1. Узгадаць пра лета
Халадэча за акном — не падстава для засмучэння: «Мая Беларусь» дае магчымасць «акунуцца ў лета». Экалагічная інсталяцыя «Поры года» дазваляе ўзгадаць гукі і водары беларускага лета. «Тэрапеўтычны эфект» гарантаваны.
2. Атрымаць крутыя фота і відэа
Сёлета адзін з асноўных акцэнтаў выстаўкі — фотазоны, якія тут амаль на кожнай лакацыі. Галоўная з іх пры ўваходзе — вялікая карта Беларусі, дзе пазначаны рэкі, азёры, лясы і знакавыя аб’екты, пабудаваныя ў сталіцы і рэгіёнах за гады незалежнасці. Яна ўжо стала знакамітай, як і магутны дуб з яе зваротнага боку. Але нямала і выдатных фотазон, якія яшчэ не растыражаваны ў сацсетках. Жадаеце рэтра? Вось утульная канапа, дыван на сцяне, радыёла і стары тэлевізар. Футурызм і інтэр’еры будучыні? Калі ласка, разумны прыпынак са штучным інтэлектам. Ёсць «сезонныя» фотазоны — напрыклад, чароўная зімовая з белым аленем або рамантычная восеньская. З палаткай і лодкай або са спелымі каласамі... Ёсць фотазоны «геаграфічныя» (у экспазіцыі, прысвечанай турызму). Індустрыяльная тэматыка? Фотазона «Ліцейка» з касцюмам сталявара і «жывой статуяй». Тут можна зняць цэлую фотасесію!
3. Спланаваць летні адпачынак
Экспазіцыі, якая прысвечана турызму, адведзена малая (а па факце, вельмі нават вялікая) зала. Прадстаўлены ўсе 13 відаў турызму і багатая рэгіянальная гісторыка-культурная спадчына. Кожная вобласць экспануе свае найбольш каштоўныя рэсурсы, робіць акцэнт на самыя развітыя віды турызму і адпачынку — ад эка- да гастраноміі, ад культурнага да прамысловага або актыўнага. Санаторыі і музеі, велатрасы і экасядзібы, нацыянальныя паркі і замкі... VR-акуляры і тэхналогіі дапоўненай рэальнасці дазваляюць убачыць усё гэта амаль «ужывую», але, паверце, вам захочацца пабываць у многіх месцах у рэальнасці. На выстаўцы, дарэчы, адразу можна набыць туры і экскурсіі.
4. Загадаць жаданне
У экспазіцыі шырока прадстаўлены нацыянальныя паркі. У прыватнасці, на стэндзе Белавежскай пушчы яшчэ не позна, седзячы на троне Дзеда Мароза, загадаць сваё запаветнае жаданне. І чаму б яму не споўніцца?..
5. Выбраць... прафесію
«Мая Беларусь» прадугледжвае мноства цікавых актыўнасцяў для наведвальнікаў з дзецьмі розных узростаў — квэсты і міні-лабараторыі, а таксама «Капялюш выбару» з робатам-дарадцам па прафесіях. У экспазіцыйнай зоне Нацыянальнай акадэміі навук і Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях акцэнт сёлета зроблены менавіта на навуковыя дасягненні ўстаноў вышэйшай адукацыі. Прадстаўлены распрацоўкі ВНУ, а таксама рэзідэнтаў тэхнапаркаў і Парка высокіх тэхналогій.
Можна апрабаваць навігацыйную сістэму Belarus TTZ для трактароў з ШІ-памочнікамі «Лічбавы інжынер» і «Лічбавы аграном» праз трэнажор і VR-акуляры. А можна, напрыклад, адпрацаваць палёты і манеўры з дапамогай комплексу для навучання аператараў БПЛА. Для школьнікаў (але будзе цікава і дарослым!) студэнты праводзяць вопыты па хіміі і фізіцы, псіхафізіялагічнае тэсціраванне ў VR. У тэматычнай зоне «Тэхналогіі бяспекі» прадстаўлены прафарыентацыйныя матэрыялы па спецыялізаваных ліцэях і ВНУ МУС і МНС. І можна паспрабаваць сябе ў інтэрактывах.
6. Заняць дзяцей
Тут знойдзе сабе занятак па інтарэсах кожны. Будаваць дом з кубікаў, гуляць у шахматы, маляваць або катацца з горкі (горка — у зоне «Падмурак трываласці»). Дашкаляты могуць пакатацца і на машынках, адначасна знаёмячыся з дарожнымі знакамі і разметкай, а дзіця старэйшага ўзросту ацэніць VR-сімулятар гонкі на МАЗе. Можна паглядзець мультсерыял «Мэта 99», які даступна тлумачыць дзецям, як правільна сартаваць камунальныя адходы, а таксама пагуляць у відэагульні або пабываць у «філіяле заапарку», дзе, напрыклад, пагладзіць ручнога сурыката.
7. Адчуць на далонях «зорны пыл»
«Фішка » гэтага года — унікальныя, эксклюзіўныя экспанаты, якія дэманструюцца шырокай грамадскасці вельмі рэдка: ад скафандра Марыны Васілеўскай, які пабываў у космасе, да навуковых аб’ектаў, прывезеных беларускай экспедыцыяй з Паўночнага Полюса. На выстаўцы вы даведаецеся аб найноўшых айчынных распрацоўках абсалютна ва ўсіх сферах. Напрыклад, аб новых магчымасцях нашай медыцыны, аб новых распрацоўках BELGEE, інавацыйных рашэннях ATLANT і «Гарызонт» (і, магчыма, нават запланаваць на бліжэйшую будучыню набыццё навінкі). Ці, скажам, пра тое, як у Беларусі вырошчваюць ізумруды і дзе іх можна набыць (8 Сакавіка не за гарамі!). Блок «Разумнае земляробства» распавядае ў тым ліку і аб прадуктах харчавання: новых гатунках сыроў, каўбас, кандытарскіх вырабаў. Некаторых з найноўшых распрацовак, пра якія вы даведаецеся, яшчэ нават няма ў продажы. А вы будзеце ў курсе, што шукаць на прылаўках праз месяц-два.
Аляксандра Анцэлевіч
Фота Лізаветы Голад