Top.Mail.Ru

Серыя канцэртаў-рэквіемаў «Кожны трэці» праходзіць у Палацы Рэспублікі

Сярод мерапрыемстваў, прысвечаных 80-годдзю Вялікай Перамогі, гэта, бадай, адно з самых адметных. Фактычна серыя канцэртаў-рэквіемаў «Кожны трэці», прысвечаных памяці герояў і ахвярам Вялікай Айчыннай вайны, якая пачалася 6 красавіка ў Палацы Рэспублікі, гэтыя асноўныя мерапрыемствы і адкрывае. Канцэрт-рэквіем «Кожны трэці» нясе асноўную сэнсавую нагрузку — важна памятаць усіх, хто загінуў у гады вайны і дзякуючы каму была здабыта Перамога.


У Беларусі няма сям'і, якую б не закранула тая вайна, таму на канцэрце не можа быць раўнадушных. У гэтым мы пераканаліся ў першы ж дзень, паглядзеўшы яго разам з прадстаўнікамі Брэсцкай вобласці. Канцэрт-рэквіем на працягу гэтага тыдня ўбачаць дэлегацыі з усіх рэгіёнаў. У тым, што пачалі з Брэстчыны, таксама закладзены сэнс: у Беларусь вайна прыйшла менавіта з гэтага напрамку, і продкі гэтых людзей першымі сутыкнуліся з усімі жахамі таго часу.

Жудасныя факты давядзецца абнаўляць

Важнай асаблівасцю мерапрыемства стала тое, што ў канцэрт-рэквіем уплецены дакументальныя факты, у тым ліку атрыманыя па выніках расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа.

— Ёсць новыя звесткі пра колькасць пахаванняў мірных жыхароў. Удакладненыя даныя шакіруюць. Але іх важна даносіць да насельніцтва, і мы гэта робім праз наш праект, — адзначыла рэжысёр праекта — мастацкі кіраўнік Маладзёжнага тэатра эстрады Уладзіслава Арцюкоўская.

Паводле яе слоў, для будучых паказаў канцэрта-рэквіема факты, адлюстраваныя ў ім, верагодна, прыйдзецца яшчэ раз абнаўляць: новыя жахлівыя сведчанні злачынстваў фашыстаў і іх памагатых выкрываюцца штодзень.

— «Кожны трэці» — гэта не зусім канцэрт, хутчэй тэатральная пастаноўка, спецыяльна для якой створаны дэкарацыі. Задзейнічаны нават сцены Палаца Рэспублікі — дынамічныя праекцыі ствараюць неабходную атмасферу, складаюць дэкаратыўную аснову канцэрта. Мы не хацелі страціць гэту дэталізацыю, з якой так старанна працавалі аўтары, мастакі. Важны кожны прамень святла, кожны спецэфект. Нам хацелася ўсё гэта захаваць, — падзялілася Уладзіслава Арцюкоўская.

Упершыню канцэрт-рэквіем быў прадстаўлены гледачам 6 мая 2024 года ў Музеі Перамогі на Паклоннай гары ў Маскве, а таксама ў Мінску 22 чэрвеня, У Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа. Цяпер у абноўленым і ўдасканаленым выглядзе яго паглядзяць жыхары ўсіх рэгіёнаў Беларусі і горада Мінска.

Рэквіем па кожным

Па словах намесніка старшыні Брэсцкага аблвыканкама Вадзіма Краўчука, колькасны склад дэлегацыі ад рэгіёна склаў больш за 2,5 тысячы чалавек. Трэць з іх — моладзь.

— Такія праекты, як «Кожны трэці», дазваляюць выхоўваць новае пакаленне і нагадваць пра нашу гісторыю, перадаваць яе далей, — падзяліўся ён.

Усяго ў Брэсцкай вобласці засталося 96 баявых ветэранаў Вялікай Айчыннай. Вадзім Краўчук падкрэсліў, што асноўная задача — дайсці да кожнага ветэрана разам з маладым пакаленнем, сказаць словы падзякі за мірнае неба над галавой.

Тэматычна канцэрт быў падзелены на дзве часткі. Першая прысвечана ахвярам вайны, менавіта там былі прадстаўлены ўнікальныя факты і хронікі. Лейтматывам другой часткі стала тэма адказнасці сучаснікаў за захаванне гістарычнай памяці. Гучалі як шырока вядомыя музычныя творы савецкага перыяду, так і новыя творы сучасных беларускіх аўтараў. Паэтычнай асновай канцэрта стаў «Рэквіем па кожным чацвёртым» А. Вярцінскага.

Кожны нумар праймаў да мурашак. Гэта быў уражальны сінтэз кранальнай музыкі, моцных галасоў, добра пастаўленых нумароў і ўнікальнага відэасуправаджэння. Некалькі разоў уся зала ўставала ў знак павагі да памяці аб страшных падзеях тых гадоў. Выступіў перад гледачамі і іх зямляк Андрэй Цямчык з песняй «Да канца».

— Кампазіцыя вельмі цяжкая эмацыянальна. Яна пра маральна-валявыя якасці і пра тое, што ў любой сітуацыі, якой бы складанай яна ні была, трэба стаяць да канца і заставацца чалавекам, — падзяліўся ён.

«Страшна і балюча, што ўсё гэта перажылі нашы продкі»

Канцэрт пакінуў у гледачоў няпростыя ўражанні. Прымусіў задумацца, успомніць расповеды бабуль і дзядуль пра тыя страшныя гады. Па словах дырэктара Мілавідскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна Наталлі Грыцавец, усё было вельмі кранальна і ўрачыста.

— Для мяне гэта асаблівы канцэрт: мая бабуля была калісьці малалетняй вязніцай фашысцкага канцлагера, таму ўсе кампазіцыі ўспрымаліся вельмі глыбока. Дзякуй вялікі арганізатарам і ўсім удзельнікам гэтага мерапрыемства, нізкі паклон усім ветэранам, якія адстаялі нашу родную зямлю, — сказала яна.

Перад канцэртам гледачы маглі акунуцца ў падзеі тых гадоў дзякуючы тэматычным выставачным праектам, якія размясціліся на розных узроўнях Палаца Рэспублікі. На думку старшыні Відамлянскага сельсавета Камянецкага раёна Марыны Каралюк, выстаўкі і канцэрт не могуць пакінуць абыякавым нікога.

— Мне ўсё гэта дорага і блізка. Выставачныя праекты настроілі на патрэбны лад перад канцэртам, які мяне вельмі моцна ўразіў. Мой дзядуля ваяваў, таму ўсе нумары знаходзілі водгук у сэрцы. Добра, што ёсць такія мерапрыемствы. Яны вельмі важныя для таго, каб людзі памяталі, як нам далася Перамога і мірнае жыццё, — падзялілася яна.
Удалося нам пагутарыць і з прадстаўнікамі маладога пакалення, студэнтамі Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа.

— Насамрэч, я пад велізарным уражаннем: літаральна мурашкі па скуры. Кожны нумар быў па-свойму выдатны, узровень падрыхтоўкі ўражвае. Страшна і балюча, што ўсё гэта перажылі нашы продкі. Тым не менш мы павінны гэта памятаць і будзем гэта памятаць, каб такога больш не паўтарылася, — сказала Марыя Сівалоўская.

А студэнту Уладзіміру Батцу гэта мерапрыемства нагадала пра гісторыю яго ўласнай сям’і.

— Вельмі асабісты і кранальны канцэрт. У мяне прабабуля была партызанкай, перажыла фашысцкі палон. Яна шмат пра вайну расказвала, і гэту гісторыю нават надрукавалі ў мясцовай газеце. Мы захоўваем той артыкул як сямейную рэліквію, — падзяліўся ён.

Моцныя эмоцыі і яркія ўражанні засталіся ў прадстаўнікоў Брэсцкай вобласці пасля мерапрыемства. На чарзе — іншыя рэгіёны: серыя канцэртаў рэквіемаў і выставачных праектаў будзе праходзіць у Палацы Рэспублікі ажно да 12 красавіка.

У тэму

Учора на канцэрце-рэквіеме была дэлегацыя Віцебскай вобласці. Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка, які выбіраўся дэпутатам ад Віцебшчыны, выказаў упэўненасць, што канцэрт-рэквіем «Кожны трэці» не пакіне нікога абыякавым. Ён у думках перанясе ў грозныя гады Вялікай Айчыннай вайны, якая пракацілася фактычна катком па кожнай беларускай сям’і. Старшыня Палаты прадстаўнікоў адзначыў, што і яго сваякі таксама бралі ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне, шмат расказвалі пра той час. «Мой бацька прайшоў дарогамі вайны пачынаючы з 1943 года, вызваляючы Смаленшчыну, а затым Беларусь — Гродна, Магілёў, — падзяліўся ён. — Шмат расказваў аб тым часе, тых баях, тых выпрабаваннях. І якім быў Мінск».

У кожнай сям’і ёсць свая гісторыя, свае трагічныя старонкі, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной, сказаў Старшыня Палаты прадстаўнікоў. «Вайна ёсць вайна, яна не выбірае. Вядомыя гістарычныя факты, калі цэлыя сем’і сыходзілі на фронт. У Жодзіне стаіць помнік маці Купрыянавай, чые пяць сыноў не вярнуліся. Але ёсць факты, калі восем сыноў у Гомельскай вобласці вярнуліся з фронту жывымі і цэлымі. Вайна не выбірае».

фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю