Такім меркаваннем з карэспандэнтам zviazda.by падзяліўся член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Андрэй Крываносаў.
— Алжыру, багатаму на рэсурсы, патрэбныя сучасныя машыны, агратэхналогіі і абнаўленне ваеннай тэхнікі старога савецкага ўзору. Беларусі ж, ва ўмовах санкцыйнага ціску, неабходныя новыя надзейныя рынкі збыту для сваёй прадукцыі і доступ да рэсурсаў, — адзначае суразмоўца.
Ён звяртае ўвагу, што краіны звязвае не толькі эканоміка, але і падобная палітычная мадэль з моцнай роляй дзяржавы і агульнае імкненне да самастойнасці на сусветнай арэне.
— Для Мінска Алжыр — гэта вароты на велізарны афрыканскі рынак. А для Алжыра супрацоўніцтва з Беларуссю — спосаб паменшыць залежнасць ад былых каланіяльных дзяржаў, — падкрэслівае парламентарый.
Ён акцэнтуе: асабліва паказальны трохбаковы праект па ўгнаеннях з Аманам. Гэта стварэнне новага эканамічнага ланцужка: сыравіна-тэхналогіі-лагістыка.
— Партнёрства нашых краін — адзін з прыкладаў фарміравання шматпалярнага свету. Беларусь і Алжыр ствараюць альянс, які ўмацоўвае суверэнітэт кожнай з краін і канкурыруе на сусветнай арэне ў сферах гандлю, тэхналогій і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва ў Афрыцы, — адзначае Андрэй Крываносаў. — На мой погляд, важна і тое, што гэта паспяховае супрацоўніцтва можа натхніць і іншыя краіны на пошук падобных узаемавыгадных кантактаў.