Беларускія шахматысты заваявалі пяць медалёў юнацкага чэмпіянату свету па рапідзе і бліцы ў Сербіі, паведаміла БелТА.
Удзел у планетарным форуме прынялі гульцы ва ўзросце ад 8 да 18 гадоў. У актыве нашай каманды па два золаты і серабра, а таксама адна бронза. Чатыры медалі беларусы выйгралі ў рапідзе, адзін — у бліцы. Адзіны медаль у маланкавай гульні заваявала Ніка Венская, якая стала лепшай сярод дзяўчат да 14 гадоў. Раней Ніка атрымала перамогу ў хуткіх шахматах.
У перапынку паміж спаборніцтвамі чэмпіянату свету адбыліся турніры па рашэнні задач. Венская заняла трэцяе месца ў асабістым заліку, а таксама разам з Катрынай Якаўлевай першынствавала ў камандным першынстве. Акрамя таго, другі вынік у вырашэнні задач сярод самых юных удзельніц паказала наша Міраслава Шаціла.