Каля 170 прадстаўнікоў прафсаюзаў, навуковай і экспертнай супольнасці, органаў дзяржкіравання сабраліся ў Міжнародным універсітэце «МІПСА» на V Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Сацыяльнае партнёрства. Права. Эканоміка», прымеркаваных да знакавай даты — 35-годдзя Федэрацыі прафсаюзаў.
Як адзначыў на адкрыцці канферэнцыі старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрый Сянько, дзякуючы падпісанаму Кіраўніком дзяржавы ў 1995 годзе Указу «Аб развіцці сацыяльнага партнёрства», у нашай краіне прафсаюзам, наймальнікам, ураду ўдалося выбудаваць паўнацэнны дыялог.
— Мы навучыліся разумець адно аднаго, ставіць сябе на месца нашых сацыяльных партнёраў. Разумеючы, што кіраўніцтва прадпрыемства павінна выконваць задачы, нарошчваць якасны складнік, колькасны, эфектыўнасць вытворчасці, гаворым — і нас чуюць, аб тым, што работнік пры гэтым павінен атрымліваць годную заработную плату, быць абароненым ва ўсіх пытаннях, — канстатаваў Юрый Сянько.
Правядзенне канферэнцыі дае магчымасць выпрацаваць канкрэтныя прапановы па далейшым удасканаленні сістэмы сацпартнёрства ў сучасных умовах.
— Такі дыялог экспертаў-практыкаў прафсаюзнага руху, прадстаўнікоў навуковай супольнасці, дзяржорганаў вельмі важны для пошуку лепшых рашэнняў у нашай рабоце, — падкрэсліў Юрый Сянько.
У прыватнасці, удасканаленню калектыўна-дагаворнай работы будзе садзейнічаць праведзенае Цэнтрам сацдаследаванняў Міжнароднага ўніверсітэта «МІПСА» сумесна з Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў маштабнага сацыялагічнага даследавання. Удзел у ім прынялі больш за 20 тысяч чалавек з усіх рэгіёнаў краіны. Яго вынікі паказваюць: у цэлым у працоўных калектывах — спрыяльная і канструктыўная атмасфера. Пры гэтым работнікі адзначаюць важнасць дзейнасці прафсаюзаў па вырашэнні праблем і рознагалоссяў. Сярод найбольш запатрабаваных гарантый па калдагаворах — падтрымка работнікаў у будаўніцтве жылля, медстрахаванне, дадатковыя падзейныя выплаты, магчымасць займацца спортам.
Алена КРАВЕЦ