Top.Mail.Ru

Самалёт сеў на лёд сярод рыбакоў: жыхар Пінскага раёна аштрафаваны за парушэнне правілаў палётаў

Жыхара Пінскага раёна аштрафавалі за парушэнне правілаў палётаў. Аб гэтым паведамляе БелТА.


У адной з сацсетак Брэсцкая транспартная пракуратура выявіла відэа, на якім лёгкае паветранае судна ажыццяўляе пасадку на ледзяное покрыва вадасховішча Пагост у Пінскім раёне ў прысутнасці грамадзян, якія масава ажыццяўлялі рыбную лоўлю.

Пры правядзенні праверкі пракуратура ўстанавіла ўладальніка паветранага судна. Ім аказаўся жыхар Пінскага раёна. Ён ажыццяўляў палёты без дазволу цэнтра Адзінай сістэмы дазволу і выкарыстання паветранай прасторы. Тэхнічны стан самалёта не інспектаваўся на працягу апошніх васьмі гадоў, а сам правапарушальнік не меў дзейных сертыфіката лётнай прыдатнасці і пасведчання авіяцыйнага персаналу грамадзянскай авіяцыі.

Брэсцкая транспартная пракуратура за парушэнне правілаў выкарыстання паветранай прасторы прыцягнула мужчыну да адказнасці па ч. 1 арт. 18.35 КаАП з накладаннем спагнання ў памеры 20 базавых велічынь (900 рублёў). Па даручэнні пракуратуры Дэпартаментам па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый парушальнік таксама прыцягнуты да адказнасці па ч. 4 арт. 18.4 КаАП.

Для прыняцця дадатковых прафілактычных мер па недапушчэнні фактаў выкарыстання паветранай прасторы транспартнай пракуратурай накіраваны інфармацыйныя лісты ў ДП «Белаэранавігацыя» і тэрытарыяльныя органы ўнутраных спраў, у тым ліку па абмежаванні дазволу на выкарыстанне паветранай прасторы паветранаму судну-парушальніку, забеспячэнні грамадскага парадку, бяспекі палётаў і авіяцыйнай бяспекі пры выкарыстанні паветранай прасторы.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю