Галоўны прынцып — справядлівасць
Уменне быць надзейнай апорай для сям’і, калектыву, грамадства, не баяцца браць на сябе адказнасць. Менавіта ў гэтым і крыецца сіла беларускіх жанчын, пераканана член Савета Рэспублікі, генеральны дырэктар Гомельскага РУП «Фармацыя», дэпутат абласнога Савета дэпутатаў, старшыня Гомельскага абласнога аб’яднання Беларускага саюза жанчын Людміла Сапега. Яна заахвочвае і сваім прыкладам паказвае, як заставацца энергічнай, дзейнай, здольнай вырашаць задачы любой складанасці.
З павагай да людзей і прафесіі
З Гомельшчынай у Людмілы Анатольеўны звязана ўсё жыццё, але не толькі з абласным цэнтрам. Яе малая радзіма — вёска Целяшы Гомельскага раёна.
— Дзе б я ні была, гэтыя мясціны застаюцца прасторай, куды хочацца вяртацца за душэўным спакоем. Там дыхаецца больш павольна, паветра пахне свежасцю. Захапляюць людзі — працавітыя, якія любяць сваю зямлю, якія ўмеюць шанаваць простыя радасці і падтрымліваць адзін аднаго, — расказвае Людміла Сапега.

Менавіта з бацькоўскага дома яна вынесла важныя жыццёвыя прынцыпы, якія сёння дапамагаюць ёй у кіраванні вялікім калектывам:
— У бацькоў нас было трое. Ніколі не прысутнічаў татальны кантроль, але было дакладнае разуменне таго, хто і што павінен рабіць. У сваёй рабоце будую такую ж сістэму. Нагадваю, што якасць агульнага выніку залежыць ад кожнага, і працаваць трэба сумленна — так, як гэта прынята ў моцнай сям’і. Ад бацькоў пераняла прынцып безумоўнай павагі да людзей, і няважна, якую пасаду займае чалавек, якую выконвае працу,— кіраўнік ён ці малады спецыяліст. Мы праводзім на працы большую частку жыцця, і мне важна, каб супрацоўнікі прыходзілі на працоўнае месца з лёгкім сэрцам.
Сама Людміла Анатольеўна прыйшла ў прафесію ў няпросты час. Сярэдзіна 1990-х была сур’ёзным выпрабаваннем для ўсёй аптэчнай сістэмы: не хапала прэпаратаў, шматлікія лекі выраблялі ўручную, фасавалі парашкі, рыхтавалі мазі, мікстуры. Нагрузка на спецыялістаў была вялізнай.

— Зараблялі няшмат, але заставаліся верныя сваёй прафесіі. Менавіта тады, у сярэдзіне 1990-х, калі беларускі народ абраў сваім Прэзідэнтам Аляксандра Лукашэнку, і пачала нараджацца тая моцная сістэма аховы здароўя, якую мы бачым сёння. Мы вучыліся цаніць кожны рэсурс, хутка прымаць рашэнні, — узгадвае сенатар.
Па яе словах, ужо на пачатку яе станаўлення ў прафесіі прыйшло разуменне, што дзяржаўная аптэчная сістэма — гэта значна больш, чым проста гандаль лекамі. Асабліва ў аддаленых раёнах, у сельскіх населеных пунктах аптэка застаецца вельмі важным аб’ектам, дзе чалавек можа своечасова атрымаць неабходную дапамогу.
Камандны дух
Для Людмілы Анатольеўны, якая прайшла ў прафесіі шлях ад правізара да генеральнага дырэктара гандлёва-вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства і пад кіраўніцтвам якой сёння працуе каля паўтары тысячы чалавек, галоўнымі прынцыпамі ў рабоце застаюцца клапатлівыя, тактоўныя і справядлівыя адносіны да людзей. Для яе важна захаваць не толькі дысцыпліну, але і адчуванне каманды.
Прафесія фармацэўта і правізара выходзіць далёка за рамкі простай выдачы лекаў, гэта глыбокае псіхалагічнае ўзаемадзеянне з пакупніком, лічыць яна:
— У аптэку людзі рэдка прыходзяць у добрым настроі. Таму важна ўмець не толькі дапамагчы з выбарам прэпарата, але і спакойна паразмаўляць, падтрымаць чалавека. Пры гэтым сама прафесія за апошнія гады сур’ёзна змянілася. Фармацыя сёння патрабуе пастаяннага навучання, ведання новых тэхналогій, аналітычнага мыслення, умення хутка арыентавацца ў вялізным аб’ёме інфармацыі.

Бачыць чалавека
Сенатарская дзейнасць стала для жанчыны працягам прафесійнага шляху. Праца са зваротамі грамадзян, удзел у абмеркаванні законапраектаў патрабуюць не толькі кіраўніцкага вопыту, але і ўмення за афіцыйным дакументам бачыць чалавека.
У юнацтве Людміла Анатольеўна марыла стаць настаўнікам рускай мовы і літаратуры. Аднак гуманітарны пачатак у яе натуры нікуды не знік. Любоў да слова дапамагае ў заканатворчасці і не толькі.
— Для сенатара слова — галоўная прылада. Дакладнасць фармулёвак крытычна важная пры распрацоўцы законапраектаў, дзе любая двухсэнсоўнасць або недакладна пастаўленая коска могуць сказіць сутнасць нормы. Акрамя таго, уменне казаць пераканаўча, ясна і шчыра дапамагае знаходзіць агульную мову з самымі рознымі аўдыторыямі, а кнігі навучылі мяне суперажываць і бачыць свет шматгранным, — тлумачыць яна.
Вядома, сумяшчаць кіраўніцтва прадпрыемствам, дзейнасць у Савеце Рэспублікі і заставацца пры гэтым клапатлівай маці — задача, якая патрабуе каласальнай унутранай дысцыпліны. На пытанне аб тым, дзе яна чэрпае сілы, Людміла Сапега адказвае проста: ва ўменні пераключацца, а сям’я, надзейныя сябры і ўласнае здароўе — той тыл, які дае сілы ў самыя цяжкія часы.
— Унутраны баланс — гэта дынамічны працэс. Калі я на пасяджэнні Савета Рэспублікі, то цалкам паглыблена ў працэс. Калі вяду асабісты прыём грамадзян — для мяне не існуе нічога, акрамя праблемы чалавека, які сядзіць насупраць. Змена відаў дзейнасці сама па сабе служыць крыніцай адпачынку. Час з сям’ёй — мая падзарадка. Дома, з блізкімі перазагружаюся. Аднаўляць энергію дапамагаюць плаванне, вячэрняе чытанне мастацкай літаратуры, якое пераключае розум ад стратэгічных разлікаў і пераносіць у свет творчасці. Мне таксама дапамагае дакладнае планаванне наступнага дня. Калі планы распісаны, мозг расслабляецца, ведаючы, што ўсё пад кантролем, — дзеліцца сакрэтамі падтрымання жыццёвай энергіі сенатар.
Мяккая сіла
У фінале нашай размовы мы папрасілі Людмілу Анатольеўну даць парады беларускім жанчынам розных узростаў, прафесій, якія імкнуцца быць творчымі захавальніцамі сямейнага ачагу, пры гэтым хочуць рэалізаваць сябе ў грамадскай дзейнасці.
— Беларусь заўсёды трымалася на моцных духам, мудрых і чулых жанчынах. Не бойцеся заяўляць аб сваіх ідэях і рабіць першы крок. Карыснасць для краіны пачынаецца з унутранай гармоніі, сям’і, выхавання дзяцей і гатоўнасці браць адказнасць. У беларускіх жанчын ёсць асаблівая якасць — мяккая сіла. Мы ўмеем бачыць, дамаўляцца і чуць адна адну. І гэты патэнцыял важна рэалізоўваць у грамадскім жыцці. Галоўнае — абраць кірунак, які сапраўды вам блізкі, і не спрабаваць вырашыць усё ў адзіночку. Сёння ў краіне ёсць усе магчымасці для жаночага лідарства. І жанчына-лідар прыцягвае сваёй унутранай энергіяй, упэўненасцю ў сабе і ясным разуменнем таго, дзеля чаго яна працуе.
Наталля КАПРЫЛЕНКА