Top.Mail.Ru

Сакрэты прафесіяналізму ад «Мінчаніна года — 2024» кіроўцы тралейбуса Галіны Евароўскай

Пасля заканчэння Гродзенскага прафесійна-тэхнічнага вучылішча тэкстыльшчыкаў (цяпер — Дзяржаўны каледж тэхнікі, тэхналогій і дызайну) Галіна ўладкавалася ў абласным цэнтры на трыкатажную фабрыку прадзільшчыцай. Але неяк прыехала ў Мінск, дзе старэйшыя брат Вячаслаў і сястра Марыя ўжо працавалі ў тралейбусным парку № 3, зазірнула да іх, пасядзела ў кабіне за рулём і адчула: ёй тут падабаецца, гэта месца быццам створана для яе. «А можа, і мне пайсці па вашых слядах?» — спытала ў Марыі і Вячаслава. Тыя яе падтрымалі. Так малодшая Вайшнаровіч паступіла на курсы кіроўцаў тралейбуса і неўзабаве папоўніла рады прафесійных транспартнікаў. А сёння Галіна Іванаўна лічыць: ёй вельмі пашанцавала.


— Для кіроўцы самае галоўнае — бяспека людзей, — гаворыць Галіна Евароўская. — Мы павінны цалкам канцэнтравацца на дарозе — бачыць, што адбываецца навокал. У 1980-я, калі пачынала, было прыкметна лягчэй, а сёння з-за велізарнай колькасці машын рух вельмі інтэнсіўны. Таму, калі выязджаеш на маршрут, усе свае праблемы трэба пакідаць за дзвярыма кабіны, быць вельмі ўважлівым і спакойным.

Сапраўды, на маршруце бывае ўсякае. А за 40 гадоў работы Галіна Іванаўна ўжо не ўспомніць, колькі разоў дапамагала пры розных здарэннях на дарозе.

— Неяк з капота наперадзе ідучай машыны пайшоў дым, — расказвае Галіна Іванаўна. — Спынілася, узяла вогнетушыцель і паспяшалася на выручку: разам пагасілі ўзгаранне, ніхто не пацярпеў. Або іншы выпадак. Малады кіроўца збіў токапрыёмнік у такога ж неспрактыкаванага калегі. Выйшлі з кабін і стаяць абодва разгубленыя. «Ну, што, хлопчыкі, дапамагчы?» — пытаюся. Яны недаверліва так на мяне паглядзелі. А потым шчыра дзякавалі і дзівіліся, як хутка выправіла «збой».

Яшчэ ў 1990-я гады кіраўніцтва папрасіла Галіну Евароўскую аб тым, каб яна ўзялася вучыць моладзь. Адразу засумнявалася: а ці атрымаецца? Аднак потым пагадзілася.

— Вучыць прафесіі — няпростая справа, — перакананая Галіна Іванаўна. — У свой час я нават скончыла спецыяльныя курсы па псіхалогіі, каб да кожнага пачаткоўца знаходзіць свой падыход. У мяне былі патрабавальныя настаўнікі, і я такая ж. Але і пахваліць магу, заўсёды радуюся за сваіх вучняў: яны ў мяне самыя лепшыя.

Калі Галіна Іванаўна толькі прыйшла ў тралейбусны парк, у калектыве было больш мужчын, на дзяўчат многія з іх паглядалі звысоку. А сёння на прадпрыемстве ўсё больш жанчын-кіроўцаў. І, на погляд маёй гераіні, яны ні ў чым не саступаюць моцнай палове, а ў нечым, можа, і пераўзыходзяць. Многія калегі шчыра дзівяцца таму, што Галіна Іванаўна, нягледзячы на такі салідны працоўны стаж, застаецца спакойнай, ураўнаважанай, ветлівай. А яна ўпэўнена: нічога дзіўнага ў гэтым няма — проста да ўсіх людзей трэба ставіцца цярпліва і з павагай.

Сваёй любімай прафесіі Галіна Іванаўна абавязана і шчасцем у асабістым жыцці. Тут, у тралейбусным парку, сустрэла свайго будучага мужа — Барыса Евароўскага. Ніколі не забудзе, як падчас «Восеньскага балю» малады калега запрасіў яе на белы танец, і паміж імі прамільгнула іскра. Не прайшло і паўгода, як Барыс і Галіна ажаніліся.

— У мяне залаты муж, — лічыць Галіна Іванаўна. — Пакуль дачка і сын не падраслі, мы з Барысам працавалі пазменна. І з самага пачатку сумеснага жыцця дамовіліся: хто вольны, той і займаецца побытам і дзецьмі. Мы абодва са шматдзетных сем’яў, абодва — малодшыя, умеем літаральна ўсё. Калі я чагосьці не паспяваю, муж падхапляе і з усім выдатна спраўляецца.

Шчыра ганарыцца Галіна Евароўская і сваімі нашчадкамі: дачкой Аляксандрай і сынам Паўлам — адукаванымі, працавітымі, клапатлівымі.

— Няма дня, каб яны не патэлефанавалі і не пацікавіліся, як у нас справы, не падзяліліся сваімі навінамі, — прызнаецца Галіна Іванаўна. — Яны ўжо даўно кажуць: «Мама, ты ж на пенсіі, звальняйся, пажыві для сябе». Але я не адважваюся сыходзіць: проста не магу ўявіць сябе без тралейбуснага парка. Калі водпуск заканчваецца, заўсёды лаўлю сябе на думцы: хутчэй бы ўжо на працу!

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю