Беларуска Арына Сабаленка чацвёрты раз запар прабілася ў фінал адкрытага чэмпіянату Аўстраліі па тэнісе, паведамляе БелТА.
Сёння ў першым паўфінальным матчы першая ракетка планеты перамагла ў дзвюх партыях украінку Эліну Світоліну, якая займае 12-е месца ў сусветным рэйтынгу, — 6:2, 6:3. Сустрэча доўжылася 1 гадзіну 18 хвілін. На цяперашнім турніры Арына Сабаленка таксама перамагла прадстаўніцу Францыі Тыанцоа Ракатамангу, кітаянку Чжу Сян Бай, прадстаўніцу Аўстрыі Анастасію Патапаву, канадку Вікторыю Мбока і амерыканскую тэнісістку Іву Ёвіч, не аддаўшы саперніцам ніводнага сэта. Арына Сабаленка двойчы запар выйгравала Australian Open (2023, 2024), а год таму саступіла ў фінальным паядынку амерыканцы Мэдысан Кіз.
У другім сённяшнім паўфінале прадстаўніца Казахстана Алена Рыбакіна (5-ы нумар рэйтынгу WTA) сустрэнецца з амерыканскай тэнісісткай Джэсікай Пегулай (6). Жаночы фінал першага ў сезоне турніру серыі «Вялікага шлема» пройдзе ў Мельбурне 31 студзеня.
Заўтра ў першым мужчынскім паўфінале пераможца двух апошніх Australian Open італьянскі тэнісіст Янік Сінер (2) сустрэнецца з дзесяціразовым трыумфатарам аўстралійскага чэмпіянату сербам Новакам Джокавічам (4). У другім матчы за выхад у фінал лідар сусветнага рэйтынгу іспанец Карлас Алькарас будзе сапернічаць з прадстаўніком Германіі Аляксандрам Зверавым, у якога трэцяя пазіцыя. Фінал мужчынскага турніру адбудзецца 1 лютага.