Подпісы пад дакументам паставілі Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава і старшыня Сената Парламента Ісламскай Рэспублікі Пакістан Саід Юсуф Раза Гілані.
Па выніках праведзенага падпісання і сустрэчы ў Савеце Рэспублікі Наталля Качанава расказала журналістам, што ўзаемаадносіны паміж нашымі краінамі вельмі добра развітыя.
«Пацвярджэнне таму — тыя добрыя адносіны, якія склаліся паміж лідарамі нашых краін: Прэзідэнтам Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам і Прэм’ер-міністрам Шахбазам Шаыфам, узаемныя візіты, падпісанне дарожнай карты аб супрацоўніцтве на 2025–2027 гады. І, вядома, мы хацелі б прасунуць і наша супрацоўніцтва па міжпарламенцкай лініі».
Спікер адзначыла шчыльнае ўзаемадзеянне з пакістанскімі калегамі на міжнародных пляцоўках: у Міжпарламенцкім саюзе, у Руху недалучэння. «Пакістан у тым ліку падтрымаў нас, калі мы сталі краінай-назіральніцай у Азіяцкім парламенце», — заўважыла Наталля Качанава.
Адносіны паміж краінамі развіваюцца даволі нядрэнна, канстатавала Старшыня Савета Рэспублікі. «У нас працуюць групы дружбы, сёння мы падпісалі Мемарандум аб супрацоўніцтве. І гэта сапраўды новая старонка ў гісторыі нашага супрацоўніцтва», — звярнула ўвагу Наталля Качанава.
Спікер выказала ўпэўненасць, што гэта надасць імпульс далейшым узаемаадносінам. «Для нас, парламентарыяў, перш за ўсё вельмі важная сумесная работа на міжнародных пляцоўках, у міжнародных арганізацыях, дзе мы падтрымліваем адзін аднаго, дзе мы можам данесці праўду пра нашы краіны, дзе мы можам сказаць пра тую палітыку, якая праводзіцца ў нашых краінах. А сутнасць гэтай палітыкі — перш за ўсё суверэнітэт, незалежнасць і міралюбнасць. Вось тое, што аб’ядноўвае нас», — падкрэсліла Старшыня Савета Рэспублікі.
Вельмі важна ў двухбаковых адносінах і гандлёва-эканамічнае, а таксама навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва, заўважыла Наталля Качанава: «І мы прасоўваем гэта супрацоўніцтва наколькі гэта магчыма, разумеючы, што эканоміка — на чале ўсяго. У праграме візіту — наведванне прадпрыемстваў, устаноў краіны, і я ўпэўнена, што гэта стане яшчэ адным важкім унёскам у гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Пакістанам».
У эканоміцы мы можам знайсці пункты судакранання абсалютна ва ўсіх галінах, дадала спікер: «Вялікі патэнцыял бачым і ў фармацэўтыцы: больш за 50 % лекавых сродкаў у Беларусі — айчыннай вытворчасці, пры гэтым мы высока ацэньваем пакістанскія прэпараты і гатовыя да сумеснай работы».
Асаблівы акцэнт Наталля Качанава зрабіла на развіцці міжбанкаўскіх кантактаў, умацаванні міжрэгіянальных сувязяў і пашырэнні гуманітарнага ўзаемадзеяння: «Для больш эфектыўнага эканамічнага ўзаемадзеяння сёння прынцыпова важна адпрацаваць пытанні міжбанкаўскіх плацяжоў і разлікаў, і мы разлічваем на садзейнічанне пакістанскіх калег у гэтым кірунку».
Перспектыўным вектарам з’яўляецца і сфера працоўных рэсурсаў. Сёння ў нашай эканоміцы ўжо працуюць грамадзяне Пакістана, падпісаны адпаведны мемарандум паміж адказнымі за гэта міністэрствамі.
Па выніках перагавораў для гасцей з Пакістана была праведзена экскурсія па музеі парламентарызму Савета Рэспублікі і яго зале пасяджэнняў, пасля чаго Саід Юсуф Раза Гілані зрабіў запіс у Кнізе ганаровых гасцей Савета Рэспублікі.