Ужо зусім хутка — 2-3 верасня — Віцебск стане месцам бізнес-прыцягнення. Менавіта тут пройдзе трэці беларуска-ўзбекскі жаночы бізнес-форум. Сёлета тэма форуму — «Беларусь — Узбекістан: супрацоўніцтва як фактар устойлівага развіцця» — як ніколі актуальная і адлюстроўвае стратэгічны курс нашых краін на паглыбленне двухбаковага партнёрства і інтэграцыю ў рэгіянальныя рынкі. Пра тое, чаго чакаць ад гэтай падзеі, пагаварылі са старшынёй Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Уладзіславам Татарыновічам.
Трэба сказаць, што Беларусь і Узбекістан дэманструюць устойлівую дынаміку росту ўзаемадзеяння ва ўсіх сферах — ад эканомікі і культуры да аховы здароўя і адукацыі. За апошнія гады нашы краіны не толькі ўмацавалі традыцыйныя сувязі, але і адкрылі новыя гарызонты супрацоўніцтва, у тым ліку ў рамках парламенцкай дыпламатыі і сумесных праектаў, што рэалізуюцца на аснове ўзаемадапаўняльнасці эканомік. Што тычыцца беларуска-ўзбекскіх жаночых бізнес-форумаў, якія сталі ўжо традыцыйнымі, яны ўжо даказалі сваю эфектыўнасць як ключавыя пляцоўкі для запуску канкрэтных ініцыятыў.
Так, у рамках першага форуму было падпісана 15 кантрактаў на агульную суму 29 мільёнаў долараў. Другі форум прынёс больш важкі вынік — 18 кантрактаў на суму 44 мільёны долараў. Чакаецца, што трэці форум стане новым крокам у нарошчванні аб’ёмаў супрацоўніцтва і пашырэнні геаграфіі праектаў.
На думку суразмоўцы, паспяховае правядзенне папярэдніх мерапрыемстваў, насычаны парадак дня, добрая выніковасць вызначае вельмі высокі ўзровень зацікаўленасці ва ўдзеле ў мерапрыемствах трэцяга беларуска-ўзбекскага жаночага бізнес-форуму з боку органаў дзяржкіравання, прадпрыемстваў, арганізацый, бізнесу з абодвух бакоў.
— На сённяшні момант толькі з боку партнёраў (з улікам афіцыйнай дэлегацыі Сената Олій Мажліса Узбекістана, органаў дзяржаўнага кіравання Узбекістана і прадстаўнікоў бізнес-супольнасці) чакаецца каля 150 чалавек. Агульная колькасць удзельнікаў форуму — каля 350 чалавек, — паведаміў Уладзіслаў Татарыновіч.
Узаемная цікавасць
На яго думку, выбраны фармат форуму, які быў апрабаваны арганізатарамі ў папярэднія гады (гэта работа ў тэматычных секцыях, падвядзенне вынікаў у рамках пленарнага пасяджэння пад старшынствам кіраўнікоў верхніх палат парламентаў, абмеркаванне пытанняў двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў рамках Савета дзелавых колаў) вызначаюць сур’ёзную цікавасць да правядзення трэцяга Форуму ў Віцебску. Нагадаем, што сёлета тэма гучыць так: «Беларусь—Узбекістан: супрацоўніцтва як фактар устойлівага развіцця».
— Што тычыцца канкрэтных дамоўленасцяў, камерцыйных кантрактаў, пагадненняў, якія будуць прымаць удзельнікі, яны могуць насіць рамачны характар у выглядзе дарожных карт, намераў аб супрацоўніцтве, так і ў выглядзе канкрэтных пагадненняў. Прыемна, што на гэты раз пагадненні будуць заключаць не толькі вобласці, але і нашы гарады і раёны з адпаведнымі хакіматамі Рэспублікі Узбекістан, — праанансаваў старшыня профільнай камісіі.
Суразмоўца дадаў, што работа актыўна праводзіцца па ўсіх кірунках.
— Таму я з упэўненасцю магу сказаць, што па колькасці пагадненняў, кантрактаў і іх суме мы перавысім узровень 2024 года, — запэўніў Уладзіслаў Татарыновіч.
— Актыўна праца вядзецца нават цяпер, напярэдадні пачатку асноўных мерапрыемстваў форуму.
З пазнакай «упершыню»
Што тычыцца навацый, суразмоўца анансаваў большую колькасць тэматычных секцый, чым у ранейшыя гады.
— Калі мы гаворым пра тое, што форум садзейнічае не толькі развіццю гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, але і па напрамках, якія ўяўляюць узаемную цікавасць. Напрыклад, у асобную секцыю выдзелена супрацоўніцтва моладзі дзвюх краін (секцыя № 6. — Заўв. аўт.). У выглядзе асобнай секцыі (№ 7. — Заўв. аўт.) мы будзем разглядаць пытанні работы органаў мясцовага самакіравання, іх ролю ў развіцці двухбаковага супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі, будзем дзяліцца вопытам, абмяркоўваць, як найбольш правільна вырашаць пытанні, што ўзнікаюць у нашых грамадзян, якія пражываюць у нас на тэрыторыі сельскіх саветаў і, адпаведна, кенгашы (саветаў. — Заўв. аўт.) ва Узбекістане. Гэта таксама ўяўляе вялікую ўзаемную цікавасць.
Паводле слоў парламентарыя, калі пачалася падрыхтоўка да правядзення трэцяга беларуска-ўзбекскага форуму, гэтая тэма была вельмі цікавая ўзбекскім партнёрам:
Яшчэ адна навацыя, на якой акцэнтаваў увагу старшыня профільнай камісіі — месца правядзення:
— У адрозненне ад папярэдніх форумаў (першы праходзіў у Мінску, другі — у Ташкенце) трэці праходзіць не ў сталіцы, а ў рэгіёне. У Віцебску маюць паспяховы вопыт правядзення мерапрыемстваў падобнага роду. Дастаткова ўзгадаць, што летась у Віцебску (таксама Полацку і Наваполацку) праходзілі мерапрыемствы XІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, — нагадаў Уладзіслаў Татарыновіч і выказаў упэўненасць, што і ўсе запланаваныя мерапрыемствы пройдуць на высокім арганізацыйным узроўні.
Ён таксама звярнуў увагу на важнасць пытанняў, якія будуць абмяркоўвацца:
— Пачынаючы ад пытанняў эканомікі, сацыяльнага, гуманітарнага характару, наладжвання двухбаковых сувязяў, якія сведчаць аб тым, што ў рэгіянальным разрэзе таксама ёсць зацікаўленасць.
У якасці прыкладу суразмоўца прывёў прадпрыемства «Энергакамплект», якое працуе ў Віцебску і паспяхова супрацоўнічае з Узбекістанам.
Акрамя таго, у плане міжрэгіянальнага супрацоўніцтва ў Віцебскай вобласці на сённяшні момант рэалізуюцца пагадненні з трыма абласцямі Рэспублікі Узбекістан: Джызакскай, Неманганскай і Кашкадар’інскай.
Акцэнт — на развіццё
Што тычыцца міжпарламенцкага вектара ўзаемадзеяння, Уладзіслаў Татарыновіч адзначыў:
— Само правядзенне трэцяга беларуска-ўзбекскага жаночага бізнес-форуму дае нам магчымасць яшчэ раз разгледзець пытанні міжпарламенцкага ўзаемадзеяння, якія знаходзяцца на вельмі высокім узроўні, а таксама павысіць узровень узаемадзеяння паміж парламентамі дзвюх краін праз арганізацыю адпаведных двухбаковых камісій, — адзначыў парламентарый і канкрэтызаваў. — У нас паспяхова рэалізуецца праграма мерапрыемстваў дарожнай карты па супрацоўніцтве паміж Сенатамі Беларусі і Олій Мажліса Рэспублікі Узбекістан на 2024-2025 гады.
Ён дадаў, што па ініцыятыве беларускага боку распрацаваны і плануецца да прыняцця аналагічны план мерапрыемстваў — дарожная карта — ужо на 2026-2027 гады.
У тэму
Як расказаў член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Аляксандр Карпіцкі, адным з яркіх прыкладаў паспяховага беларуска-ўзбекскага ўзаемадзеяння з’яўляецца супрацоўніцтва паміж Брэсцкай абласной клінічнай бальніцай і Бухарскім абласным медыцынскім цэнтрам.

— У рамках заключанага дагавора праведзены дзве міжнародныя навукова-практычныя канферэнцыі — у Белавежскай пушчы і Бухары. Узбекскія медыкі прайшлі дзесяцідзённую стажыроўку ў Брэсце, а цяпер беларускі спецыяліст — загадчык аддзялення трансплантацыі Андрэй Шасцюк — камандзіраваны ў Бухару на шэсць месяцаў для абмену вопытам, — паведаміў сенатар.
На яго думку, такія праекты не толькі ўмацоўваюць прафесійныя сувязі, але і павышаюць якасць медыцынскіх паслуг у абодвух рэгіёнах.
Суразмоўца адзначыў, што беларуска-ўзбекскі жаночы бізнес-форум ужо стаў добрай традыцыяй і эфектыўнай пляцоўкай для перамоў, якая спрыяе ўмацаванню дзелавых і гуманітарных сувязяў паміж нашымі краінамі.
— Упэўнены, што трэці форум адкрые новыя магчымасці для рэалізацыі сумесных праектаў і паглыблення інтэграцыі не толькі ў двухбаковым фармаце, але і ў рамках больш шырокага еўразійскага партнёрства, — падкрэсліў ён.