У суботу, 20 верасня, горад Заслаўе стаў сталіцай абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі — 2025». Свята праходзіць хлебасольна і з размахам. У гэтым на свае вочы пераканаліся карэспандэнты «Звязды».
Галоўнае свята хлебаробаў пачалося з закладкі капсулы з пасланнем нашчадкам пад будучы фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Сярод важных новых аб’ектаў у гістарычным цэнтры горада — унікальны музей пад адкрытым небам, аналагаў якому няма ў Беларусі. Тут за шклянымі вітрынамі наведвальнікі змогуць пазнаёміцца з гісторыяй Заслаўя, якому сёлета спаўняецца 1040 гадоў.
На замчышчы пасля раскопак можна ўбачыць фрагменты ўваходнай брамы, якая была схаваная пад пластом зямлі. Зараз аб’ект закансерваваны, але пасля правядзення праектных работ і рэстаўрацыі турыстычныя аб’екты Заслаўя папоўняцца яшчэ адной каштоўнай лакацыяй. Да велізарнай радасці маленькіх гасцей свята — Маладзёжны парк на плошчы амаль 6 гектараў, напоўнены разнастайнымі актыўнасцямі — ад футбольнага поля са штучным пакрыццём да пляцовак.
- У тым, што Мінская вобласць багатая хлебам і не толькі, можна пераканацца на бясконцых шэрагах падворкаў раёнаў. Тут не толькі эстэтычна, але і вельмі апетытна — ад хлебных караваяў і кошыкаў з гароднінай і садавінай да мясных разнасолаў. Сярод іх ёсць месца навінкам вытворцаў. Так, сельгасвытворцы з Барысаўскага раёна дэманструюць фіялетавую пшаніцу, а Слуцкія сыраробы частуюць сырным марозівам.
Жадаючых усё гэта ўбачыць у Заслаўі тысячы, госці прыехалі з розных раёнаў вобласці і не толькі. Сярод іх асабліва вылучаюцца хлебаробы, чые касцюмы ўпрыгожаны эфектнымі бутаньеркамі з каласкамі. Дарэчы, камбайнер з Клецкага раёна Павел Шуціла прыехаў у Заслаўе на сваім гераічным камбайне, на якім намалаціў больш за 8,4 тысячы тон. Гэта рэкорд не толькі для вобласці, але і для краіны.
Сёння ганаровыя ўдзельнікі жніва атрымаюць свае заслужаныя ўзнагароды, а заўтра зноў адправяцца ў поле — на сяўбу, уборку кукурузы, нарыхтоўку кармоў. Цырымонія ўзнагароджання — зусім хутка!
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
фота Лізаветы ГОЛАД