Еўрапейскі саюз хоча паўстаць у вачах сваіх грамадзян нейкай абложанай крэпасцю. Пра гэта ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1» заявіў міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў.
Каменціруючы візіт кіраўніка Еўракамісіі Урсулы фон дэр Ляен у краіны ЕС, якія мяжуюць з Расіяй і Беларуссю, Максім Рыжанкоў заявіў, што гэта было шоў і нагнятанне запалу. Паводле яго слоў, Еўрасаюз хоча паўстаць у вачах сваіх грамадзян нейкай абложанай крэпасцю, каб запалохаць насельніцтва і абгрунтаваць існуючыя праблемы ў сацыяльна-эканамічным развіцці.
«Яны разгарнулі маштабную кампанію па мілітарызацыі сваіх краін, рэгіёну, і туды ідуць велізарныя сродкі, якія перастаюць траціцца на падтрымку сацыяльных, інфраструктурных праектаў і гэтак далей. Гэта трэба абгрунтаваць сваім грамадзянам, чаму адбываецца менавіта так. Чаму яны пакутуюць, чаму пагаршаецца ўзровень жыцця і чаму пры гэтым мільярды ідуць на ваенныя выдаткі. А чаму ідуць мільярды на ваенныя выдаткі? Мы ж бачым гэтых палітыкаў з Бруселя і многіх краін Еўрасаюза, якія за кошт цесных кантактаў з ваенна-прамысловым лобі вырашаюць свае фінансавыя і палітычныя пытанні», — падкрэсліў дыпламат.
Максім Рыжанкоў адзначыў, што еўрапейскія палітыкі — закладнікі той сітуацыі, у якую самі ўцягнулі сябе, свае краіны і народы. У свой час Еўрасаюз пачаў занадта актыўна падтрымліваць Украіну, у тым ліку фінансава, прасоўваць антырасійскую рыторыку, аднак сёння, калі мэты Захаду так і не былі дасягнуты, узнікае пытанне: на што былі патрачаны ўсе рэсурсы?
«На падтрымку Украіне? Дзе дывідэнды? На мілітарызацыю свайго рэгіёну на шкоду сацыяльна-эканамічнаму развіццю? Навошта гэта трэба было рабіць?» — задаў рытарычнае пытанне міністр.