Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка паспяхова пачала абарону чэмпіёнскага тытула на турніры катэгорыі WTA-500 у аўстралійскім Брысбене з прызавым фондам $1,2 млн, паведамляе БелТА.
Сёння ў паядынку 1/16 фіналу першая ракетка планеты разграміла прадстаўніцу Іспаніі Крысціну Букшу, якая займае 50-е месца ў сусветным рэйтынгу, — 6:0, 6:1. У трэцім крузе саперніцай Сабаленкі будзе пераможца матча паміж латвійскай тэнісісткай Аленай Астапенка (23-і нумар рэйтынгу WTA) і румынкай Саранай Кырстэй (41). Год таму Арына Сабаленка перамагла ў вырашальным паядынку расійскую тэнісістку Паліну Кудэрметаву. У першым раўндзе парнага разраду Арына Сабаленка і іспанская тэнісістка Паула Бадоса абыгралі расійска-кітайскі тандэм Людміла Самсонава / Чжан Шуай, а ў чвэрцьфінале сустрэнуцца з аўстралійска-іспанскім дуэтам Элен Перэс / Крысціна Букша.
Яшчэ адна беларуска Аляксандра Сасновіч (113) перамагла ў першым раўндзе расійскую тэнісістку Ганну Блінкову (61) — 7:5, 6:1, а ў 1/16 фіналу сустрэнецца з датчанкай Кларай Таўсан (12). У асноўную сетку Аляксандра Сасновіч прабілася праз кваліфікацыю, абыграўшы балгарку Вікторыю Тамову (128) — 6:2, 6:2, і прадстаўніцу Узбекістана Марыю Цімафееву (138) — 2:6, 6:3, 6:2.
Турнір Brisbane International завершыцца 11 студзеня.