Следчымі Чэрыкаўскага раённага аддзела Следчага камітэта (СК) расследуецца крымінальная справа аб забойстве, учыненым з асаблівай жорсткасцю: 52-гадовы збіў сваю састарэлую маці, ад чаго яна пазней памерла, паведамляе БелТА.
Інцыдэнт адбыўся ўвечары 2 ліпеня ў аграгарадку Майскі. Мужчыну раздражняла, што яго састарэлая маці ўжывае шмат спіртнога і лекаў. Праз гэта ён перыядычна біў яе. У той вечар сын збіў маці кулакамі і гумавым шлангам. Жанчына памерла на наступны дзень. Сам мужчына і знайшоў яе цела, вярнуўшыся з сяброўскіх вячорак. Ён выклікаў хуткую дапамогу. Медыкі канстатавалі смерць.
Праваахоўнікі затрымалі мужчыну. На месцы здарэння працавала следча-аператыўная група. Судова-медыцынская экспертыза пацвердзіла наяўнасць мноства ўдараў і ран на целе пацярпелай. Устаноўлена, што жанчына памерла ад спалучаных траўм галавы, тулава і канечнасцяў. На яе целе выяўлена не менш за 46 траўматычных уздзеянняў цвёрдымі тупымі прадметамі.
Мужчына расказаў следчаму, што ён больш за 20 разоў ударыў маці ў «выхаваўчых мэтах». З яго слоў, пажылая жанчына станавілася неадэкватнай, калі піла вялікую колькасць таблетак або спіртное. Ён усяляк спрабаваў ёй растлумачыць, што так рабіць нельга. Мужчына не адмаўляў, што перыядычна біў уласную маці.
Суседзі станоўча адгукаліся пра сям’ю, адзначаючы, што абодва сыны не парушалі грамадскі парадак. Улічваючы сталы ўзрост, у жанчыны былі праблемы са здароўем, з-за чаго яна прымала лекі. Сяброўкі і пляменніца ведалі пра гвалт сына ў дачыненні да пацярпелай і спрабавалі пераканаць яго, заклікаючы да здаровага сэнсу. Раней ён не быў судзімы.
Дзеянні 52-гадовага жыхара Чэрыкаўскага раёна кваліфікаваныя па п. 2 арт. 154 (катаванне, здзейсненае ў дачыненні да заведама састарэлай асобы) і п. 2 і п. 6 ч. 2 арт. 139 (забойства заведама састарэлай асобы з асаблівай жорсткасцю) КК. З санкцыі пракурора да яго прыменена мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.