На пасяджэнні Савета Палаты прадстаўнікоў абмеркавалі вынікі работы дэпутатаў у акругах, эфектыўнасць камандзіровак парламентарыяў за мяжу і актуалізацыю сацыяльнай палітыкі ў аказанні садзейнічання перасяленню грамадзян у сельскую мясцовасць
На пасяджэнні Савета Палаты прадстаўнікоў абмеркавалі вынікі работы дэпутатаў у акругах, эфектыўнасць камандзіровак парламентарыяў за мяжу і актуалізацыю сацыяльнай палітыкі ў аказанні садзейнічання перасяленню грамадзян у сельскую мясцовасць
На чале ўсяго — эканоміка
Рэалізацыя знешнепалітычных і знешнеэканамічных задач, пастаўленых кіраўніком дзяржавы, непасрэдна звязана з ростам эфектыўнасці замежных камандзіровак. Гэта адзначыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар СЕРГЯЕНКА, падкрэсліўшы, што трэба накіраваць намаганні на дасягненне канкрэтных вынікаў супрацоўніцтва з замежнымі партнёрамі, а таксама «максімальна задзейнічаць патэнцыял на ўсіх міжнародных пляцоўках для рэалізацыі міждзяржаўных дамоўленасцяў, дасягнутых на вышэйшым і высокім узроўнях, выканання планаў і «дарожных карт» супрацоўніцтва, перш за ўсё эканамічнай накіраванасці».

У гэтых мэтах, па словах Ігара Сергяенкі, на сістэмнай аснове сёлета пачынаецца работа на ўзроўні кіраўнікоў рабочых груп па супрацоўніцтве з парламентамі замежных краін. Прадугледжваецца іх актыўнае ўключэнне ў пасяджэнні беларускіх частак калегіяльных утварэнняў, створаных у рамках міжнародных дагавораў з урадамі замежных дзяржаў. Прапанаваны фармат узаемадзеяння ўжо атрымаў падтрымку Урада Рэспублікі Беларусь. Міністэрству замежных спраў дадзены адпаведныя даручэнні па забеспячэнні ўдзелу прадстаўнікоў дэпутацкага корпуса ў гэтых мерапрыемствах.
«Апошнім часам мы робім асаблівы акцэнт на пытаннях, якія садзейнічаюць развіццю гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння з нашымі замежнымі партнёрамі, — падкрэсліў старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Сяргей РАЧКОЎ. — Для гэтага выкарыстоўваюцца розныя формы і фарматы. Гэта і перагаворы, і сустрэчы з дэпутатамі, якія маюць магчымасці прасоўваць бізнес-інтарэсы. Задзейнічаем і міжнародныя пляцоўкі». Таксама актыўна выкарыстоўваецца фармат сустрэч паміж рабочымі групамі па супрацоўніцтве з парламентамі іншых краін у фармаце відэаканферэнцсувязі.
Ужо былі зроблены і канкрэтныя крокі па павышэнні эфектыўнасці і аптымізацыі камандзіровак. «Па ініцыятыве нашага боку для больш рацыянальнага выкарыстання бюджэтных сродкаў у снежні мінулага года на сесіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі прынята рашэнне аб аптымізацыі пасяджэнняў камісій Парламенцкага сходу. Мяркуецца іх скарачэнне ў два разы», — адзначыў Ігар Сергяенка.
Абмен вопытам і будучыня вёсак
Пытанні развіцця сельскіх тэрыторый сёння выходзяць на першы план, з'яўляючыся не толькі актуальнай дзяржаўнай задачай, але і ключавой умовай умацавання харчовай бяспекі краіны. Асаблівая ўвага — да праблемы замацавання спецыялістаў у вёсцы: патрабуецца пошук новых механізмаў і дадатковых стымулаў, здольных утрымаць насельніцтва і прадухіліць яго масавы адток з вёсак і аграгарадкоў. Як адзначыў Ігар Сергяенка, па ініцыятыве Прэзідэнта ў гэтым напрамку праведзена каласальная работа, рэалізаваны шэраг дзяржаўных праграм. Многія прапановы ўжо былі прапрацаваны, напрыклад, тыя, што паступілі падчас рэспубліканскага форуму «Жанчына і будучыня вёскі».
«Інфраструктура, якая сёння створана ў сельскай мясцовасці, у цэлым адпавядае патрэбам, аднак яе неабходна ўдасканальваць. У першую чаргу гэта трэба для таго, каб матываваць нашых грамадзян пераязджаць у сельскую мясцовасць, — падкрэсліў Іван МАРКЕВІЧ, старшыня Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы. — Сёння неабходна максімальную ўвагу ўдзяліць ільгатаванню пэўных катэгорый грамадзян, катэгорый нашых людзей, каб для іх таксама ствараліся добрыя ўмовы для пераезду».

На Савеце заслухалі таксама інфармацыю аб адным з галоўных кірункаў работы дэпутатаў. «Работа ў выбарчых акругах — адна з важных складнікаў нашай дзейнасці», — адзначыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў. Яна ўключае і маніторынг сацыяльна-эканамічнай абстаноўкі, і выяўленне праблемных пытанняў, якія патрабуюць вырашэння на рэгіянальным узроўні, і інфармаванне вышэйшых інстанцый, у тым ліку ўрада.
Дэпутаты актыўна ўзаемадзейнічаюць з грамадзянамі, выкарыстоўваючы для гэтага разнастайныя фарматы. Апроч асабістых прыёмаў, гэта тэматычныя сустрэчы, дыялогавыя пляцоўкі, інфармацыйныя гадзіны, а таксама цесная каардынацыя з мясцовымі органамі выканаўчай і заканадаўчай улады і дэпутатамі ўсіх узроўняў. «Таму цікавы будзе і абмен досведам, і ажыццяўленне кантрольных функцый, як працуюць дэпутаты ў акругах, — адзначыў Ігар Сергяенка. — Тым больш мы плануем у бліжэйшы час выезды ў Мінскую вобласць, правядзенне сустрэчы з актывам у горадзе Мінску ў пачатку красавіка».
Аміна НАЗАРАВА
Фота БелТА