Top.Mail.Ru

Саўдзельнікі шэрых фінансавых схем наносяць шкоду не толькі дзяржаве — яны аказваюць мядзведжую паслугу самім сабе

Дуля ў канверце


На жаль, яшчэ знаходзіцца нямала працадаўцаў, якія не супраць зарабіць за кошт не даплачаных у казну падаткаў. Адна з распаўсюджаных шэрых схем — зарплата ў канвертах. Аднак тут, безумоўна, задзейнічаны два бакі — наймальнікі, якія яе выплачваюць, і работнікі, якія яе атрымліваюць. Зразумела, усе жадаюць зарабіць як мага больш. Тым не менш недаплаты падаткаў шкодзяць не толькі дзяржаве, але і перш за ўсё «аканверчаным» работнікам, у якіх няма ніякай гарантыі атрымання агаворанай зарплаты і справядлівага памеру будучай пенсіі. Пазбаўляюцца яны і іншых сацыяльных выплат, такіх важных, напрыклад, як паўнавартасная аплата бальнічнага і водпуску.

Дзе забуксавалі падаткі?

Многія згаджаюцца на атрыманне шэрай зарплаты і не задумваюцца аб наступствах такіх дзеянняў. Але трэба прызнаць, што часта наймальнікі ставяць іх перад выбарам: альбо атрымлівай частку заробку неафіцыйна, або ідзі на ўсе чатыры бакі.

Аднак не спяць у шапку і кантралюючыя органы. Як падкрэсліў начальнік аддзела Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Юрый КАРДЫМОН, барацьба з шэрымі схемамі вядзецца па некалькіх кірунках.

Першы — выяўленне злачынстваў і іншых правапарушэнняў, звязаных з выплатай зарплаты ў канвертах. У першым паўгоддзі 2026-га органамі Камітэта дзяржкантролю па адпаведных фактах было праведзена 38 праверак. Выяўлена 108 злачынстваў. Сума дадаткова прад’яўленага па выніках праверак падаходнага падатку і страхавых узносаў перавысіла 56 млн рублёў. Па ўзбуджаных у першым паўгоддзі крымінальных справах устаноўлены выпадкі выплаты зарплаты ў канвертах больш як 18 тысячам работнікаў.

У асноўным шэры фонд для выплаты заработнай платы фарміраваўся з утоенай выручкі, пералічэнняў падкантрольных індывідуальных прадпрымальнікаў за нібыта выкананыя работы, а таксама за кошт падмены працоўных адносін грамадзянска-прававымі, адзначыў Юрый Кардымон. Па яго словах, невялікі рост выяўленых злачынстваў зусім не азначае, што іх стала больш. Перш за ўсё, гэта вынік асаблівай увагі да такіх правапарушэнняў з боку кантралюючых органаў, актывізацыі работы ў гэтым кірунку і павышэння ўзроўню міжведамаснага ўзаемадзеяння.

Напрыклад, у гэтым годзе органы фінансавых расследаванняў КДК выявілі маштабную супрацьпраўную схему ў сферы перавозак пасажыраў, звязаную з выплатай зарплаты ў канвертах у 16 сталічных кампаніях таксі. Яе атрымлівалі больш за 4 тысячы вадзіцеляў. Нанесены дзяржаве ўрон у выглядзе не ўтрыманага і не пералічанага ў бюджэт падаходнага падатку з фізічных асоб перавысіў 5 млн рублёў. У дачыненні да службовых асоб кампаній узбуджаны крымінальныя справы.

— Акрамя таго, па ўсіх эканамічных злачынствах, якія выяўляюцца намі, няхай гэта будзе крадзеж, хабар, ухіленне ад выплаты падаткаў або легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у абавязковым парадку вывучаюцца і правяраюцца пытанні магчымай выплаты зарплаты ў канвертах, — звярнуў увагу Юрый Кардымон.

Анлайн-панэль у дапамогу

Другі кірунак — гэта актыўнае ўзаемадзеянне і абмен інфармацыяй паміж праваахоўнымі і кантралюючымі органамі ў мэтах аператыўнага выяўлення фактаў выплат зарплаты ў канвертах. Працягвае дзейнічаць міжведамасная рабочая група, у склад якой уваходзяць прадстаўнікі розных дзяржаўных органаў. Яна фактычна з’яўляецца каардынуючым цэнтрам па барацьбе з гэтым відам злачыннасці.

Трэці кірунак — праверка інфармацыі, якая паступае на анлайн-панэль зваротнай сувязі, якая з мая 2021 года функцыянуе на сайце Камітэта дзяржкантролю. З пачатку 2026 года на яе паступіла ад грамадзян больш за 260 паведамленняў, большасць з якіх датычылася суб’ектаў гаспадарання сталіцы і Мінскай вобласці. Частка інфармацыі пацвердзілася і была скарыстана пры правядзенні праверак.

Адкуль грошы?

Асноўная рызыка ў работнікаў, якія атрымліваюць зарплату ў канвертах, — складанасць з яе легалізацыяй пры набыцці дарагой маёмасці, канстатаваў намеснік начальніка ўпраўлення кантролю і падаткаабкладання даходаў фізічных асоб галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Кірыл ЦАГЕЛЬНІК.

Па звестках, якія маюцца непасрэдна ў падатковых органах, у аўтаматычным рэжыме праводзіцца аналіз некалькіх сотняў тысяч чалавек. Гэта звесткі аб набыцці дарагой маёмасці і транспартных сродкаў. Яны супастаўляюцца з інфармацыяй аб афіцыйных даходах фізічных асоб. Пасля такога аналізу ўжо адбіраецца больш вузкае кола асоб, у якіх угледжваюцца рызыкі перавышэння выдаткаў над афіцыйнымі даходамі, і ў дачыненні да гэтых асоб праводзіцца больш дэталёвая праверка. Дарэчы, штогод праводзіцца некалькі тысяч такіх праверак.

Пры ўстанаўленні перавышэння непасрэдна выдаткаў над даходамі ў фізічнай асобы пытаюцца, адкуль грашовыя сродкі на здзяйсненне такіх пакупак? Адпаведна, накіроўваецца патрабаванне аб прадастаўленні тлумачэнняў, якія потым і з’яўляюцца прадметам пільнага вывучэння ў падатковых органах. Калі фізічнай асобе не ўдалося пацвердзіць крыніцу паходжання грашовых сродкаў, даплата падаходных падаткаў будзе ажыццяўляцца ўжо па павышанай стаўцы — 26 %. Нагадаем, стандартны падаходны падатак складае 13 %.

Беларускім арганізацыям за паўгода накіравалі 48 тысяч паведамленняў аб неабходнасці выплаты падаткаў, паведаміла начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі кантрольнай дзейнасці Міністэрства па падатках і зборах Таццяна ЕЎДАСЬЕВА:

— Падатковыя органы выкарыстоўваюць прэвентыўны метад — гэта тлумачальная работа, прафілактыка, камеральны кантроль. І толькі ў выпадках, калі гэтыя метады не дзейнічаюць, праводзяцца праверкі. У прыярытэце выяўленне схем ухілення ад выплаты падаткаў, барацьба з ценявой эканомікай. Мы нацэлены на фарміраванне ў грамадстве прынцыповага непрыняцця як фактаў выплаты зарплаты ў канвертах, так і фактаў утойвання выручкі.

Часцей за ўсё парушэнні фіксуюцца ў сферах паслуг і будаўніцтва, здачы жылля ў кароткатэрміновую арэнду, а таксама там, дзе назіраецца абарот наяўнасці, удакладніла спецыяліст:

— Прадаўцы часта гандлююць таварам толькі за наяўныя грошы ці хлусяць пра перабоі ў працы тэрмінала, не выдаюць чэк. Таму пакупнікі, якія згаджаюцца не браць чэк пры аплаце наяўнымі, фактычна становяцца саўдзельнікамі фарміравання ценявой выручкі, якая выкарыстоўваецца для выплаты зарплаты ў канвертах. Дарэчы, факты выплат заробкаў у канвертах выяўляюцца падчас амаль кожнай трэцяй праверкі.

Сяргей КУРКАЧ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю