Top.Mail.Ru
69

Рыжанкоў на выставе да 110-годдзя Нарацкай аперацыі: акупанты палілі беларускія вёскі ў Першую сусветную вайну

Акупанты палілі беларускія вёскі яшчэ падчас Першай сусветнай вайны, падкрэсліў міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў на адкрыцці выставы «Выратаванне Еўропы. 110 гадоў Нарацкай аперацыі» ў Нацыянальным гістарычным музеі, паведаміла БелТА.


«Упершыню вёскі на тэрыторыі Беларусі былі спаленыя акупантамі не ў 1941 годзе, а падчас Першай сусветнай вайны, у 1915 годзе. Ужо тады пракацілася хваля агню па нашай зямлі», — сказаў кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства, нагадаўшы, што 22 сакавіка мы будзем успамінаць яшчэ адну страшную падзею — Хатынскую трагедыю. 


Ён прывёў вядомыя на сённяшні дзень даныя аб загінулых і пацярпелых жыхарах нашай краіны, уключаючы бежанцаў, разбураных гарадах і спаленых вёсках, разрабаванні акупантамі прыродных рэсурсаў, цяжкіх наступствах для прамысловасці і сельскай гаспадаркі. 

«І пытанне заканамернае для нас усіх: што ж атрымаў наўзамен той ахвяры беларускі народ? Нічога, акрамя гістарычнага забыцця», — сказаў Максім Рыжанкоў. 


«Нас увесь час вучаць, як нам жыць, што нам рабіць. Сёння зброя, якая выкарыстоўваецца супраць нас, — не бомбы, не ракеты. Гэта абмежаванні, санкцыі, якія б’юць па звычайных людзях, стрымліваюць развіццё нашай дзяржавы, як і многіх іншых. Арсенал памяняўся, але задачы тыя ж самыя», — лічыць міністр.



Па словах кіраўніка МЗС, у Беларусі з трывогай назіраюць за нарошчваннем ваеннай інфраструктуры па перыметры граніц. «У Літве размешчана нямецкая танкавая брыгада: упершыню з часоў Другой сусветнай вайны Германія разгарнула свае сілы каля нашых рубяжоў на пастаяннай аснове... У Польшчы, менш чым за 80 км ад Беларусі, адкрытая новая разведвальная база», — сказаў ён. 


Максім Рыжанкоў нагадаў, што менавіта з улікам свайго гістарычнага вопыту Беларусь паслядоўна і настойліва праводзіць міралюбную знешнюю палітыку, якая знаходзіць адлюстраванне ў канкрэтных ініцыятывах, такіх як Еўразійская Хартыя разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXI стагоддзі.

Удзельнікамі мерапрыемства сталі старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Карлюкевіч, аўтар экспазіцыі Уладзімір Ліхадзедаў, прадстаўнікі замежнага дыпламатычнага корпуса, дзяржаўных органаў, СМІ.

Выставачны праект прысвечаны адной са знакавых і самых кровапралітных бітваў Першай сусветнай вайны — Нарацкай аперацыі, якая пачалася 18 сакавіка 1916 года.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю