Вясна — пара абнаўлення, калі прырода прачынаецца, а агароднікі рыхтуюць участкі да новага сезона. Адна з важных задач у гэты час — апрацоўка цяпліцы, бо за зіму ў ёй маглі назапасіцца патагены, грыбкі і шкоднікі. Калі своечасова не правесці прафілактыку, расліны могуць папсавацца, а ўраджай апынецца пад пагрозай.
1. Ачыстка канструкцыі і грунту
Перад пачаткам хімічнай апрацоўкі неабходна ўсё добра прыбраць. Нават калі цяпліца выглядала чыстай восенню, зімой у шчылінах і на канструкцыях маглі назапасіцца споры грыбкоў, яйкі насякомых і патагенныя бактэрыі.
Выдаліце ўсе раслінныя рэшткі. Старое лісце, карані, бацвінне неабходна аднесці як мага далей ад цяпліцы — лепш спаліць, бо там могуць хавацца лічынкі шкоднікаў і споры грыбкоў.
Ачысціце каркас і сценкі. Для гэтага можна выкарыстоўваць: цёплы мыльны раствор або раствор соды — ён выдатна прыбірае пыл, налёт і магчымыя споры грыбкоў; раствор меднага купарвасу (3–5 %) — ён валодае антысептычнымі ўласцівасцямі і дапамагае знішчыць патагены; раствор перакісу вадароду (3 %) — экалагічна бяспечны сродак, які адначасова дэзынфіцыруе і ліквідуе непрыемныя пахі.
Апрацуйце глебу. Калі глеба ў цяпліцы выкарыстоўвалася некалькі сезонаў запар, рэкамендуецца замяніць верхні пласт (5–10 см), бо ў ім маглі назапасіцца ўзбуджальнікі хвароб. Для абнаўлення структуры можна дадаць перагной, пясок або попел. Таксама можна праліць глебу гарачай вадой з марганцоўкай — гэта знішчыць шкодныя мікраарганізмы.
2. Дэзынфекцыя цяпліцы
Каб знішчыць споры грыбкоў, бактэрыі і лічынкі шкоднікаў, можна выкарыстоўваць наступныя правераныя метады:
- серная шашка — адзін з самых эфектыўных сродкаў дэзынфекцыі. Яна выдзяляе сярністы газ, які знішчае грыбкі, бактэрыі і шкоднікаў. Аднак варта памятаць, што перад апрацоўкай трэба герметычна зачыніць цяпліцу. Пасля апрацоўкі трэба добра праветрываць цяпліцу не менш за 3–5 дзён. Дарэчы, серная дымавая шашка знішчае не толькі грыбковыя захворванні, але і кляшчоў, а таксама тлю, якая зімуе ў шчылінах каркаса.
- Фунгіцыды (напрыклад, «Фітаспарын», «Трыхадэрмін»). Яны папярэджваюць развіццё грыбковых хвароб і бяспечныя для глебы.
- Біялагічныя прэпараты («Гліакладзін», «Байкал ЭМ-1»), якія дапамагаюць засяліць грунт карыснымі мікраарганізмамі, якія выцясняюць патагены.
3. Барацьба са шкоднікамі
Увесну ў цяпліцы могуць актывізавацца шкоднікі: белакрылка, тля, павуцінны клешч, нематоды. Для барацьбы з імі выкарыстоўваюцца:
- інсектыцыды («Актара», «Фітаверм») дапамагаюць знішчыць насякомых і іх лічынак.
- Народныя сродкі: настой часнаку і цыбульнага шалупіння — прыродныя рэпеленты супраць тлі і белакрылкі; апрацоўка попелам дапамагае змагацца з мурашкамі і некаторымі відамі лічынак; тытунёвы пыл — эфектыўны сродак супраць тлі і кляшчоў.
- Драпежныя насякомыя — напрыклад, божыя кароўкі і залатавочкі, якія харчуюцца тлёй і іншымі шкоднікамі. Дарэчы, адна божая кароўка здольна за дзень з’есці да 50 тлей, а яе лічынка — да 100.
4. Паляпшэнне глебы
Пасля дэзынфекцыі важна аднавіць карысную мікрафлору глебы. Гэта можна зрабіць наступнымі спосабамі:
- бактэрыяльныя прэпараты («Байкал ЭМ-1», «Азотафіт») — дапамагаюць засяліць глебу карыснымі мікраарганізмамі.
- Арганічныя ўгнаенні. Перапрэлы гной або кампост узбагачаюць глебу пажыўнымі рэчывамі; попел змяшчае калій і мікраэлементы, карысныя для раслін.
- Севазварот і сідэраты. Пасля апрацоўкі цяпліцы можна пасеяць гарчыцу, фацэлію або лубін. Гэтыя расліны не толькі ўзбагачаюць глебу, але і дапамагаюць стрымаць распаўсюджванне патагенаў.
Вясновая апрацоўка цяпліцы — важны этап падрыхтоўкі да сезона. Калі правесці яе правільна, можна пазбегнуць мноства праблем з хваробамі і шкоднікамі. Галоўнае — комплексны падыход: прыборка, дэзынфекцыя, барацьба са шкоднікамі і паляпшэнне глебы. Кіруючыся гэтымі рэкамендацыямі, вы створыце ідэальныя ўмовы для вырошчвання агародніны, зеляніны і іншых культур.
Марына ВЯРЭНІЧ