Фальсіфікацыя гісторыі — сур'ёзная пагроза нацыянальнай бяспецы. Пра гэта заявіў першы намеснік старшыні Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Ігар Сергяенка падчас пленарнага пасяджэння маладзёжнага форуму Саюзнай дзяржавы «Роля моладзі ў захаванні і абароне гістарычнай памяці» ў Музеі Славы Магілёўшчыны, перадае БелТА.
Ігар Сяргеенка адзначыў, што сёння неабходна аб’яднаць намаганні для недапушчэння рэабілітацыі нацызму. «Фальсіфікацыя гісторыі як кампанент інфармацыйнай вайны — сур’ёзная пагроза нацыянальнай бяспецы. Мы бачым, як, выкарыстоўваючы самыя сучасныя тэхналогіі, нам спрабуюць навязаць абыякавасць да подзвігаў нашых продкаў, пачуццё віны, непаўнаценнасці ў адносінах да Захаду, тым самым распальваючы нацыяналізм, нянавісць да іншых народаў і русафобію, — падкрэсліў ён. — Для гэтага на Захадзе Савецкі Саюз абвінавачваюць у развязванні Другой сусветнай вайны, а ўсім, хто мае традыцыйныя гістарычныя і сямейныя погляды на перамогу ў Еўропе, забараняюць святое для іх свята. І справа ўжо даходзіць да прыцягнення да крымінальнай адказнасці за святкаванне Дня Перамогі ў тых жа краінах Балтыі».

У суседніх краінах апаганьваюць абеліскі, зносяць помнікі савецкім салдатам, героям-антыфашыстам, — усё гэта робіцца не проста так. «Каб знішчыць памяць, зламаць пераможны дух, веру, унутраны стрыжань і з дапамогай маніпулявання гістарычным мінулым уплываць на грамадскую свядомасць. Палітыкі тых краін, Польшчы і краін Балтыі забыліся, што амаль мільён савецкіх салдат і афіцэраў аддалі свае жыцці, каб знішчыць фашызм на іх тэрыторыях», — сказаў старшыня Палаты прадстаўнікоў.
У процівагу ўсяму гэтаму — аснова каштоўнасцяў, на якіх грунтуецца Саюзная дзяржава. «Братэрства, адзінства, згуртаванасць, імкненне самастойна вызначаць свой лёс. І ў гэтым сіла і праўда беларусаў і расіян, якія немагчыма перамагчы зброяй, немагчыма перамагчы нічым, — падкрэсліў Ігар Сергяенка. — Таму вельмі важна з дапамогай такіх маштабных форумаў адстойваць агульную гістарычную праўду. Гэтая праца знаходзіцца пад самай пільнай увагай парламентарыяў».
Святы абавязак сённяшніх пакаленняў — памятаць і ганарыцца подзвігамі дзядоў і прадзедаў, якія сталі на абарону Айчыны. «Мужнасцю і стойкасцю перамаглі варожую ваенную машыну, паклаўшы на алтар Вялікай Перамогі сваё жыццё, здароўе, маладосць і заслужыўшы падзяку нашчадкаў на вякі, — адзначыў першы намеснік старшыні Парламенцкага сходу. — Іх подзвіг павінен быць часткай кожнай сямейнай гісторыі, што дапаможа ўмацаваць сувязь паміж пакаленнямі, усвядоміць цану свабоды і забяспечыць мір».

Ігар Сергяенка выказаў упэўненасць, што такія форумы стануць сур’ёзным укладам у агульную справу адстойвання гістарычнай праўды, захавання традыцыйных каштоўнасцяў і маральных ідэалаў. «Ён (маладзёжны форум Саюзнай дзяржавы. — Заўв. БелТА) стане магутным ідэйна-патрыятычным падмуркам, важкай пляцоўкай для прафесійнага развіцця ўдзельнікаў, абмену ведамі і ідэямі на прасторы ўсёй Саюзнай дзяржавы, — падсумаваў ён. — Мяркую, што можна разгледзець пытанне аб яго правядзенні на пастаяннай аснове».