Top.Mail.Ru
81

Селекцыя беларускай чырвонай пароды буйной рагатай жывёлы выходзіць на фінішную прамую

Надзвычай каштоўныя каровы

Работа па стварэнні чырвонай пароды малочнай жывёлы айчыннай селекцыі з мэтай вытворчасці высокабялковага тлустага малака з нізкім утрыманнем саматычных клетак, атрымання племянных жывёл з моцным здароўем і даўгалеццем была распачата ў 2019 годзе. На той момант у актыве ў генетыкаў і селекцыянераў былі ўсяго 164 рудыя «аўтэнтычныя» каровы: гэты невялікі статак здолела захаваць гаспадарка «Новы двор» у Свіслацкім раёне. Такім чынам, амбіцыйны праект па адраджэнні ўнікальнай беларускай пароды стартаваў практычна з нуля. Сёння ўжо можна сцвярджаць, што нацыянальная чырвоная парода буйной рагатай жывёлы ў Беларусі дакладна будзе. Уласна кажучы, ужо ёсць. Завяршыць «агранку брыльянта» (або ў дадзеным выпадку, хутчэй, «рубіна») плануецца ў 2030 годзе.

100 % малака — гатунку экстра

— На пачатковым этапе стварэння айчыннай пароды чырвонай малочнай жывёлы была завезена першая партыя з 300 цялушак чырвонай дацкай пароды, па сутнасці «родных сёстраў» спрадвечных беларускіх рудых кароў, — расказвае доктар сельскагаспадарчых навук, намеснік генеральнага дырэктара НПЦ па жывёлагадоўлі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Цімашэнка. — Гэта дазволіла пачаць работы па фарміраванні на базе «ЖодзінаАграПлемЭліта» племяннога ядра чырвонай малочнай пароды. Наступным этапам стала рэалізацыя мерапрыемстваў па камплектацыі чырвонымі цялушкамі інавацыйнага комплексу на 1200 галоў у РВУП «Вусце» НАН Беларусі.

Акрамя гэтых гаспадарак чырвоны статак сёння ёсць у РУП «Шыпяны-АСК» і, вядома, ва УСП «Новы двор», дзе здолелі зберагчы ўнікальны генафонд.

— На працягу мінулага года агульнае матачнае пагалоўе вырасла на 310 жывёл і склала 4268 галоў, — адзначае Уладзімір Цімашэнка. — У рамках выканання даручэнняў Прэзідэнта на працягу 2025 года з РВУП «Вусце» НАН Беларусі Аршанскага раёна ў ААТ «Раданежскі» Кобрынскага раёна завезена 50 цялушак, што дазваляе праводзіць паспяховую селекцыйна-племянную работу з удасканаленнем прадукцыйных якасцяў жывёл.

Агульная колькасць чырвоных кароў і бычкоў пакуль не надта вялікая, а каштоўнасць кожнай жывёлы — якраз наадварот. Таму важна разгрупаваць пагалоўе, каб пазбегнуць нават нязначнай магчымасці ветэрынарных праблем, тлумачыць навуковец. Дастаткова сказаць, што за 12-месячную чырвоную «арыстакратку» гаспадаркі згодны заплаціць каля 8-9 тысяч долараў у эквіваленце. Дарэчы, пакупнікі з краін СНД (у першую чаргу з Расіі) выстройваюцца ў чаргу загадзя, хоць Беларусь пакуль што за мяжу чырвоных кароў не прадае.

Галоўная каштоўнасць — якасць малака, падкрэслівае суразмовец. Тлустасць у сярэднім на 30 % вышэйшая, чым у галштынскай пароды (ад 4 да 5,5 % пры сярэднім паказчыку ў галштынаў 3,6-3,7 %). Утрыманне бялку ў малаку гэтых кароў — на ўзроўні 3,6–4,5 %. У малаку чорна-стракатай пароды яго звычайна да 3,2 %. Адзначым, што высокае ўтрыманне бялку ў наш час — сусветны трэнд малочнай прамысловасці. І яшчэ адзін важны плюс: нізкае ўтрыманне саматычных клетак у малаку чырвоных кароў дзякуючы генетычнай устойлівасці пароды да мастыту. Хоць беларускія галштыны выйграюць па прадукцыйнасці (іх паказчык — 15 тысяч тон малака ў год), сярэдні надой ад чырвонай каровы ўжо сёння перавышае 8 тысяч тон за лактацыю. І практычна 100 % гэтага малака гатунку экстра. Варта яшчэ ўлічваць і працягласць лактацыі: у сярэднім перыяд прадукцыйнасці малочных кароў у Беларусі складае 2,7 лактацыі, а ў чырвоным статку больш за палову не зніжаюць надоі ў 3-й, 4-й і нават 5-6-й лактацыях.

Чаго не хапае?

Апрабацыя беларускай пароды чырвонай малочнай буйной рагатай жывёлы, згодна з рашэннем Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі, патрабуе шэрагу ўмоў, працягвае навуковец.

— У прыватнасці, мінімальная колькасць кароў павінна дасягаць 2000 галоў: цяпер у нашай краіне іх утрымліваецца больш за 2220. Колькасць быкоў-вытворцаў павінна быць не менш за 50 галоў. У Беларусі іх пакуль 16, — пералічвае суразмовец. — Мінімальная колькасць гаспадарак, у якіх утрымліваецца пагалоўе племянных жывёл, павінна складаць не менш за чатыры: у краіне работа па стварэнні айчыннай пароды чырвонай малочнай жывёлы вядзецца ў пяці гаспадарках.

Выкананы і шэраг іншых умоў, дадае навуковец. Засталося павялічыць пагалоўе чырвоных быкоў. У гэтай сувязі мэтазгодна завозіць высакаякасных вытворцаў роднасных парод.

Таксама

І рыба, і мяса

Сёння сярод найважнейшых кірункаў селекцыйнай работы — свінагадоўля, расказалі ў НПЦ па жывёлагадоўлі НАН Беларусі. З выкарыстаннем найноўшых метадаў селекцыі створаны нацыянальныя пароды «Беларуская мясная», «Беларуская буйная белая», а таксама новы ўнутрыпародны тып беларускага дзюрока, высокапрадукцыйныя ўнутрыпародныя тыпы «Прыпяцкі» і «Браслаўскі» ў пародах ландрас і ёркшыр, якія шырока выкарыстоўваюцца на прамысловых комплексах краіны. Ва УП «Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў», ЗАТ «Віцебскаграпрадукт», КВУП «Віцебскі бекон», РУСП «Мінскае племпрадпрыемства», УП «Палессе-Аграінвест» паказчыкі шматплоднасці свінаматак складаюць больш за 12,5 парсючка, узрост дасягнення жывой масы 100 кг — 155 дзён і менш, утрыманне мяса ў целе — 62-63 %, што не саступае сусветным аналагам.

Сфарміраваны селекцыйны статак яечных курэй з белай і карычневай афарбоўкай шкарлупіны (8,5 тыс. галоў), і гэта забяспечвае магчымасць выкарыстоўваць у яечнай птушкагадоўлі краіны толькі айчынныя кросы. А навукоўцамі Інстытута рыбнай гаспадаркі вядуцца работы па стварэнні дзвюх новых парод карпа: «Беларускі люстраны» і «Чашуйчаты» — з выдатнымі таварнымі якасцямі, устойлівасцю да захворванняў і павышанымі паказчыкамі пладавітасці.

Аляксандра Анцэлевіч

Фота Віктара Іванчыкава

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю