Top.Mail.Ru

Сацгарантыі і барацьба з ценявой занятасцю: у Беларусі плануюць скарэкціраваць законы па пытаннях працоўных адносін

Праект закона «Аб змяненні законаў па пытаннях працоўных і звязаных з імі адносін» разгледжаны на пасяджэнні экспертнага савета пры Савеце Рэспублікі, перадае БелТА.


«Мы маем патрэбу ў тым, каб эканоміка забяспечвалася кадрамі і адначасова ўмацоўваліся і развіваліся сацыяльныя гарантыі нашых грамадзян у рамках працоўных адносін. Таму законапраект вельмі важны і патрэбны. Ён быў уключаны ў план падрыхтоўкі законапраектаў і адпрацоўваўся з вельмі шырокім спектрам зацікаўленых, больш за 40 органаў удзельнічалі ў яго стварэнні і ўзгадненні. Распрацоўшчыкам з’яўляецца Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Уносяцца змяненні ў 12 законапраектаў, а таксама 137 артыкулаў Працоўнага кодэкса. Маштаб уражвае», — адзначыла старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Савета Рэспублікі Наталля Паўлючэнка.Навацыі датычацца розных напрамкаў і звязаны з практыкай прымянення заканадаўства. «Гэта і процідзеянне ценявой занятасці, і ўзмацненне сацыяльных гарантый, у прыватнасці для асобных катэгорый грамадзян, напрыклад, сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, працуючых людзей з інваліднасцю. Яшчэ адзін актуальны напрамак — гібкія формы працоўных адносін, якія сёння вельмі запатрабаваны, асабліва таму, што на рынак працы прыходзіць новае маладое пакаленне. Шырока распаўсюджваецца інстытут настаўніцтва: трэба перадаваць вопыт, і настаўнікі, перадаючы свае веды, прафесійныя навыкі і кампетэнцыі, павінны быць зацікаўлены ў гэтым. Гэты інстытут ужо развіваецца, замацоўваецца шэраг гарантый у калектыўных дагаворах. Але да гэтага часу не было замацаванага тэрміна „настаўніцтва“ на ўзроўні заканадаўчага акта», — звярнула ўвагу старшыня Пастаяннай камісіі.

Паводле яе слоў, ёсць таксама іншыя прапановы і напрацоўкі, якія трэба яшчэ прааналізаваць сумесна з дзяржорганамі. «Законапраект у цэлым падтрыманы, ён вельмі важны і з’яўляецца своечасовым. Цяпер ён ужо даволі добра прапрацаваны. Але ў далейшым нейкія асобныя карэкціроўкі, дапаўненні будуць у яго ўключаны», — адзначыла Наталля Паўлючэнка.

Законапраектам карэкціруюцца Працоўны кодэкс, Кодэкс аб судовым ладзе і статусе суддзяў, Кодэкс аб адукацыі, законы «Аб асновах дзяржаўнага сацыяльнага страхавання», «Аб індывідуальным (персаніфікаваным) уліку ў сістэме дзяржаўнага сацыяльнага страхавання», «Аб занятасці насельніцтва», «Аб статусе ваеннаслужачых», «Аб альтэрнатыўнай службе», «Аб выканаўчым вядзенні па справе», «Аб узносах у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь», «Аб барацьбе з карупцыяй», «Аб дзяржаўнай службе», «Аб змяненні законаў па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці».


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю