Самыя важкія аргументы на карысць прыпяцка-падняпроўскай (палескай) тэорыі прарадзімы славян назваў старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў, гісторык Ігар Марзалюк.
Як адзначыў Ігар Марзалюк, ёсць тры навуковыя тэорыі пра прарадзіму славян — дунайская, вісла-одэрская і прыпяцка-падняпроўская (Палеская). Апошняя мае вельмі старажытныя вытокі. «Самыя важкія факты на карысць прыпяцка-падняпроўскай тэорыі ўнесла найцікавая і вельмі аб’ектыўная навука — генетыка», — сказаў гісторык.
«Генетыкамі былі вызначаны дзве розныя групы славянскага насельніцтва. Адна з іх ахоплівае заходніх славян, усходніх славян і дзве групы паўднёвых славян (харватаў і славенцаў). Другая ўключае астатніх паўднёвых славян. Паводле вынікаў даследаванняў, большасць славянскага насельніцтва першай групы мае падобны генафонд па мужчынскай храмасоме. І тут пачынаецца для нас, беларусаў, самае цікавае. На думку генетыкаў, менавіта беларуская папуляцыя стаіць бліжэй за ўсё да славянскага праэтнасу, — сказаў Ігар Марзалюк. — Праведзенае даследаванне генафонду рускіх, украінцаў і беларусаў паказала, што апошнія маюць усе спецыфічныя асаблівасці першых двух папуляцый. Гэта значыць тэрыторыю Беларусі варта ўключаць у прарадзіму, адкуль прасоўваліся розныя славянскія этнічныя групы ў старажытныя часы».
Паводле яго слоў, гэтыя найцікавыя факты сталі вядомыя дзякуючы развіццю новага навуковага напрамку — этнічнай геномікі, якую актыўна развіваюць расійскія і беларускія генетыкі. «У артыкуле Альберта Валянцінава „Беларусь — радзіма ўсходніх славян“ прыводзіцца меркаванне і выказванне на гэтую тэму вялікага расійскага вучонага, доктара біялагічных навук, загадчыка аддзела Інстытута малекулярнай генетыкі Расійскай акадэміі навук Святланы Лімборскай. Яна расказвае аб расшыфроўцы геному чалавека, якія велічэзныя патэнцыйныя магчымасці атрыманы і аб этнічнай геноміцы — той разнавіднасці генетыкі, якая вывучае геномныя асаблівасці ў розных этнічных групах людзей (народах). Навукоўцаў зацікавіла, ці можна ў такіх супольнасцях прасачыць наяўныя агульныя генетычныя прыкметы на ўзроўні, дапусцім, групы беларусаў, рускіх, украінцаў, палякаў», — сказаў Ігар Марзалюк.
Гісторык заключыў, што вывучаючы розныя папуляцыі, параўноўваючы іх геномы, ацэньваючы сваяцтва паміж імі, можна ўсталяваць, якія з гэтых папуляцый маюць агульнае гістарычнае мінулае і якія геномы больш старажытныя.