Памяць — наш святы абавязак
У відэафармаце ў Палаце прадстаўнікоў прайшло пасяджэнне Камісіі Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі па захаванні і абароне гістарычнай памяці. Удзел у ім прынялі дэпутаты, сенатары, прадстаўнікі міністэрстваў абароны і адукацыі, пошукавых арганізацый абедзвюх краін. Ключавымі тэмамі абмеркавання сталі генацыд савецкага народа ў часы Вялікай Айчыннай вайны, унёсак Саюзнай дзяржавы ў захаванне памяці герояў, сумесныя пошукавыя экспедыцыі, дзейнасць грамадскіх пошукавых атрадаў і дапамога ў гэтым Саюзнай дзяржавы.
Адкрываючы пасяджэнне, намеснік Старшыні Палаты прадстаўнікоў Вадзім Іпатаў і першы намеснік Старшыні Дзяржаўнай Думы Іван Мельнікаў падкрэслілі, што работа па захаванні гістарычнай праўды сёння — гэта не проста даніна мінуламу. Гэта барацьба са спробамі перапісаць гісторыю, абясцэніць подзвіг савецкага народа.
Вадзім Іпатаў нагадаў, што камісія Парламенцкага Сходу па захаванні і абароне гістарычнай памяці створана па ініцыятыве прэзідэнтаў дзвюх краін — Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. «Яе работа мае велізарнае значэнне. Сёння мы знаходзімся на вастрыі кагнітыўнай вайны. Нас хочуць пазбавіць сэнсаў, пазбавіць нашай Перамогі. Таму захаванне і абарона памяці пра вялікі подзвіг савецкага народа — гэта найважнейшая задача, — адзначыў парламентарый. — Сённяшняе пасяджэнне праходзіць у вельмі знамянальны час. Літаральна праз некалькі дзён мы прымем удзел у важным міжнародным форуме Саюзнай дзяржавы „Вялікая спадчына — агульная будучыня“, які пройдзе ў Брэсце. Ідзе карпатлівая работа над усімі элементамі гэтага форуму. І наша камісія абмяркоўвае пытанні абароны Перамогі, якія стануць асновай для рашэнняў у рамках форуму».
Цэнтральным пытаннем парадку дня пасяджэння камісіі стала абмеркаванне праекта заявы Парламенцкага Сходу аб генацыдзе савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Дакумент будзе вынесены на сесію Парламенцкага Сходу, якая пройдзе 21 чэрвеня ў Брэсце. Вадзім Іпатаў нагадаў, што Генпракуратура Беларусі расследуе крымінальную справу аб генацыдзе беларускага народа. На сёння вядома, што знішчана амаль 13 тысяч вёсак, з іх 2099 падзялілі лёс Хатыні — спалены разам з жыхарамі і не адрадзіліся. Дадаткова выяўлена яшчэ 104 такія населеныя пункты.
Сяргей Корнеў, начальнік упраўлення па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, паведаміў, што беларускія пошукавыя атрады штогод супрацоўнічаюць з 10–15 расійскімі арганізацыямі з розных абласцей. Колькасць пошукавых аб’яднанняў у Беларусі вырасла з 14 да 17. На пасяджэнні падпісана новае пагадненне аб супрацоўніцтве паміж пошукавікамі Мінска, Смаленска, Пскова і Магілёва.
Мікалай Барысенка, кіраўнік Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага клуба «Віккру», расказаў, што аб’ём работы велізарны. На Магілёўшчыне летам 1941 года абараняліся некалькі стралковых дывізій (да 14,5 тысячы чалавек кожная). «Тое, што мы знаходзім, — толькі вяршыня велізарнага айсберга. Адна дзяржаўная арганізацыя не ў сілах пракруціць гэтую махіну. Калі падключыцца Саюзная дзяржава, мы зможам вельмі шмат», — падкрэсліў Мікалай Барысенка.
На ІІ Міжнародны патрыятычны форум Саюзнай дзяржавы «Вялікая спадчына — агульная будучыня», які сёлета прымеркаваны да 85-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны і невыпадкова праводзіцца 20 — 22 чэрвеня ў Брэсце, дзе фашысцкія захопнікі атрымалі першы сур’ёзны адпор, ужо зарэгістравана больш за 470 чалавек, якія прымуць удзел у пасяджэннях трох секцый. А кульмінацыяй стане пленарнае пасяджэнне, у рамках якога адбудзецца сесія Парламенцкага Сходу. На ёй плануецца прыняць заяву аб генацыдзе савецкага народа, праект якой прынялі на пасяджэнні камісіі Парламенцкага Сходу.
Надзея ЗУЕВА