Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў сустрэліся з аўтарамі кнігі «Наш Прэзідэнт» Аляксандрам Радзьковым і Аляксандрам Карлюкевічам. «Сімвалічна, што сустрэча праходзіць сёння, калі беларускі народ аказаў дзейнаму кіраўніку дзяржавы высокі давер, пацвердзіўшы прыхільнасць курсу на будаўніцтва моцнай і суверэннай Беларусі. Створанае за гады незалежнасці новае аблічча краіны, па сутнасці, абумовіла вынікі галасавання», — адзначыў старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка. Сімвалічным ён назваў і месца сустрэчы — Авальная зала Дома ўрада — сапраўды знакавае месца і для Рэспублікі Беларусь, і для яе Прэзідэнта. З гэтай залай звязана і дэпутацкая дзейнасць Аляксандра Лукашэнкі, з гэтай трыбуны ён выступае са штогадовым пасланнем беларускаму народу і парламенту.
Ігар Сергяенка выказаў упэўненасць, што сёння, калі краіна ўступае ў новы этап свайго развіцця, кніга «Наш Прэзідэнт» выкліча жывую цікавасць у грамадстве. «Шчыра кажучы, даволі часта даводзілася чуць ад многіх калег і выбаршчыкаў аб запатрабаванасці такога выдання. Жыццёвы шлях нашага кіраўніка дзяржавы — прыклад для пераймання і арыенцір не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой, — адзначыў спікер. Асобна старшыня Палаты прадстаўнікоў заўважыў, што кніга «Наш Прэзідэнт» падрабязна і цэласна адлюстроўвае асноўныя этапы станаўлення асобы Прэзідэнта Беларусі. «Хачу падкрэсліць, што кніга таксама мае багатую гістарычную каштоўнасць. У ёй сабрана вялікая колькасць матэрыялаў і фатаграфій, многія з якіх публікуюцца ўпершыню. Гэта своеасаблівы фоталетапіс Беларусі апошніх дзесяцігоддзяў», — дадаў ён.
Аўтары расказалі пра тое, як ішла праца над кнігай, што было самы складаным на гэтым шляху. І падзяліліся, як гэта — пісаць кнігу пра Прэзідэнта, як у адным выданні сумясціць не толькі біяграфію аднаго чалавека, але адлюстраваць лёс суверэннай краіны. «Вельмі складаная задача — пісаць кнігу аб лідары нацыі, аб Прэзідэнце, аб яго інтэлекце, яго развагах. Аднаму такі праект на асіліць, патрэбна аператыўнасць, патрэбны пэўны досвед, стрыжань, філасофскае адчуванне, архівы, фотаздымкі. Аўтарскі калектыў — гэта таксама Наталля Эйсмант, Уладзімір Пярцоў, якія ўклалі ў працу шмат цікавых і значных ідэй. Гэта быў не адзін год напружанай, творчай работы, у абмеркаваннях, спрэчках. Але мы рабілі гэта вельмі адказна і самаадана», — падзяліўся Аляксандр Радзькоў.
Аляксандр Карлюкевіч у працяг думкі свайго калегі адзначыў лаканаічна: «Кніга атрымалася». Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар выдавецтва «Беларусь» расказаў, што кніга «Наш Прэзідэнт» вельмі запатрабавана ў чытачоў. «Велізарная колькасць заявак на яе, друкарня нават не паспявае адгружаць. Але яны задавальняюцца. Таму кожны дзень у краме „Светач“ з’яўляецца кніга і, вядома ж, ва ўсіх крамах „Мерч Першага“. З часам, літаральна на працягу тыдня, кніга з’явіцца ў рэгіёнах краіны. Ужо пачынаюць бібліятэкі запытваць, прадстаўляць свае заяўкі. Кніга будзе даступна кожнаму чытачу, кожнаму грамадзяніну нашай краіны», — адзначыў Аляксандр Карлюкевіч.
Парламентарыі спыталі, ці чакаць у будучым другога падобнага выдання. Аляксандр Радзькоў заўважыў, што калі такая запатрабаванасць будзе — то зрабіць яе можна. Але, звярнуў увагу ён, кніга павінна саспець.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін расказаў журналістам, што азнаёміцца з кнігай «Наш Прэзідэнт» ужо можна ў Нацыянальнай бібліятэцы. Таксама ў рамках праекта НББ «Веды без межаў», у рамках якога «алмаз ведаў» дзеліцца кнігамі з абласнымі і раённымі бібліятэкамі, гэтая кніга будзе перададзена ў абласныя бібліятэкі. Вадзім Гігін падзяліўся і сваімі ўражаннямі ад кнігі «Наш Прэзідэнт»: «Безумоўна, гэта не цалкам уся біяграфія нашага Прэзідэнта — там спатрэбіцца, мусіць, шматтомнік. Гэта вельмі ўдалая аўтарская спроба прадставіць праз асобу выбітнага дзяржаўнага дзеяча той шлях, які прайшла наша незалежная, суверэнная краіна за гэтыя гады». Парламентарый назваў гэта выданне сур’ёзнай гістарычнай крыніцай, фотадакументам.
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА