Top.Mail.Ru

16 разоў судзімы: у Магілёве затрымалі серыйнага аўтамабільнага злодзея

Спачатку ў праваахоўныя органы звярнуўся ўладальнік мінівэна, які выявіў, што ў яго аўтамабілі разбіта задняе левае шкло і зніклі дынамікі. Аднак пры выездзе на месца следча-аператыўная група ўстанавіла, што гэты выпадак не адзінкавы. 


Увогуле зламыснік пракраўся ў пяць прыпаркаваных на вуліцы транспартных сродкаў, частка з якіх была не закрыта. Сярод выкрадзенага былі відэарэгістратар, набор інструментаў, аўтамабільны радыятар, махавік рухавіка і іншая маёмасць. Агульны матэрыяльны ўрон перавысіў 1000 рублёў, паведамляе упраўленне ДКСЭ па Магілёўскай вобласці.

На месцы здарэння спецыяліст Магілёўскага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз знайшоў на грунце сляды абутку. Па іх неўзабаве супрацоўнікі міліцыі затрымалі падазраванага — 42-гадовага беспрацоўнага жыхара Магілёва, які раней ужо быў 16 разоў судзімы, пераважна за крадзяжы. 

Для правядзення параўнальнага даследавання яго абутак быў накіраваны на судовую экспертызу. «Згодна з вынікамі экспертызы, сляды абутку, выяўленыя на месцы злачынства, часткова або поўнасцю супалі з падэшвай красовак затрыманага», — пракаменціравала афіцыйны прадстаўнік упраўлення ДКСЭ па Магілёўскай вобласці Ірына РАЧКОЎСКАЯ.

Затрыманы пасля прызнаў сваю віну, частку выкрадзенага ў яго канфіскавалі. Некаторыя металічныя дэталі ён паспеў здаць у пункт прыёму металу. Падчас расследаванняў таксама высветліліся дадатковыя эпізоды: аказваецца, мужчына ўжо двойчы краў грошы ў сваіх знаёмых.

З улікам усіх абставін, суд вынес строгі прысуд. Мужчына прыгавораны да 4 гадоў зняволення ў папраўчай калоніі строгага рэжыму. Апроч гэтага, у сувязі з выяўленым у яго алкагалізмам, суд прызначыў прымусовае лячэнне.

Аміна НАЗАРАВА

Фота з адкрытых крыніц

Чытайце таксама: Гаражнага злодзея знайшлі па паху

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю