Top.Mail.Ru

Сацдаследаванне: беларусы цэняць сям'ю, хочуць жыць на Радзіме і ганарацца мірам у сваёй краіне

«Гэта прыкметы здаровай нацыі»

Як мы ўжо паведамлялі, у Мінску прэзентавалі першую частку вынікаў маштабнага комплекснага рэспубліканскага сацыялагічнага даследавання, якое датычыцца актуальных пытанняў сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі. Сацдаследаванне праводзіў у ліпені—жніўні 2026 года Інстытут сацыялогіі НАН Беларусі па заказе Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (БІСД).

У сацыялагічным даследаванні ўзялі ўдзел 2045 рэспандэнтаў, у тым ліку 22,3 % — з Мінска, 16,3 % — з Мінскай вобласці, 14,3 % — Гомельскай, 14,2 % — Брэсцкай, 11,7 % — Віцебскай, 10,7 % — Гродзенскай, 10,5 % — Магілёўскай абласцей. Сярод іх 78,9 % гарадскіх і 21,1 % — сельскіх жыхароў.

Сёння мы працягваем знаёміць сваіх чытачоў з яго вынікамі ў частцы, прысвечанай сацыяльна-эканамічным пытанням.

Колькі дзяцей беларусы плануюць мець і якой бачаць іх будучыню

Адказваючы на пытанне «Колькі ўсяго дзяцей вы плануеце/планавалі мець з улікам вашых рэальных жыццёвых умоў (улічваючы тых, якія ўжо ёсць)?», 44,3 % рэспандэнтаў адказалі, што хочуць двух дзяцей, 25,2 % — адно дзіця, 12,2 % — тры дзіцяці, 3,5 % — чатыры дзіцяці і больш.

Але ў ідэале, калі б дазвалялі матэрыяльныя і іншыя ўмовы, 42,5 % рэспандэнтаў хацелі б мець два дзіцяці, 22,3 % — тры дзіцяці, 16,6 % — адно дзіця, 8,7 % — чатыры дзіцяці і больш.

Каментуючы вынікі сацыялагічнага даследавання, кіраўнік аналітычнага цэнтра «EcooM» Сяргей Мусіенка адзначыў, што гэта сур’ёзнае пытанне, якое стаіць перад беларускай дзяржавай, і, магчыма, заяўка на наступнае вялікае даследаванне.


Сяргей Мусіенка звярнуў увагу, што ў штаце Нью-Ёрк заканадаўча выключылі паняцці «маці» і «бацька», замяніўшы на гендарна нейтральныя. «Гэтай тэндэнцыі мы павінны даць дастойны адказ. Тут і сацыялагічная работа, і аналітычная, і заканадаўчыя рашэнні», — сказаў ён.

Таксама рэспандэнтам прапанавалі падумаць над тым, кім яны хацелі б бачыць у будучыні сваіх дзяцей. Варыянты адказаў былі згрупаваны па сферах. У выніку 16,8 % хацелі б, каб дзіця ў будучым працавала ў медыцынскай сферы, 4,3 % — адукацыйнай, 3,8 % — рабочай, 3 % — сілавых структурах, 1,8 % — мела ўласную справу, 2,2 % — творчай сферы, 4,5 % — тэхнічнай, 2,9 % — адміністрацыйнай, 2,4 % — фінансавай, 4,4 % — юрыдычнай, 7 % — ІT-сферы і інш.

Пры гэтым 12,6 % адзначылі, што месца работы павінна быць рашэннем і выбарам самога чалавека.


Паводле слоў Сяргея Мусіенкі, гэта сведчыць аб тым, што беларускія бацькі не ціснуць на сваіх дзяцей, прымушаючы іх выбраць нейкі шлях. «Гэта стыкуецца з нашай ментальнасцю і разуменнем», — заўважыў ён, адзначыўшы разам з тым станоўчую тэндэнцыю: вялікі працэнт бацькоў хочуць, каб іх дзеці выбралі медыцынскі або адукацыйны профіль.

«У цэлым гэта прыкметы здаровай нацыі ў нашым разуменні. І мы павінны захаваць гэту нармальнасць», — рэзюмаваў кіраўнік аналітычнага цэнтра.


Больш як 98 % беларусаў не хацелі б выехаць на ПМЖ за мяжу

На пытанне «Ці хацелі б вы выехаць за мяжу?», толькі 1,7 % рэспандэнтаў адказалі, што хацелі б выехаць на пастаяннае месца жыхарства. 

Гэта значыць, што пераважная большасць — больш як 98 % — выязджаць не хацелі б.

Пры гэтым 48,6 % апытаных хацелі б выехаць з мэтай турызму, адпачынку, наведвання сваякоў. У 48,1 % такіх планаў няма.

Сяргей Мусіенка, у прыватнасці, звярнуў увагу на вялікі ўнутраны патэнцыял развіцця турызму ў Беларусі, а таксама добрыя магчымасці для санаторна-курортнага лячэння ўнутры краіны.

«У невялікіх раённых цэнтрах у нас пляжы, якія могуць называцца найлепшымі ў краіне. Для развіцця ўнутранага турызму ёсць вялікі патэнцыял», — сказаў ён.


З мэтай часовай работы за мяжу хацелі б выехаць 6,2 % рэспандэнтаў, з мэтай вучобы, павышэння кваліфікацыі — 5,9 %.

На пытанне «Як вы ставіцеся да прыцягнення працоўных мігрантаў у нашу краіну?», 63,3 % рэспандэнтаў адказалі «нейтральна, калі яны выконваюць законы», 20,3 % — «адмоўна, яны прыносяць шмат праблем», 15,3 % — «станоўча, не бачу ў гэтым праблемы».

Паводле слоў Сяргея Мусіенкі, гэта вельмі тонкае пытанне. Многія краіны свету ідуць па шляху прыцягнення мігрантаў і прымяняюць розныя падыходы. Ёсць розныя прыклады, не заўсёды ўдачныя. Іх трэба вывучаць, і ў гэтым ён бачыць ролю аналітычнай, сацыялагічнай падтрымкі пытання для выпрацоўкі свайго шляху разумення.

Паводле яго слоў, сітуацыя з мігрантамі ў Беларусі кантралюецца, але важна разумець, як зрабіць гэты працэс выгадным для краіны, з разуменнем усіх рызык. Гэта сур’ёзнае комплекснае пытанне.

На пытанне «Ці хацелі б вы пераехаць на пастаяннае месца жыхарства ў іншы населены пункт?» у межах Рэспублікі Беларусь, 17,2 % апытаных адказалі станоўча, 82,6 % — адмоўна.

Большасць рэспандэнтаў — 70,9 % — адказалі станоўча на пытанне «Ці хацелі б вы, каб вашы дзеці, унукі жылі ў вашым населеным пункце?» і 27,8 % — адмоўна.

Якімі дасягненнямі сучаснай Беларусі ганарацца яе жыхары

85,2 % апытаных ганарацца мірным жыццём, 62,5 % — якасцю прадуктаў харчавання, 57,9 % — чысцінёй і добраўпарадкаваннем населеных пунктаў, 37,9 % — захаваннем гістарычнай памяці, 36 % — сацыяльнай абароненасцю насельніцтва. Акрамя таго, людзі ганарацца развіццём сельскай гаспадаркі, захаваннем буйной прамысловай вытворчасці, дасягненнямі беларускіх медыкаў, сістэмай адукацыі і развіццём атамнай энергетыкі.


«Тое, што беларусы ставяць жыццё пад мірным небам на першае месца, — гэта паказчык разумення тых цяжкасцяў, якія існуюць у свеце, прызнанне ролі дзяржавы і палітыкі нашага Прэзідэнта. Такая ж пазіцыя была і ў папярэдніх пакаленняў — галоўнае, каб не было вайны. Жыццё паказвае, што гэта сапраўды найважнейшая каштоўнасць. І тыя каласальныя намаганні, якія прыкладае дзяржава, развіваючы эканоміку, арыентуючыся на маладое пакаленне, — усё накіравана на тое, каб забяспечыць мірнае жыццё», — сказаў дырэктар Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Мікалай Мыслівец.

Іншыя каштоўнасці таксама маюць важнае значэнне для беларусаў, у прыватнасці, сацыяльная абароненасць. «Дзяржава забяспечвае нас адпаведнай інфраструктурай, стварае магчымасці для самарэалізацыі, забяспечвае прэферэнцыі, ільготы», — абазначыў дырэктар інстытута. «Сацыяльная дзяржава — гэта няўхільная каштоўнасць для нашага грамадства. Беларусы гэтым ганарацца і адносяцца беражліва. Калі складалася гэта апытанне, нам было вельмі важна, ці цэніць грамадства тое, што робіць дзяржава для забеспячэння мірнага жыцця і сацыяльнай абароненасці. І мы бачым, што грамадства цэніць намаганні дзяржавы», — звярнуў увагу намеснік дырэктара БІСД Віталь Пунчанка.

Паводле БелТА

Гэта яшчэ не ўсе вынікі маштабнага сацыялагічнага даследавання. «Затым будзе блок аб грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне, — паведаміў Мікалай Мыслівец, прадстаўляючы першую частку. — А заключная прэзентацыя будзе прысвечана рэзанансным пытанням».

«Звязда» абавязкова раскажа падрабязнасці. 

Заставайцеся з намі — будзе цікава.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю