Першая ракетка планеты беларуска Арына Сабаленка другі раз запар стала пераможцай адкрытага чэмпіянату ЗША, паведамляе БелТА.
У вырашальным паядынку Сабаленка абыграла ў двух сэтах прадстаўніцу ЗША Аманду Анісімаву, якая займае дзявятае месца ў сусветным рэйтынгу, — 6:3, 7:6. Сустрэча працягвалася 1 гадзіну 36 хвілін.
Для 27-гадовай Арыны Сабаленкі гэта быў трэці запар фінал US Open — у 2023 годзе яна саступіла тытул амерыканцы Коры Гаўф, а год таму адолела амерыканку Джэсіку Пегулу-7:5, 7:5. Цяпер у актыве беларускі чатыры перамогі на турнірах серыі «Вялікага шлема» — па два на Australian Open (2023, 2024) і US Open (2024, 2025), усяго ў яе 21 вікторыя на турнірах пад эгідай WTA.
На шляху да фіналу цяперашняга турніру Арына Сабаленка перамагла прадстаўніцу Швейцарыі Рэбеку Масараву (108-ы нумар сусветнага рэйтынгу), расіянку Паліну Кудэрметаву (67), канадскую тэнісістку Лейлу Фернандэс (30), прадстаўніцу Іспаніі Крысціну Букшу (95), чэшку Маркету Вондроўшаву (60) і Джэсіку Пегулу (4).
У фінале мужчынскага турніру дзеючы чэмпіён італьянскі тэнісіст Янік Сіннер (1) сустрэнецца з іспанцам Карласам Алькарасам (2). У мінулым годзе Янік Сіннер абыграў у фінальным матчы амерыканца Тэйлара Фрыца — 6:3, 6:4, 7:5.
Агульны прызавы фонд 145-га US Open складае рэкордныя $90 млн, чэмпіёны ў мужчынскім і жаночым адзіночных разрадах заробяць па $5 млн і па 2000 рэйтынгавых ачкоў.
Фота НАК