Top.Mail.Ru

«Саюзніцкае ўзаемадзеянне, якое не можа змяняцца пад уплывам любых узрушэнняў або ваганняў міжнароднай абстаноўкі»

Эксперты — аб адносінах Беларусі і Кітая і аб значэнні ў іх развіцці нядаўняга візіту Прэзідэнта.


Візіт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай, пра які сам кіраўнік дзяржавы па выніках сказаў: «Усё прайшло як мага лепш», і сёння застаецца ў цэнтры ўвагі экспертнай супольнасці. Асаблівы «сямейны» фармат сустрэчы лідараў Беларусі і Кітая, перагаворы з дзелавымі коламі — і як вынік дамоўленасці аб інтэнсіфікацыі супрацоўніцтва, асабліва ў сферы прамысловасці і высокіх тэхналогій, палітычны аспект візіту — усё гэта пацвярджэнне больш чым добрых раўнапраўных адносін нашай краіны з вялікім Кітаем у многіх сэнсах, якія выбудаваліся на працягу дзесяцігоддзяў дзякуючы дальнабачнай палітыцы кіраўніка беларускай дзяржавы.

  • Беларусь і Кітай знаходзяцца на высокім узроўні ўзаемнага даверу, адзначае член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Андрэй Жамойда
Жамойда.jpg

«У Мінска і Пекіна шмат партнёраў, пры гэтым погляды лідараў дзвюх краін маюць агульны корань унутранай і міжнароднай палітыкі, — лічыць ён. — Мы не проста вядзём узаемны гандаль, мы рэалізоўваем сумесныя праекты: Беларусь актыўна падтрымала будаўніцтва ініцыятывы „Адзін пояс, адзін шлях“. Беларусь паспяхова супрацоўнічае з КНР у культурнай і адукацыйнай сферы».

Адно з асноўных пытанняў у двухбаковым супрацоўніцтве — машынабудаўнічая галіна і тэхналагічная мадэрнізацыя асобных кірункаў прамысловасці Беларусі. «Аляксандр Лукашэнка падзяліўся інфармацыяй аб тым, што гэта ідэя належыць Старшыні КНР Сі Цзіньпіну. Кітай — перадавая краіна з высокаразвітым прамысловым „інтэлектам“. Я ўпэўнены: іх досвед у мадэрнізацыі прадпрыемстваў нам сапраўды спатрэбіцца», — кажа Андрэй Жамойда, які кіруе прадпрыемствам «Конус» Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі.

Адзначыў сенатар і важны паказальны аспект палітычнага плана — Беларусь не баіцца ізаляцыі. «У нас ёсць надзейныя партнёры, і гэта не толькі Расійская Федэрацыя, як прывыклі лічыць на Захадзе, нам ёсць, з кім сябраваць». На думку Андрэя Жамойды, сяброўская сямейная сустрэча кіраўнікоў Беларусі і Кітая «стане паказчыкам для сусветных лідараў, якія прагнуць „хлеба і відовішчаў“ на славянскіх „падмостках“, таго, як павінны будавацца адносіны ў ХХІ стагоддзі. Як можна дамаўляцца, не прымяняючы зброі. Як можна будаваць, не забіўшы ніводнага цвіка. Гэта сустрэча двух сяброў, двух партнёраў і двух лідараў, якія жадаюць сваім народам толькі міру і росквіту».

  • Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Алег Дзячэнка лічыць пекінскую сустрэчу лідараў Беларусі і Кітая гістарычна значнай і ўнікальнай па форме і змесце яе правядзення. Кітайскі бок засведчыў глыбокую павагу да асобы Прэзідэнта Беларусі, а ў яго асобе — і да ўсяго беларускага народа.

Дьяченко.jpg

Дэпутат адзначае, што да нефармальных перагавораў на вышэйшым узроўні, якія адбыліся ў рэзідэнцыі Чжунаньхай, яшчэ доўгі час будзе прыкавана ўвага палітычных аналітыкаў і прадстаўнікоў экспертнай супольнасці. «У атмасферы сапраўднага сяброўства, адкрыта і даверліва кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі ход рэалізацыі раней дасягнутых міждзяржаўных пагадненняў па самым шырокім спектры пытанняў геапалітычнага супрацоўніцтва. Вельмі цёплыя і напоўненыя філасофскім сэнсам адносіны нацыянальных лідараў каторы раз прадэманстравалі сусветнай супольнасці, што стратэгічнае партнёрства паміж нашымі краінамі развіваецца па нарастаючай, дынамічна, прагрэсіўна і сапраўды мае ўсепагодны характар».

Гаворачы аб змесце перагаворнага працэсу — аб далейшым развіцці навукова-тэхнічных і эканамічных адносін з Кітаем, аб мадэрнізацыі беларускіх прадпрыемстваў з выкарыстаннем высокіх кітайскіх тэхналогій, аб развіцці кааперацыі ў галінах, якія забяспечваюць нацыянальную бяспеку нашых дзяржаў, — Алег Дзячэнка падкрэсліў, што тавараабарот паміж нашымі краінамі з года ў год павялічваецца і склаў летась 8,6 мільярда долараў. «Дасягненні відавочныя. Але гэта не мяжа, — лічыць парламентарый. — Інтэнсіўна развіваецца ўзаемавыгаднае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва ў рамках геапалітычнага праекта „Адзін пояс, адзін шлях“. Яскравы прыклад таму — функцыянаванне Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка „Вялікі камень“. Новыя перспектывы для нас адкрыліся пасля ўваходжання ў ШАС і БРІКС».

Каб паспяхова канкурыраваць на сусветным рынку, беларускім прадпрыемствам неабходна забяспечыць выпуск высокатэхналагічнай прадукцыі. «І ў гэтым стратэгічна важным пытанні ў нас ёсць падтрымка і разуменне кітайскіх партнёраў, зацікаўленых у развіцці прамысловай кааперацыі і стварэнні сумесных вытворчасцяў, — адзначае Алег Дзячэнка. — Пры гэтым кожны з бакоў робіць свой вялікі ўнёсак у агульную справу. На выхадзе — тавары, якімі мы забяспечваем не толькі спажыўцоў Беларусі і Кітая, але і якія зможам выгадна рэалізаваць на рынках трэціх краін».

Дэпутат закрануў і яшчэ адзін важны кірунак беларуска-кітайскага супрацоўніцтва: «Мы сёння разам, плячо ў плячо, супрацьстаім розным эканамічным санкцыям і абмежаванням, якія пад надуманымі падставамі як інструмент нядобрасумленнай канкурэнцыі ўведзены Вашынгтонскай адміністрацыяй супраць беларускіх і кітайскіх прадпрыемстваў. Неабходна адзначыць, што сучасны Кітай паспяхова адбівае ўсе атакі чарговай тарыфнай вайны, абвешчанай амерыканскім прэзідэнтам-рэспубліканцам Дональдам Трампам, і лёгка нівеліруе ўсе прэтэнзіі амерыканцаў на сусветнае лідарства. У адрозненне ад заходніх глабалістаў Пекін падтрымлівае імкненне краін і народаў да ўмацавання справядлівага і шматпалярнага свету, у якім дастойнае месца займае і беларуская дзяржава».

Алег Дзячэнка таксама падкрэсліў, што, кіруючыся прынцыпамі ўсепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства, нашы краіны дасягнулі беспрэцэдэнтнага ў гісторыі двухбаковых беларуска-кітайскіх адносін узроўню эканамічнага, палітычнага, навукова-тэхнічнага і ваенна-стратэгічнага ўзаемадзеяння, гатовы і ў далейшым сумесна з кітайскім народам адэкватна рэагаваць на ўсе пагрозы, што паступаюць.

  • Ва ўзаемаадносінах паміж Беларуссю і Кітаем адна з ключавых роляў адведзена навукова-тэхнічнаму супрацоўніцтву, звяртае ўвагу Дзмітрый Захарчук, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні. «Для абедзвюх краін інавацыйнае развіццё ў прыярытэце, — адзначыў ён. — Заканамерна, што 2024–2025 гады аб’яўлены ўрадамі краін гадамі супрацоўніцтва Беларусі і КНР у галіне навукі, тэхналогій і інавацый, распрацаваны і падпісаны план сумесных мерапрыемстваў. Гэта надало дадатковы імпульс узаемадзеянню».

Захарчук Дзмітрый.jpg

У парадак дня візіту Прэзідэнта Беларусі ў Кітай былі ўключаны пытанні машынабудаўнічай галіны і тэхналагічнай мадэрнізацыі асобных кірункаў прамысловасці Беларусі. «Вельмі важныя для нашай эканомікі тэмы, — лічыць Дзмітрый Захарчук. — Аляксандр Лукашэнка асабліва падкрэсліў ролю Старшыні КНР у падключэнні Беларусі да працэсаў, якія ў Кітаі набралі вельмі высокія тэмпы. А чаго можна чакаць ад супрацоўніцтва з адным з вядучых сусветных вытворцаў цяжкай тэхнікі? Толькі добрых перспектыў».

— Кітай на сённяшні дзень па многіх параметрах — першая эканоміка свету, — акцэнтаваў увагу ў праграме «Будні» на «Альфа Радыё» член Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Шпакоўскі. — У нас адкрытая эканоміка індустрыяльнага тыпу. Гэта значыць, наша прамысловасць пастаянна мае патрэбу ў розных камплектуючых, крытычна значных таварах для далейшага развіцця. І для Беларусі Кітай выступае важнай крыніцай такога роду высокатэхналагічнай прадукцыі, асабліва ва ўмовах спроб тэхналагічнага эмбарга з боку дзяржаў Захаду. Калі мы гаворым аб неабходнасці пераходу да шостага тэхналагічнага ўкладу, тут, безумоўна, стаўка робіцца на Кітай. Гэта ў тым ліку ўкараненне рабатызацыі, тэхналогій штучнага інтэлекту. Тут, па сутнасці, Кітай выступае безальтэрнатыўнай крыніцай гэтых тэхналогій. Тым не менш і Беларусь, маючы сціплы ў параўнанні з Кітаем тэрытарыяльны і дэмаграфічны рэсурс, у частцы тэхналогій сёе-тое можа прапанаваць нашым кітайскім партнёрам. Значыць, нельга сказаць, што гэта вуліца з аднабаковым рухам.

Шпакоўскі.jpg

Дэпутат падкрэсліў, што не ў многіх краінах назіраецца такі ўзровень адносін з Кітаем, як у Беларусі.

— У Кітая ёсць пэўная іерархія ўзаемадзеяння з замежнымі дзяржавамі. І трэба сказаць, што беларуска-кітайскія дыпламатычныя адносіны налічваюць 33 гады. У 1992 годзе мы падпісалі адпаведны дагавор, дзе была сціплая фармулёўка «сяброўства і супрацоўніцтва». З таго часу ўзровень палітычных адносін паміж Беларуссю і КНР павышаўся шэсць разоў. Сёння мы знаходзімся ў найвышэйшай фазе адносін у дыпламатычнай іерархіі Кітая. Гэта ўсепагоднае ўсебаковае стратэгічнае партнёрства. Эксперты-кітаязнаўцы трактуюць усепагоднае партнёрства як саюзніцкае ўзаемадзеянне, якое не можа змяняцца пад уплывам любых узрушэнняў або ваганняў міжнароднай абстаноўкі. Гэта вельмі важна ў сучасным свеце, — дадаў госць праграмы.

Аляксандр Шпакоўскі нагадаў, што сам Старшыня КНР Сі Цзіньпін раней падкрэсліў: паміж Беларуссю і Кітаем мацнее традыцыйнае сяброўства.

— З аднаго боку — сярэднестатыстычная еўрапейская дзяржава, з другога — магутны Кітай, які прэтэндуе сёння фактычна на ролю накіравальнай сілы ў сучасным свеце, — акцэнтаваў увагу спікер. — Што нас звязвае? Што да эканамічнага складніка, у нас паступальна расце гандлёвы абарот. Важна адзначыць — расце і беларускі экспарт у Кітай. Інтарэс Кітая заўважны. Нас таксама звязвае светапоглядная блізкасць. Як сказаў Сі Цзіньпін, каб зразумець Кітай, трэба зразумець Камуністычную партыю Кітая. А беларуская дзяржаўная мадэль, якая захоўвае і сімвалічную, і сэнсавую, і эканамічную пераемнасць ад савецкай сацыялістычнай традыцыі, мне падаецца, для гэтага падыходзіць вельмі дарэчы. І, вядома, Беларусь — ключавы партнёр Кітая ў Цэнтральнаеўрапейскім рэгіёне ў кантэксце эканамічнага праекта «Пояс і шлях». Кітай дапамагае нам з вайсковымі тэхналогіямі.

І, што вельмі важна для нас, КНР захоўвае пазітыўнае стаўленне да Беларусі ў частцы, якая датычыцца паставак крытычна значных камплектуючых для нашай прамысловасці, і ў частцы, якая датычыцца правядзення плацяжоў. Кітай для нас цяпер — адно са знешнепалітычных крылаў міжнароднай незалежнасці.

Гаворачы аб візіце беларускага Прэзідэнта ў Кітай у праграме «Вечар з Уладзімірам Салаўёвым» на канале Расія 1, Аляксандр Шпакоўскі адзначыў яго значэнне не толькі для Беларусі: «Характар прыёму нашага лідара ў Кітаі, уключаючы як афіцыйныя, так і нефармальныя перагаворы з Сі Цзіньпінам, сведчыць аб высокім узроўні даверу. У любой культуры запрашэнне дадому — гэта знак найвышэйшай павагі. Гэта сведчыць аб тым, што адносіны Беларусі з Кітаем развіваюцца не толькі ў лакальным двухбаковым фармаце з пункту гледжання нацыянальных інтарэсаў, але і ў глабальным кантэксце. Бо Аляксандр Лукашэнка не толькі Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, але і Старшыня Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Акрамя таго, сёлета Беларусь зноў старшынствуе ў Еўразійскім эканамічным саюзе».

Аналітык БІСД Сяргей Вяргейчык у каментарыі для канала CGTN Цэнтральнага тэлебачання Кітая адзначыў узаемавыгадны характар беларуска-кітайскага практычнага ўзаемадзеяння: «Пры садзейнічанні Кітая ў апошнія гады ў Беларусі асвоены новыя кампетэнцыі, напрыклад, у сферы біятэхналогій, легкавым аўтамабілебудаванні і інш. Аднак дынаміка ўнутранага развіцця патрабуе паскарэння ў засваенні перадавых тэхналогій для забеспячэння канкурэнтаздольнасці на сусветных рынках. У гэтым працэсе кааперацыя з Кітаем прынясе ўзаемную выгаду. Укараненне ў прамысловасць сучасных кітайскіх тэхналогій будзе садзейнічаць росту ўзаемнага тавараабароту ў інтарэсах паляпшэння дабрабыту насельніцтва».

Вяргейчык Сяргей.png

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю