Гэта адзначае намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута сістэмных даследаванняў у АПК НАН Беларусі Святлана КАНДРАЦЕНКА. Складанай застаецца і сітуацыя з цэнамі на рэсурсы. Працягваюць даражэць мінеральныя ўгнаенні, сродкі абароны раслін, племянная прадукцыя, ветэрынарныя прэпараты, вакцыны і іншае. Гэта асабліва істотна ва ўмовах уплыву на галіну кліматычных змяненняў, калі важна забяспечыць максімальна магчымы доступ аграрыяў усяго свету да найноўшых навуковых распрацовак і тэхналогій.
Унікальны вопыт
Па даных ФАО (харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН) за 2024 год, больш за 730 мільёнаў чалавек у свеце галадаюць, а 2,6 мільярда чалавек (гэта 32 % жыхароў планеты) не могуць дазволіць сабе здаровы рацыён харчавання. У вырашэнні глабальнай праблемы асноўны ўпор па-ранейшаму робіцца на гуманітарныя праграмы і дапамогу, што, несумненна, важна для падтрымання доступу да харчавання насельніцтва самых бедных краін. Разам з тым вызваленне міжнароднага гандлю ад неабгрунтаваных санкцый і абмежаванняў далі б яшчэ значна большы эфект і дазволілі б забяспечыць сельскую гаспадарку даступнымі рэсурсамі для развіцця. Асабліва гэта актуальна для рэгіёнаў, дзе да 70 % хатніх гаспадарак залежаць ад сельскай гаспадаркі як крыніцы сродкаў да існавання.
У сувязі з гэтым асабліва важна падтрымаць развіццё міжнароднага супрацоўніцтва і навукова-вытворчай кааперацыі ў мэтах распаўсюджвання тавараў, тэхналогій, ведаў і кампетэнцый, неабходных для павышэння ўстойлівасці сельскагаспадарчай вытворчасці, забеспячэння якасці і бяспекі прадуктаў харчавання для ўсіх катэгорый насельніцтва.
Святлана Кандраценка ўпэўнена, што вопыт Беларусі ў вырашэнні задач харчовай бяспекі ўнікальны і будзе карысны іншым дзяржавам, якія нацэлены на развіццё ўласнай сельскай гаспадаркі і аграпрамысловага комплексу. Пра гатоўнасць нашай краіны ўносіць важкі ўнёсак у харчовае забеспячэнне ў еўразійскім рэгіёне і ва ўсім свеце, дзяліцца вопытам і тэхналогіямі, дзейнічаць разам у інтарэсах эканамічнага і харчовага дабрабыту насельніцтва, неаднаразова заяўляў на міжнароднай арэне Прэзідэнт Беларусі. Аляксандр Лукашэнка адзначаў, што «Беларусь валодае вопытам і тэхналогіямі, якія дазваляюць умацоўваць харчовую бяспеку, і гатовая дзяліцца імі з іншымі краінамі».
Смачныя і даступныя прадукты
Міжнародныя ацэнкі і прызнанне дасягнутых нашай дзяржавай вынікаў ва ўмацаванні глабальнай харчовай бяспекі вельмі важныя, лічыць Святлана Кандраценка. Пры гэтым, у пытаннях маніторынгу і прагназавання стану нацыянальнай аграхарчовай сістэмы Беларусь абапіраецца на ўласную метадалогію і мэтавыя арыенціры, якія вызначаны ў дактрыне нацыянальнай харчовай бяспекі да 2030 года. У першую чаргу — гэта дасягненне высокага ўзроўню даступнасці бяспечных і якасных харчовых прадуктаў у аб’ёмах і асартыменце, неабходных для актыўнага і здаровага ладу жыцця ўсіх катэгорый насельніцтва нашай краіны.
Сістэма індыкатараў, якая ўжываецца Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі падчас выканання штогадовага маніторынгу харчовай бяспекі, усебакова ўлічвае фактары, што ўплываюць на ўзровень фізічнай, эканамічнай даступнасці сельскагаспадарчай прадукцыі, сыравіны і харчавання. Важная і экалагічная ўстойлівасць вытворчасці, узровень і якасць харчавання ў разрэзе катэгорый насельніцтва, уплыў харчовай забяспечанасці на паказчыкі здароўя і іншыя фактары.
Умацаванне вытворчага і эканамічнага патэнцыялу аграпрамысловага комплексу дазволіла за апошнія гады істотна павысіць узровень спажывання асноўных прадуктаў насельніцтвам. За мінулы год у параўнанні з 2020-м спажыванне мяса і мясапрадуктаў павялічылася на 5 кг (склала 103 кг у разліку на аднаго чалавека ў год), малака і малочных прадуктаў — на 3 кг (247 кг), агародніны — на 11 кг (180 кг), яек — на 10 штук (278 штук).
Эканамічная даступнасць прадуктаў харчавання таксама штогод павялічваецца. У 2024 годзе на сярэдні грашовы даход у месяц жыхар краіны мог купіць 112,2 кг ялавічыны (акрамя бескасцёвага мяса) — гэта на 29,7 кг больш, чым у 2020-м, свініны — 117,5 кг (на 8,9 кг больш), сыру цвёрдага — 54,8 кг (на 7,9 кг больш), бульбы — 905,9 кг (на 206,3 кг больш), яблыкаў — 342,3 кг (на 87 кг больш), яек — 3337 штук (на 379 штук больш).
Цяпер беларусы купляюць амаль 100 % мясных і малочных прадуктаў, цукру, масла сметанковага і яек менавіта айчыннай вытворчасці, 95 % — сыроў і бульбы, 90 % і больш — капусты, буракоў, морквы і агуркоў свежых.
Летась у параўнанні з 2022 годам доля беларускіх свежых яблыкаў у арганізацыях гандлю краіны павялічылася на 24,6 працэнтнага пункта, капусты белакачаннай — на 16,8, агуркоў — на 17, таматаў — на 11,1, цыбулі рэпчатай — на 6,7, сталовых буракоў — на 9, крупы грачанай — на 2,5, мукі — на 3,9.
У перспектыве павышэнне долі айчыннай прадукцыі на ўнутраным рынку ў выніку павелічэння аб’ёмаў вытворчасці і асартыменту будзе аказваць станоўчы ўплыў на харчовую бяспеку насельніцтва і эканоміку таваравытворцаў, для якіх гарантаваныя пастаўкі на ўнутраны рынак якаснай і даступнай для шырокага кола спажыўцоў прадукцыі з’яўляюцца прыярытэтнай задачай.
Стаўка на інавацыі
Асаблівую ролю ў павышэнні канкурэнтаздольнасці айчыннай прадукцыі як на ўнутраным, так і на знешнім рынку будуць мець інавацыі, упэўнена Святлана Кандраценка. Напрыклад, ключавымі тэхналагічнымі навінамі вядучых вытворцаў стануць павышэнне якасці і бяспекі прадукцыі на аснове выкарыстання нана-, біятэхналогій і штучнага інтэлекту, а таксама глыбокая перапрацоўка сыравіны і рэсурсазберажэнне, стварэнне экалагічнай і празрыстай упакоўкі, лічбавыя рашэнні для аптымізацыі лагістыкі.
Айчынныя прадпрыемствы ідуць у нагу з трэндамі сусветнага рынку харчавання пры падтрымцы сваёй навукі. Асвойваецца выпуск новых відаў малочнай прадукцыі — сухога малака, сумесяў і інгрэдыентаў для харчовай прамысловасці, сыроў з белай і блакітнай цвіллю і тварожных сыроў, ёгуртаў з натуральнымі напаўняльнікамі і іншых навінак «здаровага харчавання». Працягваецца выраб мясных паўфабрыкатаў, гатовых бульбяных прадуктаў і замарожаных агароднінных сумесяў, функцыянальных і спецыялізаваных прадуктаў для дзяцей, спартсменаў і пажылых людзей. Гэта прадукцыя з высокай спажывецкай каштоўнасцю і дабаўленым коштам. Як лічыць Святлана Кандраценка, важна забяспечыць эфектыўнае яе пазіцыянаванне і прасоўванне на рынку краіны і за мяжой.
Сяргей КУРКАЧ