Top.Mail.Ru

Русы аб рабоце аўтакрам і сельмагаў: людзі павінны мець магчымасць купіць усё, што яны жадаюць

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў Брэсцкай вобласці Міхаіл Русы ў Івацэвіцкім раёне азнаёміўся з работай аўтакрам і сельскіх магазінаў, паведамляе БелТА.


Міхаіл Русы падкрэсліў, што на райспажыўтаварыства кладзецца сацыяльная функцыя па забеспячэнні вяскоўцаў неабходнымі ім прадуктамі. Пільная ўвага вёскам, у якіх няма стацыянарных магазінаў. Туды некалькі разоў на тыдзень прыязджаюць аўтакрамы. «Людзі павінны мець магчымасць купіць усё, што яны жадаюць. Выкарыстоўваецца схема заказу тавараў. Але гэта вельмі дарагое задавальненне для арганізацыі, таму на райспажыўсаюзы ўскладзена сацыяльная функцыя. Прэзідэнт трымае гэта на пастаянным кантролі. Аказваецца сур’ёзная падтрымка спажыўкааперацыі з боку дзяржавы, каб кампенсаваць выдаткі, але каб людзі нават у самым маленькім населеным пункце атрымлівалі тое, што ім неабходна. Можна разлічыцца наяўнымі, карткай. Нязручнасцяў людзі не павінны адчуваць», — падкрэсліў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве.

Міхаіл Русы азнаёміўся, як арганізавана такая работа ў Івацэвіцкім раёне. Ён паразмаўляў з жыхарамі вёскі Халоп’я. «Усё жыццё жыву ў гэтай вёсцы. Мне тут падабаецца: побач з горадам, свежае паветра. Вельмі добра, што ў вёску прыязджае аўтакрама. Пенсіянеры могуць падысці і ўзяць усё неабходнае. Мы таксама купляем, можам дзяцей адправіць па нейкія пакупкі. Асартымент, мне здаецца, дастаткова шырокі: агародніна, садавіна, крупы, бакалея. Можна нешта замовіць — прывязуць. Зручна», — падзялілася мясцовая жыхарка Вераніка Лясун. 


Пенсіянерка Валянціна Пранько — пастаянная пакупніца аўтакрамы. «Усё задавальняе: прадаўцы ветлівыя, тавар прывозяць добры. Купляю звычайна хлеб, батон, тварог, мяса, каўбасу — прадукты першай неабходнасці. Ёсць і булачкі, і печыва, і цукеркі, і садавіна. Усяго хапае. Калі хочацца нечага асаблівага, прывязуць», — дадала жанчына. 

Упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў Брэсцкай вобласці вывучыў асартымент сельмага ў аграгарадку Любішчыцы, у якім пражывае больш за 1 тыс. чалавек. Акрамя таго, па пакупкі сюды прыходзяць дачнікі, вадзіцелі. «Імкнёмся задавальняць усе патрэбы насельніцтва, даём скідкі на сацыяльна значныя тавары. Працуем па заяўках — любы тавар можам прывезці. Асартымент пашыраны. У нас вельмі вялікі выбар уласнай вытворчасці: каўбасных вырабаў, паўфабрыкатаў, спецый, кандытарскіх вырабаў. Усё вельмі смачнае. Мясцовыя тавары людзі вельмі добрае бяруць. У краме ёсць таксама аддзел кулінарыі», — пералічыла дырэктар філіяла «Аптовая база» Івацэвіцкага райспажыўтаварыства Таццяна Абрамчук.

Міхаіл Русы застаўся задаволены ўбачаным. «Калі браць канкрэтны рэгіён, то скажу, што ёсць поўнае задавальненне ад таго, што патрабаванні, якія кіраўнік дзяржавы паставіў перад урадам і мясцовымі органамі ўлады, выконваюцца. Як гаворыць Прэзідэнт, людзей статыстыкай і лічбамі не кормяць. Павінен быць рэальны прадукт, даступны тавар з суадносінамі кошт/якасць. Напрыклад, у гэтай краме аграгарадка даволі шырокі асартымент, 95 % тавараў айчынных, найвышэйшай якасці, даступныя для людзей. Такой увазе, думаю, нават шэраг гарадскіх магазінаў можа пазайздросціць», — лічыць старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве.


Паводле яго слоў, Івацэвіцкае райспажыўтаварыства можа быць прыкладам для іншых у перапрацоўцы сыравіны і вытворчасці ўласнай прадукцыі. «Гама найшырэйшая. І селядзец яны робяць, і прэсервы, і мясную прадукцыю, і хлеб. Будзем і ў далейшым развіваць гэту сферу, падтрымліваць яе», — сказаў Міхаіл Русы. Ён заўважыў, што такія вынаходствы з задавальненнем купляюць не толькі мясцовыя жыхары, але і замежныя госці. Наборы далікатэсаў могуць быць выдатным падарункам для замежнікаў. «Маркетынг павінен працаваць», — нацэліў упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў Брэсцкай вобласці. 

У праграму ён таксама ўключыў наведванне сховішчаў для агародніны, каб азнаёміцца з тэмпамі расходавання стабілізацыйных фондаў. «Гісторыя мінулага года. Пры багацці садавінаагародніннай прадукцыі раптам у крамах яе не аказалася. Мякка кажучы, гэта сабатаж гандлю быў. Гэта першае. Другое — бяззубасць улад. Мясцовыя ўлады павінны былі зрабіць усё, каб на працягу сутак усё было напоўнена, — сказаў Міхаіл Русы. — Таму кіраўніком дзяржавы быў прыняты ўказ, вызначаны аб’ёмы (бульбы, морквы, капусты, іншай агародніны), спажыўцы, вытворцы. Вызначылі цану, усё ўзялі на кантроль». Ён звярнуў увагу на ўмовы захоўвання садавінаагародніннай прадукцыі і яе якасць, як ідзе выбарка.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю