншых сфер, прадстаўнікамі духавенства і шматдзетнымі бацькамі. Прадстаўнікі Міністэрства адукацыі і Беларускага саюза жанчын, медыкі, эксперты іншых галін ведаў будуць размаўляць са студэнтамі аб умацаванні інстытута сям’і і дэмаграфічнай бяспекі краіны, дадуць адказы на пытанні моладзі, што датычацца свядомых адносін да стварэння сям’і, разумення каштоўнасці бацькоўства і мацярынства.   

На першай сустрэчы, у кінатэатры «Масква» былі абмеркаваны духоўна-маральныя асновы сям’і, дзяржаўная падтрымка мацярынства і бацькоўства, сучасныя выклікі ва ўмацаванні інстытута сям’і. Моладзь азнаёмілася з палажэннямі Канстытуцыі Беларусі, якія замацоўваюць абарону шлюбу, сям’і, мацярынства, бацькоўства і дзяцінства (арт. 32) і з Дзяржаўнай праграмай «Развіццё дэмаграфічнага патэнцыялу». Самай яркай і найбольш цікавай старонкай сустрэчы стала жывое абмеркаванне паспяховага вопыту бацькоўства непасрэдна са шматдзетнымі мамамі і татамі, якія здолелі рэалізаваць сябе і ў сям’і, і ў прафесіі. Адзначым, што паводле статыстыкі, за апошнія 10 гадоў колькасць шматдзетных сем’яў павялічылася ўдвая і сёння складае больш за 130 тысяч. У такіх сем’ях выхоўваецца больш за 400 000 дзяцей.   

Наступная сустрэча ў рамках праекта пройдзе 11 сакавіка, і акцэнт будзе зроблены менавіта на ролю бацькі ў сям’і. Сустрэчы ў фармаце «Быць татам — крута!» стануць лагічным працягам лютаўскай сустрэчы і атрымаюць развіццё ва Універсітэце грамадзянскай абароны МНС і Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры, пераважна «мужчынскіх» навучальных установах. Бо сям’я — гэта заўсёды адказнасць двух людзей, прычым у значнай ступені — менавіта мужчыны, які павінен быць гатовы ўзяць на сябе клопат пра жонку і дзяцей.  

Аляксандра Анцэлевіч
Фота Ксеніі Ліннік

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю