Top.Mail.Ru

Сергяенка: Наш святы абавязак — не дапусціць скажэння гістарычнай памяці, гістарычнай праўды

Парламенцкія чытанні ў Нацыянальным мастацкім музеі распачалі цыкл мерапрыемстваў з нагоды 80-годдзя Вялікай Перамогі.


Іх тэма — «Ад Брэсцкай крэпасці да Берліна: вытокі мужнасці і гераізму савецкага чалавека». Асветніцкі праект, ініцыянаваны дэпутатамі, накіраваны на больш глыбокае асэнсаванне грамадствам каштоўнасцяў, закладзеных у аснову беларускай мадэлі дзяржаўнасці. На працягу года парламенцкія чытанні плануецца правесці на мемарыяльных комплексах і гісторыка-культурных аб’ектах краіны. 

Як звярнуў увагу Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка, мэта парламенцкіх чытанняў — яшчэ раз вярнуцца да памяці аб Вялікай Айчыннай вайне, скарэкціраваць падыходы да асвятлення многіх фактаў сучаснай гісторыі з улікам важнасці гэтай тэмы асабліва пры выбудоўванні камунікацыі з выбаршчыкамі падчас правядзення грамадска-палітычных мерапрыемстваў. 

«9 Мая — гэта святая дата для кожнага жыхара нашай краіны, — падкрэсліў спікер. — І чым далей у мінулыя грозныя гады адыходзіць Вялікая Айчынная вайна, тым найвялікшым з’яўляецца подзвіг савецкага народа. І тым больш знаходзіцца палітыкаў, рознага кшталту ідэолагаў, якія імкнуцца і апаганіць, і сказіць гістарычную праўду ў выгадным для сябе рэчышчы».

Старшыня Палаты прадстаўнікоў канстатаваў, што Вялікая Айчынная вайна многімі падаецца як частка, фрагмент Другой сусветнай вайны. Адпаведна, па яго словах, указваецца, што вайну развязаў Савецкі Саюз, а выйгралі Злучаныя Штаты Амерыкі, Велікабрытанія і Францыя. Ва многіх заходніх краінах фактычна легалізавана нацысцкае прывітанне. 

«Таму наш святы абавязак — не дапусціць скажэння гістарычнай памяці, гістарычнай праўды, — падкрэсліў Ігар Сергяенка. — Бо менавіта савецкі салдат і савецкі народ вынес асноўны цяжар вайны. Савецкі салдат, падняўшыся ва ўвесь рост, абараніў свет ад карычневай чумы. Менавіта савецкі салдат прайшоў дарогамі вайны з баямі, адступаючы, затым наступаючы, фактычна чатыры гады. Савецкі салдат узняў Сцяг Перамогі над рэйхстагам. І савецкі, а не англійскі, не амерыканскі салдат распісаўся на сцяне павержанага рэйхстага. Вельмі важна казаць аб гэтым моладзі». 

Удзельнікі чытанняў азнаёміліся з культурна-патрыятычным выставачным праектам Нацыянальнага мастацкага музея «Сцяг Перамогі», які прысвечаны святкаванню Вялікай Перамогі і заканчэнню Вялікай Айчыннай вайны. 

«Сімвалічна, што гэта выстаўка праходзіць менавіта пад такой назвай, — лічыць Ігар Сергяенка. — Сцяг — гэта не проста сімвал. Сцяг — гэта ўвасабленне гераізму, доблесці нашых воінаў. З гэтымі сцягамі мільёны савецкіх салдат, падпольшчыкаў, партызан ішлі ў бой, а працаўнікі тылу кавалі ўсё для перамогі над ворагам». 

Старшыня Палаты прадстаўнікоў удакладніў, што Сцяг Перамогі ўвабраў у сябе самыя розныя сцягі. «Гэта і сцяг часці, які быў выратаваны ўдзельнікам абароны Брэсцкай крэпасці сяржантам Семенюком (яго ён знайшоў у 1956 годзе на руінах Брэсцкай крэпасці), — канкрэтызаваў спікер. — Гэты Сцяг Перамогі ўвабраў у сябе і сцягі баявых часцей, якія выходзілі з акружэння ў 1941 годзе і захавалі свае сімвалы. Гэты сцягі ўзнімаліся пры вызваленні нашых гарадоў і сёл, пры заняцці важных і невялікіх вышынь, якія адбівалі ў праціўніка». Вышэйшым увасабленнем мужнасці савецкага народа, па яго словах, з’яўляецца Сцяг Перамогі, які быў узняты над рэйхстагам у ноч на 1 мая 1945 года. 

З тэматычнымі дакладамі на парламенцкіх чытаннях выступілі дэпутаты-гісторыкі Вячаслаў Даніловіч і Ігар Марзалюк, а таксама навуковы супрацоўнік цэнтра ваеннай гісторыі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Павел Ждановіч. Па завяршэнні выступленняў адбыўся абмен думкамі.  

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю