«Усё створанае трэба захаваць», — такую думку Старшыня Палаты прадстаўнікоў, дэпутат па Пастаўскай выбарчай акрузе № 29 Ігар Сергяенка агучыў падчас сустрэчы з насельніцтвам і працоўнымі калектывамі Пастаўскага раёна.
На пляцоўцы Дома культуры былі абмеркаваны дасягненні нашай краіны за яе 30-гадовы незалежны шлях, сучаснае сацыяльна-эканамічнае становішча Беларусі. У прыватнасці, размова ішла аб дасягненнях у сацыяльнай сферы, якія істотна палепшылі якасць жыцця насельніцтва. За тры дзесяцігоддзі ў два разы павялічылася працягласць дарожнай сеткі, у паўтара — цвёрдае пакрыццё на транспартных магістралях. Колькасць легкавых аўтамабіляў у насельніцтва вырасла з 500 тысяч у сярэдзіне 90-ых гадоў да трох мільёнаў сёння.
Плённай, падкрэсліў Ігар Сергяенка, з’яўляецца і работа парламента, які хутка рэагуе на запыты грамадства. Спатрэбілася спрасціць заканадаўства аб рэгістрацыі нерухомасці, прыводзіў прыклад ён, і парламент прыняў адпаведны нарматыўна-прававы акт. Спікер праінфармаваў і аб іншых напрамках работы заканадаўчай улады, у тым ліку пашырэнні сувязей з заканадаўчымі органамі іншых краін і іх аб’яднанняў. Не засталося без увагі і пытанне ўзмацнення інфармацыйных пагроз.
«Размова атрымалася канструктыўная, добразычлівая, пастаўчане праяўляюць цікавасць да таго, што адбываецца ў краіне і за яе межамі. Прычым водгук на такіх мерапрыемствах заўважны не ў колькасці прыведзеных лічбаў, а ў канкрэтных фактах клопату дзяржавы аб паляпшэнні жыцця грамадзян. Гэтыя сустрэчы яшчэ раз паказалі карысць зваротнай сувязі, калі і адны, і другія атрымліваюць адказ на пытанні, якія іх цікавяць», — падвёў вынікі сустрэчы Сергяенка.
У рамках рабочага візіту ў Паставы Ігар Пятровіч сумесна з кіраўніцтвам раёна таксама наведаў вытворчае ўнітарнае прадпрыемства «Завод Проміс», азнаёміўся з выпускаемай прадукцыяй і сустрэўся з калектывам прадпрыемства.
Фота «Витебские вести»