Тэма гандлёвага абслугоўвання ў сельскай мясцовасці, якая знаходзіцца пад пільнай увагай кіраўніка дзяржавы. Патрабаванне Прэзідэнта: для людзей у вёсцы асартымент, цэны, якасць не павінны адрознівацца ад тых, што маюць гараджане.
Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў Брэсцкай вобласці Міхаіл Русы з гэтай нагоды наведаў Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці. Сенатар праінспектаваў работу аўтакрам, асартымент прадукцыі і цэны ў сельскіх магазінах, наведаў сховішчы для агародніны фермерскай гаспадаркі «Бацькоўскі фальварак» і Івацэвіцкага раённага спажывецкага таварыства, дзе азнаёміўся з вынікамі расходавання стабфондаў тавараў для рэспубліканскіх дзяржаўных патрэб.
«На райспажыўсаюзы ўскладзена сацыяльная функцыя»
Міхаіл Русы падкрэсліў, што на райпо ўскладаецца сацыяльная функцыя па забеспячэнні вяскоўцаў неабходнымі ім прадуктамі. Пільная ўвага вёскам, у якіх няма стацыянарных магазінаў. Туды некалькі разоў на тыдзень прыязджаюць аўтакрамы. «Людзі павінны мець магчымасць купіць усё, што яны хочуць. Выкарыстоўваецца схема заказу тавараў. Але гэта вельмі дарагое задавальненне для арганізацыі, таму на райспажыўсаюзы ўскладзена сацыяльная функцыя, — падкрэсліў старшыня Пастаяннай камісіі. — Прэзідэнт трымае гэта на пастаянным кантролі. Аказваецца сур’ёзная падтрымка спажыўкааперацыі з боку дзяржавы, каб кампенсаваць выдаткі — і каб людзі нават у самым маленькім населеным пункце атрымлівалі тое, што ім неабходна. Можна разлічыцца наяўнымі грашыма, карткай. Нязручнасцяў людзі не павінны адчуваць».
Міхаіл Русы азнаёміўся з асартыментам сельмага ў аграгарадку Любішчыцы, у якім пражывае больш за тысячу чалавек. Акрамя таго, па пакупкі сюды прыходзяць дачнікі, вадзіцелі. «Стараемся задавальняць усе патрэбы насельніцтва, прапаноўваем скідкі на сацыяльна значныя тавары. Працуем па заяўках — любы тавар можам прывезці. Асартымент пашыраны. У нас вельмі вялікі выбар уласнай вытворчасці: каўбасных вырабаў, паўфабрыкатаў, спецый, кандытарскіх вырабаў. Мясцовыя тавары людзі вельмі добра бяруць. У краме таксама ёсць аддзел кулінарыі», — пералічыла дырэктар філіяла «Аптовая база» Івацэвіцкага райпо Таццяна Абрамчук.
«Павінен быць рэальны прадукт, даступны тавар з суадносінамі «цана — якасць»
«Калі браць канкрэтны рэгіён, то скажу, што ёсць поўнае задавальненне ад таго, што патрабаванні, якія кіраўнік дзяржавы паставіў перад урадам і мясцовымі органамі ўлады, выконваюцца, — заявіў Міхаіл Русы. — Як гаворыць Прэзідэнт, людзей статыстыкай і лічбамі не кормяць. Павінен быць рэальны прадукт, даступны тавар з суадносінамі „цана — якасць“. Напрыклад, у гэтай краме аграгарадка даволі шырокі асартымент, 95 % тавараў айчынных, высокай якасці, даступныя для людзей. Такому, думаю, нават цэлы шэраг гарадскіх крам можа пазайздросціць».
Паводле яго слоў, Івацэвіцкае райпо можа быць прыкладам для іншых у перапрацоўцы сыравіны і вытворчасці ўласнай прадукцыі.
У праграму Міхаіл Русы таксама ўключыў наведванне агароднінасховішчаў, каб азнаёміцца з тэмпамі расходавання стабілізацыйных фондаў. «Гісторыя мінулага года. Пры багацці плодаагародніннай прадукцыі раптам у крамах яе не аказалася. Мякка кажучы, гэта сабатаж гандлю быў. Гэта першае, — адзначыў парламентарый. — Другое — бяззубасць улад. Мясцовыя ўлады павінны былі зрабіць усё, каб на працягу сутак усё было напоўнена. Таму кіраўніком дзяржавы быў прыняты указ, вызначаны аб’ёмы (бульбы, морквы, капусты, іншай агародніны), спажыўцы, вытворцы. Вызначылі цану, усё ўзялі на кантроль». Міхаіл Русы звярнуў увагу на ўмовы захоўвання плодаагародніннай прадукцыі і яе якасць, як ідзе выбарка.
«Прэзідэнтам пастаўлена задача: кожную капейку ўзяць пад кантроль»
Парламентарый таксама расказаў пра свае чаканні ад рэалізацыі праграмы развіцця раёнаў Прыпяцкага Палесся да 2030 года. У яе ўваходзяць 5 раёнаў Гомельскай вобласці і 4 раёны Брэсцкай вобласці. «Даволі сур’ёзная ўвага ўдзяляецца гэтаму развіццю рэгіёнаў. Сур’ёзны вынік будзе, — перакананы Міхаіл Русы. — Мы ў кіраўніка дзяржавы, калі разглядалі вынікі работы за 2025 год, намецілі мерапрыемствы, распісалі сродкі. Прэзідэнтам пастаўлена задача: кожную капейку ўзяць пад кантроль, акумуляваць усе сродкі, вылучыць асноўныя групы і кірункі — меліярацыя, уцягванне ў абарот зямель, дарожная сетка, турыстычны комплекс».
Паводле слоў сенатара, Прыпяцкае Палессе — гэта ўнікальны турыстычны край. Акрамя таго, усе ўрадлівыя землі павінны быць уключаны ў абарот. «Развіццё малочнай вытворчасці, вытворчасць буйной рагатай жывёлы. Вызначана дзевяць гаспадарак, якія павінны выйсці на паказчыкі „Парахонскага“. Яны ўзятыя за базу, — заўважыў Міхаіл Русы. — Калі сумарна, што па вёсцы плануем атрымаць, гэта цалкам рэальна. Да 2030 года, калі гэтыя раёны выканаюць праграму, яны дадуць мільён тон малака, мільён тон збожжа з кукурузай, 100 тысяч тон ялавічыны. Гэта, лічыце, як адна з трох абласцей — Віцебская, Магілёўская або Гомельская».
Каментуючы рашэнне кіраўніка дзяржавы аб уцягванні ў абароты і эфектыўным выкарыстанні будынкаў і збудаванняў, якія не выкарыстоўваюцца, Міхаіл Русы адзначыў: «Як нідзе ў рэгіёнах Палесся і Брэстчыны паднялася моладзь. Бяруць зямельныя ўчасткі для вытворчасці ягад: клубніцы, дурніцы, ажыны. Проста бум пайшоў!
Таму мясцовым органам улады якраз трэба ўважліва глядзець, не шкадаваць, выдзяляць гэтыя зямельныя ўчасткі».
Падрыхтаваў Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА