Top.Mail.Ru

Рыжанкоў: Глабальная большасць будуе сучасны свет, і Беларусь — частка гэтай большасці

Глабальная большасць будуе сучасны свет, і Беларусь — частка гэтай большасці. Пра гэта заявіў журналістам міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў, паведамляе БелТА.

Падводзячы вынікі свайго візіту ў Нью-Ёрк для ўдзелу ў мерапрыемствах 80-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, Максім Рыжанкоў адзначыў важнасць таго, каб голас Беларусі гучаў на міжнароднай арэне, а аднадумцы бачылі ў краіне надзейнага партнёра.

«Важна даносіць да міжнароднай грамадскасці рэчы, якія мы разумеем як аснаватворныя сённяшняга развіцця агульнасусветных тэндэнцый, сітуацыі. Дзесьці падзяліцца вопытам, дзесьці прыцягнуць увагу да нейкіх праблем, якія мы бачым. Гэта вельмі важна і для таго, каб нашы аднадумцы бачылі: мы — аднадумцы і наш голас агульны, ён значна гучнейшы, чым голас адной краіны, — сказаў міністр. — Мы яшчэ больш пераканаліся ў тым, што наша справа справядлівая, як гаворыцца, мы пераможам. Сёння Глабальная большасць будуе сучасны свет, мы таксама частка гэтай большасці. Уласна кажучы, з аднадумцамі мы яго і пабудуем».

«Таму чым больш нас будзе, тым больш будзе разумення. Чым больш будзе ўсведамлення, як кажуць нашы кітайскія сябры, неабходнасці будаўніцтва супольнасці адзінага лёсу, дзе ўсе не пра сябе думаюць, а пра будучыню чалавецтва, тым, напэўна, і мы будзем больш паспяховыя», — перакананы кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.

Акрамя таго, па яго словах, беларускаму боку было важна данесці сваю пазіцыю па актуальных пытаннях сучаснасці. Напрыклад, па нераспаўсюджванні ўзбраенняў масавага паражэння, міграцыйным парадку дня, трансгранічным супрацоўніцтве, недапушчальнасці санкцый і эканамічных абмежаванняў, выпрацоўцы мер стабільнасці і бяспекі ў Еўразійскім рэгіёне.

Візіт на міжнародныя форумы — гэта таксама магчымасць сустрэцца з цяперашнімі і патэнцыяльнымі партнёрамі, абмеркаваць з імі ўзаемную падтрымку на сусветных пляцоўках, перспектывы двухбаковага супрацоўніцтва і канкрэтныя праекты.

«Гэта пошук тых, хто будзе разам з намі на палях Асамблеі ААН, на палях іншых міжнародных пляцовак праводзіць узгодненыя дзеянні ў рамках тых праблем, што нас хвалююць, быць сааўтарам у рэзалюцыях. Хтосьці спрабуе заручыцца нашай падтрымкай. Мы абменьваемся падыходамі па падтрымцы кандыдатур адзін аднаго на выбарах у міжнародных арганізацыях. І двухбаковая тэма — выбудоўванне каркаса нашых адносін», — падкрэсліў беларускі дыпламат.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю