Серыя Выдавецкага дома «Звязда» «Пераходны ўзрост» папоўнілася новай кнігай: выйшла аповесць Дзмітрыя Мікалаева «Быць Паўлікам».
У цэнтры расповеда — школьнік Паўлік Пятроў, які пастаянна трапляе ў розныя здарэнні ці становіцца «арганізатарам» падзей. Выбіраецца ён з непрыемнасцей разам з сябруком Міцькам — іх дзіцячым прыгодам і прысвечана невялічкая аповесць.
Апавяданне вядзецца ад імя галоўнага героя. А пачынаецца яно з самапрэзентацыі: Паўлік тлумачыць асаблівае стаўленне да сябе ў сям’і і школе, а яшчэ паблажлівасць нават у звароце: «Калі цябе завуць Паўлікам, то гэта ўжо гаворыць пра многае. І, як любіць паўтараць мая мама Святлана Аркадзеўна, гэта больш, чым імя. Гэта вобраз жыцця. Дык са мной пастаянна нешта адбываецца: то смешнае і забаўнае, то надзвычайнае і неверагоднае. А часам — і сумнае, нават можна сказаць, маркотнае. Я, вядома, стараюся быць іншым і, перш як нешта зрабіць, спрабую думаць пра наступствы, але атрымліваецца, як атрымліваецца».
Сюжэт складаецца з чарады невялічкіх павучальных гісторый. Яны могуць выклікаць смех, здольны пацешыць, аднак нічога незвычайнага і неверагоднага на старонках выдання чытач, уласна кажучы, не знойдзе. Бытавыя і камічныя сітуацыі з жыцця школьнікаў, дзе кожны сюжэт уяўляе сабой мініяцюру, пабудаваную на зразумелых тэмах, нагадваюць сцэны са знакамітага «Ералаша». У тэксце — якраз сціплыя апісанні галоўных і другарадных персанажаў, няшмат увагі надаецца і асаблівасцям побыту сям’і ці школы, пра карціну свету беларускага школьніка чытач даведваецца не з кнігі — стаўленне да героя і абставін дапамагае скласці ўласны досвед. Тэкст вызначаецца тым, што самі гісторыі, у якія трапляюць героі, апісаны дакладна і падрабязна.
Так, гумар у творы «Быць Паўлікам» зразумелы і знаёмы, але ён не паўстае мэтай для аўтара. Дзмітрыю Мікалаеву важныя не смешныя гісторыі ці канфліктныя сітуацыі (апошніх у аповесці, па сутнасці, і няма) — галоўным было адлюстраванне самых важных імператываў, якія дарослы перадае дзіцяці: усё пад сілу таму, хто дзейнічае, з любога здарэння ці непрыемнасці можна вынесці карысны ўрок, а па жыцці трэба ісці з усмешкай на твары. Зразумела, у гэтым рэчышчы напісаны і фінал: «Трэба заўсёды імкнуцца да лепшага. Нават калі цябе завуць Паўлік, і часам табе не шанцуе. Галоўнае, быць самім сабою, не журыцца і ведаць, што ўсё будзе добра. А як іначай?»
Яўгенія ШЫЦЬКА