Top.Mail.Ru

Сезон цукраварэння ў Беларусі стартаваў у пачатку восені і працягнецца аж да студзеня

Наша «салодкае золата». Мы адправіліся на ААТ «Жабінкаўскі цукровы завод», каб больш даведацца пра гэта прадпрыемства і на яго прыкладзе расказаць, як звычайныя караняплоды ператвараюцца ў той самы салодкі прадукт, які ёсць у доме кожнага.

Пункты росту

Па словах генеральнага дырэктара ААТ «Жабінкаўскі цукровы завод» Аляксандра ПАЗНАНСКАГА, пасля маштабнай мадэрнізацыі ў 2021 годзе прадпрыемства выйшла на рэкордныя за ўсю яго гісторыю магутнасці — 10 тысяч тон буракоў у суткі.

— Папярэдне па выніках гэтага сезона чакаем 1 мільён 150 тысяч тон буракоў, — дадаў ён.


Завод вырабляе цукар і ўсе яго разнавіднасці. Таксама перыядычна радуе спажыўцоў цікавымі і арыгінальнымі навінкамі.

— Мы першыя ў Беларусі і на ўсёй постсавецкай прасторы пачалі выпускаць цукар у спалучэнні з перцам і карыцай. Сёлета пашырылі гэтую лінейку — дадалі цукар з кардамонам і ўсходнімі спецыямі, — падзяліўся генеральны дырэктар.

Павялічваюць тут і вытворчыя магутнасці. Па словах Аляксандра Пазнанскага, штогод прадпрыемства ўкараняе нешта новае:



— Напрыклад, сёлета плануем на 25 % павялічыць магутнасці жомасушыльнага аддзялення, усталёўваем новае абсталяванне: жомапрэсавы апарат, дэкантатар соку. Планы развіцця на пяцігодку маюцца, і мы іх паступова ўкараняем.

Паведаміў Аляксандр Пазнанскі і пра рэалізацыю буйнога інвестпраекта — будаўніцтве бака мелесу ёмістасцю 20 тысяч тон. На дадзены момант гэта самая буйная ёмістасць у Беларусі для такога віду прадукцыі.

Бурачныя метамарфозы

Вытворчы працэс цукру шматступенны, складаны, але разам з тым вельмі цікавы. Падрабязней пра гэта нам расказала галоўны тэхнолаг ААТ «Жабінкаўскі цукровы завод» Таццяна ШУМІКОЎСКАЯ:

— Бурак да нас прыходзіць з 13 раёнаў Брэсцкай вобласці і з двух раёнаў Гродзенскай вобласці. Новая партыя цукровых буракоў першапачаткова трапляе на буракапункт. Далей караняплоды з кагатаў падаюцца гідратранспарцёрамі на ачыстку. Потым яны трапляюць у мыйнае аддзяленне, а пасля адпраўляюцца ў бункеры-назапашвальнікі перад буракарэзкамі, дзе адбываецца здрабленне буракоў у стружку пэўнага памеру і формы для больш поўнага пераходу цукрозы ў раствор. Затым стружка паступае ў дыфузійныя апараты. За кошт процітоку (з аднаго боку рухаецца стружка, з другога — вада) адбываецца высалоджванне стружкі. Пасля гэтага яна накіроўваецца на жом, які з’яўляецца адходам вытворчасці і ідзе на корм жывёле. У выніку атрымліваецца самае каштоўнае — дыфузійны сок. Гэта цёмная вадкасць, якая складаецца з цукраў і няцукраў.


Атрыманы дыфузійны сок ідзе на складаную фізіка-хімічную ачыстку — ступеністую станцыю дэфекасатурацыі. Там дадаецца вапнавае малако, сок апрацоўваецца сатурацыйным газам, праходзіць працэсы фільтрацыі для таго, каб ён стаў светлым і крыштальным.

— Пасля гэтага сок адпраўляецца на станцыю выпарэння, дзе ён ператвараецца ў густы сіроп бурштынавага колеру з пэўным утрыманнем сухіх рэчываў, — удакладніла галоўны тэхнолаг.

Далей гэты сіроп паступае ў прадуктовы аддзел. Там у вялікіх вакуум-апаратах уварваецца цукар.



— Уводзяцца цэнтры крышталізацыі: вакол гэтых «мікрапясчынак» і нарастае да патрэбнага памеру будучы цукар, утвараючы масу, якая называецца ўтфелем, — дадала Таццяна Шумікоўская. — Гатовы ўтфель апускаецца ў прыёмныя мяшалкі, якія не даюць яму застыць у суцэльны маналіт, адкуль ён раўнамерна паступае ў цэнтрыфугі. Там пад дзеяннем цэнтрабежнай сілы вадкі адцёк аддзяляецца, а чыстыя белыя крышталі цукру застаюцца на сітах, прамываюцца гарачай вадой і адпраўляюцца на сушку. Спачатку цукар высушваецца патокам гарачага паветра, далей мы яго астуджаем, — патлумачыла галоўны тэхнолаг.

Вось і ўсё — прадукт гатовы да фасавання: адна частка накіроўваецца ў камбінат бязтарнага захоўвання, а другая адразу ідзе на ўпакоўку.


Якасць пад кантролем

Для падтрымання і ўдасканалення якасці і бяспекі прадукцыі, а таксама дзейнасці ўсяго прадпрыемства функцыянуюць пэўныя сістэмы менеджменту, якія каардынуюцца генеральным дырэктарам. Па словах начальніка сектара стандартызацыі і якасці ААТ «Жабінкаўскі цукровы завод» Алены ШУТ, менавіта дзякуючы гэтаму кантралююцца ўсе аспекты на розных этапах вырабу прадукцыі — ад уваходнага кантролю сыравіны да продажу спажыўцам.

Таксама на прадпрыемстве функцыянуюць СМЯ, сістэма правіл, Халяль, СМБК (GMP+ FSA), сістэма НАССР, СМБХП (ІSO 22000). Усе гэтыя сертыфікаты дазволілі павысіць арганізацыю вытворчага працэсу, а таксама канкурэнтаздольнасць гатовай і кармавой прадукцыі.



Лізавета ГОЛАД, фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю