Top.Mail.Ru
527

Самалюбства — пачуццё са знакам мінус? Або разбіраемся, як прычэпленыя ярлыкі скажаюць рэальнасць

З кожным годам даследчыкі выяўляюць у нашым арганізме ўсё больш недасканаласцяў. Гэта пацвярджае тэорыю, што чалавек у XXІ стагоддзі яшчэ знаходзіцца на этапе эвалюцыі. Нам неабходна каля паўмільёна гадоў, каб пазбавіцца ад недахопаў. 


Пра гэта працягваем размову з нейрахірургам, навуковым супрацоўнікам аддзялення пухлін галаўнога мозгу РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, выкладчыкам кафедры неўралогіі і нейрахірургіі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аховы здароўя Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, членам Беларускага саюза журналістаў Гуменам ГАРБАННІДЖАДАМ.

— Доктар, чаму людзі, маючы столькі недасканаласцяў, ходзяць «з каронай на галаве»?

— Па-першае, вялікую ролю ў гэтым адыгрывае наша самалюбства, пачуццё ўласнай годнасці шмат у чым вызначае чалавечыя паводзіны. Па-другое, немалое значэнне мае рэлігійнае выхаванне. Кажуць, што чалавек — найлепшае стварэнне Бога.

— Але ж мы зусім неідэальныя, навуковыя факты сведчаць пра гэта. І ўсё роўна верым у сваю дасканаласць...

— Як урач скажу, што мозг — самы пражэрлівы орган у нашым арганізме, які працуе па прынцыпе энергазберажэння. І не варта забываць пра апафенію — такое кагнітыўнае скажэнне, схільнасць чалавека знаходзіць значныя сувязі, заканамернасці і сэнсы ў выпадковых, не звязаных паміж сабой рэчах. Прасцей кажучы, мозг любіць фантазіраваць. Калі спытаю, што цяжэй: кілаграм ваты або жалеза? Аднолькава, але ж так і хочацца адказаць, што жалеза. Цэнтральны орган нервовай сістэмы проста прывык прычэпліваць ярлыкі, шукаць лёгкія адказы на складаныя пытанні.

Яшчэ адна прычына — старая каланіяльная палітыка, якая пераўтварылася ў новую каланіяльную палітыку. Англасаксам у Еўропе ў эпоху Адраджэння спатрэбілася каля 300 гадоў і мільёны загінулых, каб пазбавіцца ад рэлігіі. Рэлігія і навука — антаганісты. Дастаткова прыкладаў з гісторыі, калі вучоных спальвалі, каралі... А калі рэлігія вычарпала сваю ўладу, трэба было знайсці замену, якой стала ідэалогія. Для англасаксаў гэта паслужыла добрым урокам: калі ў каланіяльныя краіны ўкараняць тое, ад чаго самі каланізатары пазбаўляліся, гэта можа паралізаваць развіццё на доўгія гады. Пакуль людзі будуць маліцца багам, навука і астатнія сферы будуць прастойваць...

У сучасным свеце з гэтым пачынаюць барацьбу яшчэ ў дзіцячым узросце, калі з’яўляецца крытычнае мысленне. У некаторых краінах, у тым ліку мусульманскіх, дзецям да наступлення паўналецця забаронена наведваць рэлігійныя ўстановы. Такім чынам на першае месца ставяць развіццё чалавека, а не дагматызм. Іншае пытанне, ці будуць мець такія радыкальныя крокі жаданы вынік.

— А чым дагматызм асабліва небяспечны?

— Калі гэта датычыцца ідэі перавагі спавядальнікаў адной рэлігіі (прадстаўнікоў адной нацыі) над іншымі, гэта прывядзе да глабальнай праблемы. Напрыклад, калі нехта з гэтай групы людзей стане суддзёй, пра правасуддзе не можа быць і гаворкі. Або калі ўзначаліць установу, дзе будуць працаваць людзі розных нацыянальнасцяў, колераў скуры, канфесій і гэтак далей. Людзі, якія лічаць сябе найлепшымі стварэннямі гэтай планеты, могуць распачынаць войны, нападаць на іншых (мы памятаем, з якой ідэалогіі пачалася Другая сусветная). І іх, на жаль, наўрад ці будзе мучаць сумленне або думкі пра тое, ці мелі яны на гэта хоць нейкае права.

У наступнай публікацыі мы працягнем размову і даведаемся, чаму чалавек — адна з самых небяспечных істот на нашай планеце.

Яна ВАЛАСАЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю