У аснове ўсіх заканадаўчых рашэнняў — прынцып справядлівасці
Перад пачаткам пасяджэння Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар СЕРГЯЕНКА, звяртаючыся да дэпутатаў, падкрэсліў, што Прэзідэнт Беларусі ў Пасланні да беларускага народа і Нацыянальнага сходу паставіў шэраг задач, у тым ліку ў сферы заканатворчай дзейнасці, зыходзячы з якіх і будзе выбудавана работа.
Праз прызму інтарэсаў дзяржавы і выбаршчыкаў
«У аснове ўсіх заканадаўчых рашэнняў павінен знаходзіцца прынцып справядлівасці. Кіраўнік дзяржавы неаднаразова падкрэсліваў, што справядлівасць з’яўляецца падмуркам, асновай дзяржавы», — нагадаў Ігар Сергяенка.

Ён таксама адзначыў, што неабходна больш актыўна ўключаць насельніцтва ў абмеркаванне змяненняў у заканадаўстве: «Механізмаў для гэтага дастаткова. Гэта і работа ў выбарчых акругах, са зваротамі грамадзян, правядзенне розных практыка-арыентаваных мерапрыемстваў. Дарэчы, іх на першае паўгоддзе ў нас запланавана больш за 50, у тым ліку вынясенне праектаў на грамадскае абмеркаванне. Зваротная сувязь ад людзей па прыманых заканадаўчых рашэннях — важны элемент у павышэнні якасці і актуальнасці прававой базы».
Каб законы ішлі ў нагу з часам, значным з’яўляецца правядзенне на сістэмнай аснове рэвізіі заканадаўства, падкрэсліў Ігар Сергяенка. Ён пазначыў, што ў адпаведнасці з зацверджаным Прэзідэнтам Беларусі планам падрыхтоўкі праектаў заканадаўчых актаў на 2026 год павінна быць падрыхтавана каля 40 праектаў законаў. Акрамя таго, шэраг законапраектаў будзе ўнесены ў Палату прадстаўнікоў у адпаведнасці з даручэннямі кіраўніка дзяржавы. Па словах спікера, усе планавыя законапраекты ўжо папярэдне размеркаваны паміж камісіямі. Па іх прызначаны адказныя дэпутаты, работнікі сакратарыята. Працягваецца фарміраванне рабочых груп па падрыхтоўцы праектаў.
«Задача дэпутацкага корпуса — выяўленне слабых месцаў, праблемных кропак праектаў, якія рыхтуюцца, яшчэ на стадыі іх унясення ў Палату прадстаўнікоў. Кожны праект павінен быць разгледжаны праз прызму інтарэсаў дзяржавы і выбаршчыкаў, змястоўна адпавядаць палажэнням Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026—2030 гады», — дадаў Ігар Сергяенка.
Мяняецца філасофія адносін да турызмуУ першым чытанні ў аўторак быў прыняты праект закона «Аб змяненні законаў па пытаннях фізічнай культуры, спорту і турызму». Так, з 1 студзеня паўнамоцтвы па дзяржаўным рэгуляванні турыстычнай галіны аддадзены Нацыянальнаму агенцтву па турызме, законапраект замацоўвае гэту мадэль кіравання. Агенцтва будзе ажыццяўляць каардынацыю работы органаў улады, нарматворчасць, прыцягваць інвестыцыі, а таксама прасоўваць турыстычны патэнцыял Рэспублікі Беларусь на ўнутраным і знешнім рынку.
Як расказала член Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Вольга СЦЕПУСЬ, яшчэ адна навацыя заключаецца ў тым, што змяняецца філасофія адносін да турызму: «Турызм ужо больш не з’яўляецца сацыяльнай сферай, а з’яўляецца паўнавартаснай галіной эканомікі. Яго доля і ўклад у ВУП краіны могуць і павінны быць значна вышэйшымі. Для гэтага ў нас ёсць усё: прыродны, прамысловы і культурны патэнцыял. Акрамя таго, ствараюцца ўмовы для абнаўлення сучаснай турыстычнай інфраструктуры. Законапраект вызначае базу для стварэння аб’ектаў турыстычнай індустрыі, напрыклад, сродкаў размяшчэння, пляжаў, экскурсійных турыстычных маршрутаў, будуць стварацца ўмовы для абнаўлення. Акрамя гэтага, уводзіцца паняцце «Нацыянальны турыстычны маршрут».
Дзейнасць філіялаў замежных банкаў і дактыласкапічная рэгістрацыя
У першым чытанні прыняты праект закона «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі». Як адзначыў першы намеснік старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Андрэй КАРТУН, асноўная мэта прыняцця змяненняў — аднаўленне прававога рэгулявання адносін, звязанае з дзеяннем філіялаў замежных банкаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь пры правядзенні валютных і валютна-абменных аперацый: «Па сутнасці, сёння замежны банк можа адкрыць у нашай краіне філіял у адпаведнасці з пэўнымі патрабаваннямі заканадаўства, але ажыццяўляць валютныя аперацыі, валютна-абменныя аперацыі, адкрываць і весці рахункі кліентаў забаронена, не прадугледжана. Таму эканамічны сэнс адкрыцця такіх філіялаў губляецца і, адпаведна, няма ніякага стымулу прысутнічаць на беларускім фінансавым рынку філіялам замежных банкаў. Таму з мэтай прывядзення ў адпаведнасць закона з Банкаўскім кодэксам і ліквідацыі гэтай нявызначанасці, звязанай з ажыццяўленнем банкаўскіх аперацый, валютна-абменных і іншых, прапануецца ўвесці адпаведныя змены».
У другім чытанні прыняты законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі». Законапраект накіраваны на ўдасканаленне парадку ажыццяўлення дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі, праваадносін, звязаных з аховай Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь, становішчам замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў нашай краіне.
Як патлумачыў член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы Міхаіл Аксянюк, асноўныя навацыі закона ў тым, што органы пагранічнай службы надзяляюцца паўнамоцтвамі правядзення дактыласкапічнай рэгістрацыі грамадзян пры перасячэнні дзяржаўнай граніцы. Таксама вызначана катэгорыя грамадзян, якія будуць падвяргацца дактыласкапічнай рэгістрацыі. Акрамя таго, прадастаўлена права супрацоўнікам органаў пагранічнай службы і службовым асобам мытных органаў правядзення асабістага надгляду грамадзян і надгляду рэчаў, якія знаходзяцца пры іх, у тым ліку з дапамогай тэхнічных і спецыяльных сродкаў, пры ажыццяўленні пагранічнага кантролю.
«У дачыненні да замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія з’яўляюцца высокакваліфікаванымі работнікамі, прапануецца адмяніць патрабаванне аб трохгадовым тэрміне бесперапыннага пражывання ў Рэспубліцы Беларусь для атрымання імі дазволу на пастаяннае пражыванне», — сказаў Міхаіл Аксянюк, прадстаўляючы законапраект.
У першым чытанні таксама быў прыняты законапраект «Аб ідэнтыфікацыі, рэгістрацыі, прасочвальнасці жывёл (статкаў), ідэнтыфікацыі і прасочвальнасці прадуктаў жывёльнага паходжання».
Ратыфікавана таксама пагадненне паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Султаната Аман аб узаемнай адмене віз.
Яна ВАЛАСАЧ, фота БелТА