Top.Mail.Ru

Самы лепшы пачатак Года добраўпарадкавання

Міхаіл Мірончык, дэпутат Палаты прадстаўнікоў па Каменнагорскай выбарчай акрузе № 102:


— Правядзенне артэзіянскай вады для жыхароў Фрунзенскага раёна — гэта вялікая падзея! У нашым раёне самая вялікая колькасць людзей, і для нас якасць вады заўсёды была праблемай. Вада і водазабеспячэнне — асноўныя рэчы для жыцця. Тым больш у нашым раёне размешчана самая вялікая колькасць жылых дамоў, школ, дзіцячых садкоў, дзе чыстая артэзіянская вада — гэта проста неабходнасць! Нярэдка пры правядзенні сустрэч з насельніцтвам і прыёмаў грамадзян узнімалася пытанне якасці вады ў Фрунзенскім раёне, тэма была сапраўды актуальная. Упэўнены, што цяпер кожны жыхар маёй акругі ўдзячны кіраўніцтву нашай краіны і горада за такі цудоўны падарунак.


Марына Лянчэўская, дэпутат Палаты прадстаўнікоў па Заходняй выбарчай акрузе № 101:

— Упэўнена, жыхары Фрунзенскага раёна сталіцы па-сапраўднаму шчаслівыя. Цяпер і ў іх кватэры пачне паступаць вада з артэзіянскіх крыніц. На працягу ўсяго майго дэпутацтва пытанне якасці пітной вады было ў топе на асабістых прыёмах грамадзян і сустрэчах у працоўных калектывах. Дзякуючы асабістай ініцыятыве і кантролю кіраўніка дзяржавы пытанне вырашана. Яго вырашэнню папярэднічала каласальная работа ўсіх зацікаўленых і вялізныя інвестыцыі. І наша сацыяльная дзяржава не пабаялася ўвязацца ў такі няпросты праект дзеля павышэння якасці жыцця грамадзян. Чыстая вада — гэта не толькі здароўе, але яшчэ і эканомія: калі яна цячэ на кухні з крана і не трэба несці дадатковыя выдаткі на лакальныя сістэмы фільтрацыі або набыццё бутыляванай вады. Жыхары маёй акругі могуць ужо сёння смела выпіваць рэкамендаваныя два літры вады адразу ж з-пад крана з поўным усведамленнем, што яна не толькі смачная, але і карысная. Пагадзіцеся: такі падарунак мінчанам — гэта найлепшы пачатак Года добраўпарадкавання!

Людміла Клімовіч, жыхарка сталічнага мікрараёна Сухарава:

— Мы пабудавалі тут кватэру дваццаць гадоў таму, і праблема вады была тады і заставалася дагэтуль самай галоўнай. За гэты час шмат змянілася ў лепшы бок: пабудавана новая дарослая паліклініка, нядаўна ўвялі ў эксплуатацыю вялікую дзіцячую, будуюцца новыя дамы, дзіцячыя садкі, школы, нават царкву пабудавалі... Транспартныя зносіны добрыя, шмат вялікіх крам... Цяпер жа, калі атрымалі з крана чыстую ваду, можна з упэўненасцю казаць, што жыццё ў нас вельмі зручнае і камфортнае!

Тамара Чычылава, жыхарка вуліцы Ляшчынскага:

— Жыву ў мікрараёне Кунцаўшчына з 1990-х гадоў, і атрымаць такі падарунак у маім даволі сталым узросце — а мне ўжо 74-ы год пайшоў — вялікая справа! Людзі пенсіённага ўзросту заўсёды непакояцца за свой стан здароўя, бо якасць вады ўплывае на якасць жыцця і даўгалецце. Я — не выключэнне. Хочацца пажыць як мага даўжэй і стаць відавочцам далейшых станоўчых пераўтварэнняў у нашай прыгожай краіне.

Што датычыцца артэзіянскай вады, якая цяпер цячэ з нашых кранаў, — вельмі ўдзячная кіраўніку дзяржавы за вырашэнне такога важнага для ўсіх нас пытання. Трэба разумець каштоўнасць гэтага падарунка і берагчы тое, што атрымалі. І зараз я кажу не толькі аб прыродных багаццях, але і аб нашай краіне — яе суверэнітэце, незалежнасці і наогул дзяржаўнасці. Трэба берагчы гэтае багацце — жыць на сваёй зямлі пад мірным небам!

Як чалавек, які нарадзіўся ў 1941 годзе, ведаю, аб чым кажу…

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю