Краінам Афрыкі цікавы напрацоўкі Беларусі па процідзеянні тэрарызму. Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў, паведамляе БелТА.
«Сёння вельмі востра стаіць у Афрыцы тэма прадухілення далейшага развіцця тэрарызму, тэрарыстычнай пагрозы. Ім вельмі цікавы напрацоўкі Беларусі па процідзеянні тэрарыстычным пагрозам, па падрыхтоўцы спецыялістаў, выкарыстанні нашага абсталявання па барацьбе з беспілотнымі лятальнымі сістэмамі, напрыклад», — расказаў Максім Рыжанкоў.
Каменціруючы праведзеныя ў Мінску перагаворы лідараў Беларусі і Ганы, кіраўнік знешнепалітычнага ведамства заявіў, што перспектывы для развіцця двухбаковых адносін у краін вельмі вялікія.
«У прэзідэнтаў адразу ўзнікла палітычная сімпатыя, якая дае магчымасць нам спадзявацца, што ўсе тыя дамоўленасці, якіх мы дасягнулі, будуць рэалізаваны. Акрамя сельскай гаспадаркі, абмяркоўваліся медыцына, фармацэўтыка, вытворчасць ветэрынарных прэпаратаў. Вельмі цікавяць Гану пытанні адукацыі. І гэта не толькі пытанні падрыхтоўкі медыцынскіх, інжынерных кадраў», — адзначыў міністр.