Сёлета Маларыцкі кансерваагароднінасушыльны камбінат, вядомы пад брэндам «Таптышка», адзначыў 70-гадовы юбілей. Прадпрыемства прайшло шлях ад невялікага сушыльнага завода да сучаснай вытворчасці з поўным цыклам перапрацоўкі, дзе ствараюцца прадукты, што становяцца першым харчаваннем пасля мацярынскага малака. Сёння тут не проста захоўваюць традыцыі, а ўкараняюць тэхналогіі, якія адпавядаюць самым высокім патрабаванням якасці і бяспекі.
Робаты ў дапамогу
З 2005 года пачалася мадэрнізацыя абсталявання прадпрыемства. Новая вытворчая лінія адпавядае ўсім патрабаванням Міністэрства аховы здароўя — цяпер асноўная ўвага камбіната скіравана на прадукцыю для самых маленькіх спажыўцоў. «Наш камбінат — адно з нешматлікіх прадпрыемстваў у краіне, якое мае поўны цыкл перапрацоўкі, — падкрэслівае дырэктар прадпрыемства Юрый ВІТРУК. — Мы самі закупляем сыравіну, перапрацоўваем яе ў паўфабрыкаты, а таксама выпускаем гатовы прадукт. Іншыя вытворцы часта купляюць ужо гатовае пюрэ, а мы падтрымліваем сваіх беларускіх аграрыяў».
Асобная гордасць прадпрыемства — цэх асептычнага кансервавання, дзе вырабляюцца сокі прамога адціскання. Захоўваюцца яны ў спецыяльных ёмістасцях пры поўнай герметычнасці і тэмпературным кантролі, што дазваляе забяспечыць стабільную якасць і натуральны смак.
Нягледзячы на пэўныя выклікі, прадпрыемства не стаіць на месцы, працягвае развівацца і мадэрнізавацца. За апошнія гады тут праведзена некалькі значных тэхналагічных пераўтварэнняў. Апошняя мадэрнізацыя адбылася ў 2024-м. Яна дазволіла павялічыць выпуск да больш чым 6 000 тон прадукцыі ў год. Частка ручной працы была аўтаматызавана і заменена рабатызаванымі сістэмамі, што павысіла дакладнасць і бяспеку вытворчых працэсаў. «Мы ўжо маем першыя крокі ў кірунку лічбавізацыі, — кажа дырэктар. — У двух цэхах праходзіць тэсціраванне робатаў, якія будуць займацца ўпакоўкай і перамяшчэннем прадукцыі. Гэта яскравы прыклад таго, як аўтаматызацыя і сучасныя стандарты вытворчасці дапамагаюць чалавеку».
Не стаяць на месцы
На прадпрыемстве якасць пачынаецца з павагі да традыцый і адказнасці перад спажыўцамі. Начальнік тэхналагічнага аддзела Валянціна ГРЫГАРУК працуе на камбінаце з 1987 года. Яна прыйшла сюды адразу пасля заканчэння Магілёўскага тэхналагічнага інстытута па размеркаванні — і засталася на ўсё жыццё. «За гэтыя дзесяцігоддзі камбінат прайшоў шлях ад звычайнай вытворчасці да сучаснага прадпрыемства сусветнага ўзроўню, — кажа яна. — Цяпер, пасля перапрафілявання, мы выпускаем дзіцячае харчаванне і сокі, якія адпавядаюць усім санітарным і міжнародным нормам». Асноўныя змены, паводле яе слоў, адбыліся ў апошнія два дзесяцігоддзі. Камбінат поўнасцю перааснашчаны: старое абсталяванне са звычайнай сталі заменена на нержавеючае, а вытворчыя лініі аўтаматызавалі.
- Кантроль якасці тут — найвышэйшы. Сыравіна прымаецца толькі пры наяўнасці пратаколаў выпрабаванняў на ўсе паказчыкі бяспекі (нітраты, пестыцыды, радыенукліды і цяжкія металы). Уласная лабараторыя правярае кожную партыю, а гатовая прадукцыя праходзіць дадатковыя выпрабаванні ў акрэдытаваных цэнтрах Міністэрства аховы здароўя. «Мы выпускаем прадукцыю, за якую не сорамна, — падкрэслівае Валянціна Грыгарук. — Маці можа быць упэўнена: такая экалагічна чыстая ежа не нанясе шкоды дзіцяці. Гэта сапраўднае, натуральнае харчаванне, зробленае паводле ўсіх правіл».
Сёння на камбінаце распрацоўваюць новыя лінейкі прадуктаў — для дашкольнікаў і школьнікаў. Галоўнае — утрымліваць натуральнасць і сачыць, каб у прадукце захоўваліся вітаміны. На думку Валянціны Грыгарук, сакрэт поспеху «Таптышкі» — у стабільнасці, павазе да спажыўца і жаданні развівацца.
Досвед плюс маладосць
На Маларыцкім кансерваагароднінасушыльным камбінаце добра ведаюць: сапраўдная моц вытворчасці — у людзях, якія аддалі ёй дзесяцігоддзі. Варшчык кансервавага цэха Зульфія МІШЧУК працуе тут з 1985 года і сустракае свой юбілей працы — сорак гадоў — з асаблівай цеплынёй да прадпрыемства, і гэта адчуваецца ў кожным яе слове.
«Калі я прыйшла сюды, усё рабілася ўручную. Трохлітровыя слоікі мылі і паласкалі самі... А цяпер усё робіць машына — чыста, лёгка, хутка. Працаваць стала лягчэй, можа, нават на 80 %», — расказвае яна.
Змены, якія адбыліся на камбінаце за гэтыя дзесяцігоддзі, яна адчувае лепш за іншых. У вытворчых памяшканнях з’явіліся аўтаматычныя лініі, а таксама шмат зручнай тэхнікі. Сама праца стала больш мабільнай і бяспечнай. «Раней трэба было сілу прыкладаць, цяпер усё па-іншаму. Адзначу і па-сапраўднаму шчыры клопат аб работніках», — з усмешкай кажа Зульфія Карымаўна.
Асабліва яна падкрэсліла сацыяльны пакет, які прапануе камбінат: туды ўваходзяць медыцынская страхоўка, дапамогі пры адпачынках і святах, пуцёўкі ў санаторыі, навагоднія падарункі, прэміі і г. д. «Мне здаецца, што лепшага і жадаць не трэба. Усё ёсць, і адносіны чалавечыя», — заўважыла ветэран прадпрыемства. Але самае галоўнае — гэта людзі. «Я люблю свой калектыў. Гэта мая сям’я. Мы ўсе розныя — і ўсё ж разумеем адно аднаго без слоў», — усміхаецца яна.
Такіх, як Зульфія Мішчук, на «Таптышцы» называюць сэрцам прадпрыемства — тымі, хто трымае сувязь паміж мінулым і сучаснасцю, робячы вытворчасць не толькі тэхналагічнай, але і чалавечай.
На камбінаце ёсць таксама і тыя, хто толькі пачынае свой шлях. Дар’я НОВІКАВА — адна з іх. Укладчыца-ўпакоўшчыцай яна працуе тут крыху больш за паўгода. «Работа акуратная, патрабуе ўвагі, але ўсё зразумела і зладжана», — тлумачыць дзяўчына. Для Дар’і гэта першае сур’ёзнае месца работы пасля школы. І як прызнаецца дзяўчына, уражанні ад пачатку прафесійнага жыцця толькі станоўчыя.
Яна адзначае, што на прадпрыемстве дзейнічае інстытут настаўніцтва, каб маладыя людзі маглі паступова ўлівацца ў калектыў і набываць прафесійны вопыт. Для «Таптышкі» моладзь — сведчанне таго, што прадпрыемства квітнее і развіваецца, рыхтуючы новую змену, якая з часам таксама стане часткай вялікай вытворчай сям’і.
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ
Фота прадастаўлена прадпрыемствам