Польшча пастановай аб адкрыцці пунктаў пропуску прадэманстравала нармальны прагматызм. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў, паведаміла БелТА
«Добра, што яны прадэманстравалі такую паслядоўнасць у сваіх ідэях. Вельмі важна, калі палітыкі прыслухоўваюцца да меркавання свайго народа і выконваюць тое, што абяцаюць», — сказаў Максім Рыжанкоў, адказваючы на пытанне аб рэакцыі МЗС на адкрыццё Польшчай пунктаў пропуску.
Акрамя таго, лічыць міністр, адкрыццё пунктаў пропуску мае значэнне для аднаўлення нармальных адносін паміж краінамі. «Наперадзе заўсёды ідуць адносіны паміж простымі людзьмі, прадстаўнікамі бізнесу, а палітыкі потым падцягваюцца. Таму атмасфера, фон такі дастаткова пазітыўны», — лічыць ён.
На думку Максіма Рыжанкова, Польшча пастановай аб адкрыцці пунктаў пропуску прадэманстравала «нармальны, жорсткі прагматызм».
Аб добрасуседскіх адносінах з Польшчай і краінамі Балтыі 17 лістапада выказаўся Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. На сустрэчы з губернатарам Растоўскай вобласці Юрыем Слюсарам кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што жыццё прымусіць Польшчу і краіны Балтыі будаваць нармальныя адносіны з Беларуссю і Расіяй.
«Літоўцы вішчаць, верашчаць цяпер: адкрыйце граніцу. Мы яе не закрывалі. І мы ніколі дрэнна ні да палякаў, ні да літоўцаў, ні да латышоў не ставіліся. Гэта нашы суседзі, куды дзявацца? Так, яны сёння кіруюцца звонку, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Ведаеце, жыццё прымусіць... Прыйдуць да ўлады іншыя людзі, якія будуць бачыць інтарэсы ў Беларусі і Расіі, як гэта было раней. Навошта (было. — Заўв. БелТА) страчваць гэтыя рынкі, страчваць такія добрыя адносіны?»