Top.Mail.Ru

«Трэба адраджаць гэтыя землі»

Падрабязнасці камандзіроўкі Прэзідэнта ў Нараўлянскі раён



У фінальны дзень візіту на Гомельшчыну кіраўнік дзяржавы наведаў шэраг сельскагаспадарчых аб’ектаў Нараўлянскага раёна, а таксама прадпрыемства «Чырвоны Мазыранін». У цэнтры ўвагі беларускага лідара традыцыйна знаходзіліся некалькі пытанняў. Гэтым разам — пасяўная, работа малочнатаварнага і зернесушыльнага комплексаў, гатоўнасць тэхнікі да сельскагаспадарчага сезона, развіццё кандытарскай галіны. 

«Для краіны гэта высокі ўзровень земляробства» 

Прыбыўшы ў Нараўлянскі раён, кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, колькі на гэтых землях будзе малочна-таварных комплексаў. Старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко далажыў, што адзін МТК ужо пабудаваны, яшчэ два плануюцца да ўзвядзення. 

«Тры комплексы цалкам зоймуць землі Нараўлянскага раёна?» — удакладніў Прэзідэнт.  

Па словах губернатара, акрамя новых МТК, функцыянуюць і старыя — усе яны, як запэўніў Іван Крупко, прыведзены ў парадак.  

Аляксандр Лукашэнка спытаў, ці дастаткова зямель на тры новыя малочна-таварныя комплексы. Старшыня Гомельскага аблвыканкама адзначыў, што МТК поўнасцю будуць забяспечаны двухгадовым запасам кармоў.  

Першым пунктам у маршруце Прэзідэнта стаў малочна-таварны комплекс аддзялення «Будкі» КСУП «Эксперыментальная база «Крынічная». Тут кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з работай малочна-таварнага комплексу на 600 галоў дойнага статка і далейшым развіццём малочна-таварнай вытворчасці за кошт будаўніцтва новага комплексу. 

Эксперыментальная база «Крынічная» з’яўляецца буйной сельскагаспадарчай арганізацыяй. Яна спецыялізуецца на вытворчасці элітнага насення збожжавых культур, бульбы, вытворчасці, дапрацоўцы і рэалізацыі насення кукурузы, вытворчасці буйной рагатай жывёлы. У склад сельгаспрадпрыемства ўваходзіць малочнатаварная ферма «Будкі», уведзеная ў эксплуатацыю ў 2024 годзе. У цяперашні час тут утрымліваецца 927 галоў жывёлы, 600 з іх — малочныя каровы.  

Гаворачы аб перспектывах, Іван Крупко далажыў, што новы комплекс, які гаспадарка плануе пабудаваць, будзе разлічаны на 3112 галоў. Дырэктар КСУП «Эксперыментальная база «Крынічная» Мікалай Рубаха ўдакладніў, што на комплексе будзе ўтрымлівацца 1200 дойных кароў. Па яго словах, пры выхадзе комплексу на поўную магутнасць сельгаспрадпрыемства штодзённа будзе прадаваць 40 тон малака. У цяперашні час рэалізацыя гэтага прадукту ў два разы меншая. Кіраўнік гаспадаркі расказаў і аб іншых планах, звязаных з развіццём гаспадаркі. Асобна размова зайшла аб важнасці арганічных угнаенняў для павышэння ўрадлівасці глебы.  

Прэзідэнт удакладніў, у якім раёне размяшчаецца эксперыментальная база «Крынічная». Як высветлілася, у Мазырскім, але на нараўлянскіх землях, якія ў сярэдзіне 2010-х гадоў былі перададзены Мазыршчыне.  

Аляксандр Лукашэнка памятае, як прымаліся гэтыя рашэнні. «Дворнік (Уладзімір Дворнік, губернатар Гомельскай вобласці ў 2010–2019 гадах. — „Зв“.) тады прасіў, — удакладніў кіраўнік дзяржавы. — „Ну, бяры“. Але справіліся з гэтымі землямі». 

«Справіліся!» — пацвердзіў цяперашні губернатар. 

Прэзідэнт пацікавіўся, колькі насельніцтва пражывае ў Нароўлі. Кіраўніка дзяржавы праінфармавалі, што непасрэдна ў горадзе — каля 8900 чалавек, 1600 жыхароў — у сельскай мясцовасці.  

«Калі вы будзеце гаспадарыць на зямлі так, як (цяпер. — „Зв“.): і меліярацыйныя работы вы правялі і ўвогуле за Прыпяццю ідэальна, — даў станоўчую ацэнку ўбачанаму беларускі лідар. — Увогуле для краіны. Не толькі для прыпяцкіх раёнаў. Для краіны гэта высокі ўзровень земляробства на гэтых землях. Вельмі высокі ўзровень. Калі гэта так усюды». 

«Робім усё, каб было ўсюды, — заўважыў Іван Крупко. — Зразумела, ёсць над чым працаваць».  

«Трэба працаваць, — пацвердзіў Прэзідэнт. — І ён (кіраўнік гаспадаркі. — „Зв“.) мае рацыю — без арганікі жыць немагчыма. Тым больш, вы ж кукурузу сееце ў асноўным. Арганіка патрэбна. Арганіка — гэта жывёлы. Ну, а шчыльнасць жывёлы... Трэба каб кармы былі». 

Як запэўніў Мікалай Рубаха, кармоў у сельгаспрадпрыемстве хапае.  

«Трэба адраджаць гэтыя землі, — паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка. — Чаго б там ні каштавала, трэба вярнуцца да тых зямель, якія ў нас былі ў савецкія часы. І мы можам гэта зрабіць».  

«Трэба сеяць» 

Падчас наведвання гаспадаркі зайшла размова пра сяўбу. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся рэальнай карцінай вясенніх палявых работ у цэлым у краіне, а таксама на Гомельшчыне і ў Нараўлянскім раёне.  

Як далажыў кіраўніку дзяржавы міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў, на цяперашні час у Беларусі практычна завершана сяўба ранніх яравых культур. У Віцебскай вобласці засталося засеяць 8 тысяч га, але да 1 мая гэтыя работы плануецца завяршыць. Што тычыцца яравой сяўбы ўвогуле, то на 27 красавіка яна ажыццёўлена напалову. Па словах міністра, ужо амаль завершана сяўба цукровых буракоў і лёну-даўгунцу, пасеяна пятая частка кукурузы ад запланаванага аб’ёму. У сувязі з умовамі надвор’я пасадку бульбы толькі пачалі. 


«Трэба, каб была падрыхтавана глеба, — маючы на ўвазе завяршэнне вясенніх палявых работ, паставіў задачу Прэзідэнт. — Глеба падрыхтавана — дзень і ноч можна папрацаваць і пасеяць. Проста трэба з людзьмі працаваць у гэтым плане. Я не бачу праблем тут асаблівых. І потым, на наступным тыдні абяцаюць у нас пацяпленне рэзкае. Таму калі зерне цяпер будзе ў зямлі ляжаць, у грунце, яно „выстраліць“ актыўна да пацяплення. Таму цягнуць ужо не трэба. Трэба сеяць». 

Старшыня Гомельскага аблвыканкама праінфармаваў Прэзідэнта аб вясенніх палявых работах у цэлым у рэгіёне. Ён агучыў тэрміны, калі павінны быць пасеяны канкрэтныя культуры.  

«Самае галоўнае, Іван Іванавіч, план ты вызначыў, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Нармальны, рэальны план для ўраджаю. Трэба абавязкова яго выканаць. Не трэба слухаць нейкія адгаворкі. Паложана да гэтага часу — памрыце, але зрабіце! Няхай ноччу сеюць».  

«Патрэбны сістэма, арганізацыя і чалавечае стаўленне да жывёлы» 

Асобна зайшла размова аб развіцці жывёлагадоўлі ў рэгіёне. Па словах губернатара, на Гомельшчыне будзе пабудавана 160 прафілакторыяў на 26 тысяч цялят. 46 ужо пабудавана летась.  

«Але май на ўвазе: прафілакторыі — гэта не пазбаўленне ад усіх праблем, звязаных з падзяжом жывёлы, — папярэдзіў губернатара кіраўнік дзяржавы. — Трэба і іншыя пытанні вырашаць. І ветэрынарыя — гэта таксама не галоўнае. Лячыць жывёлу — гэта не чалавека. Патрэбны сістэма, арганізацыя і чалавечае стаўленне да жывёлы». 


Пры будаўніцтве прафілакторыяў Аляксандр Лукашэнка заклікаў прытрымлівацца тэхналогій. «Не трэба выдумляць нічога тут і выдаткоўваць лішнія грошы», — дадаў ён.  

У якасці параўнання Прэзідэнт прывёў цялятнік у ААТ «Агра-Ляскавічы», які напярэдадні наведваў. «Юрый Віктаравіч, усё, як у цябе, толькі ў два разы танней», — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да кіраўніка спраў Прэзідэнта Юрыя Назарава. 

Іван Крупко далажыў, што ў 2021 — 2025 гадах на Гомельшчыне былі пабудаваны 22 комплексы. У цяперашні час 14 з іх ужо функцыянуюць. Яшчэ два МТК будуць уведзены ў эксплуатацыю ў бліжэйшыя дні. Да 2030 года на тэрыторыі вобласці запланавана пабудаваць яшчэ 27 МТК.  

«Комплексы мы пабудуем — гэта ўжо не праблема. А жывёлай мы ўкамплектуем іх?» — удакладніў кіраўнік дзяржавы ў губернатара і атрымаў станоўчы адказ.  

Праінфармаваў Іван Крупко і аб планах па нарыхтоўцы кармоў: у год на Гомельшчыне плануецца будаваць па 100 траншэй для захоўвання кармоў.  

«Мы нарыхтоўваем кармы — як я гавару, замест сенажу гнілаж атрымліваем, — заўважыў Прэзідэнт. — Таму павінны быць сховішчы нармальныя». 

Азнаёміўшыся з работай малочна-таварнага комплексу, Аляксандр Лукашэнка даў станоўчую ацэнку ўбачанаму. «Вельмі дарагі комплекс, вядома, шыкоўны комплекс, — канстатаваў ён. — Такія мы ўсюды не пабудуем». 

Прэзідэнт яшчэ раз нагадаў аб сваім патрабаванні, што пры будаўніцтве МТК трэба эканоміць сродкі. «Дорага, вядома, дорага, — заўважыў ён. — Трэба імкнуцца ўтанніць гэта (будаўніцтва МТК. — „Зв“.). Агароджа як у Палацы Незалежнасці. Сянажныя навесы — жалезабетон такі, што ні адзін беспілотнік і нават ядзерны выбух не возьме. Грошы не лічаць. Таму трэба лічыць грошы. Гэта вельмі дарагі комплекс. Можна сказаць, ён за свае грошы гэта зрабіў. Але ўсё роўна... Як за свае, калі мы даціруем сельскую гаспадарку? Усё роўна трэба эканоміць». 

Кіраўнік дзяржавы арыентуе на вяртанне ў сельгасабарот зямель, якія пацярпелі пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. «Гэтыя так званыя чарнобыльскія землі, — удакладніў ён. — Так званыя, бо я памятаю, як тады палітыку рабілі на гэтым. Павыводзілі (зямлі з абароту. — „Зв“.), а цяпер не так проста іх уводзіць». 

Прэзідэнт нагадаў, што выпрацавана пэўная сістэма ўводу гэтых зямель у сельгасабарот. «Трэба глядзець на раён, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — На землі, колькасць гектараў і будаваць комплексы, бо вакол комплексу заўсёды будзе нармальная абстаноўка. Кармы патрэбны — будуць нармальна апрацоўваць гэтыя землі». 

Данііл Хмяльніцкі  

(Будзе дапоўнена)

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю