Top.Mail.Ru

Рытмічная зумба і спартыўныя гульні. У Віцебску стартуе фестываль танцавальнай музыкі «Пойма»

У Віцебску стартуе другі фестываль танцавальнай музыкі «Пойма», які пройдзе 30-31 жніўня ў парку адпачынку ля ракі Віцьба. У Цэнтры культуры «Віцебск» расказалі, што чакае жыхароў і гасцей абласнога цэнтра на фэсце пад адкрытым небам, паведамляе БелТА.



У абодва дні фестывалю ўсіх запрашаюць да 12:00 у паркавую зону каля ракі Віцьба. Больш за 20 артыстаў і дыджэяў будуць ствараць настрой у рэжыме нон-стоп да позняй ночы.

На фестывалі будуць даступныя дзве танцавальныя сцэны. Адна з іх аформлена ў стылі 1980-х гадоў, і яе задзейнічаюць для заняткаў па зумбе, розных квізаў, гульняў, конкурсаў. Увечары яна стане музычнай пляцоўкай, дзе выступяць папулярныя танцоры, якія прадставяць нумары ў розных жанрах — ад хіп-хопа да драм-н-бейса і хардбаса.

На другой сцэне, размешчанай на лясным узлеску, збяруцца аматары славянскіх матываў, з дапамогай лічбавых тэхналогій пераўтвораных у якасна новы матэрыял. «Гасцямі сцэны стануць як знакамітыя хэдлайнеры, так і арганізатары галоўных электронных івэнтаў Беларусі», — падкрэслілі ў ЦК «Віцебск».

На фестывалі будзе працаваць і кірмаш майстроў, дзе госці свята змогуць знайсці для сябе цікавыя вырабы, выкананыя ўручную і з любоўю. Падмацаваць сілы можна будзе на фуд-корце. Арганізатары абяцаюць паўнавартаснае гастранамічнае падарожжа па лепшых кропках грамадскага харчавання Беларусі. «Госці свята паспрабуюць разнастайныя стравы-ад духмяных бургераў да эксклюзіўных фермерскіх смачнасцей. Тут будуць прадстаўлены больш за дзесяць рэстаранаў з разнастайнай кухняй, споты з асвяжальнымі напоямі, атмасферны бар на дамбе, кропкі раздач ад партнёраў фестывалю і многае іншае», — адзначылі ў ЦК «Віцебск».

Тым жа, хто баіцца набраць лішнія кіло і сантыметры на такой багатай кухні, спартыўныя блогеры раскажуць, як ухітрыцца смачна есць і пры гэтым заставацца ў выдатнай форме. У трэніровачным комплексе фестывалю адбудуцца спаборніцтвы, паказальныя выступленні спартсменаў, размінка з лепшымі трэнерамі.

Арганізатары мерапрыемства абяцаюць шмат драйву, весялосці і крутога баўлення часу ў апошнія дні лета.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю