Інтэрв’ю з міністрам культуры Рэспублікі Беларусь Русланам Чарнецкім наспела даўно, асабліва з улікам той увагі, якая цяпер удзяляецца кіно. Але ж культура — гэта не толькі кінематограф, а яшчэ і іншыя кірункі дзейнасці, пра якія таксама важна пагаварыць. Папярэдняе інтэрв’ю з Русланам Іосіфавічам выходзіла ў «ЛіМе» год таму, за некалькі дзён да прызначэння яго на пасаду міністра. Цяпер мы вырашылі звярнуцца да яго з пытаннямі, якія тычацца актуальных падзей, у першую чаргу другога пасяджэння VII Усебеларускага народнага сходу, у якім Руслан Чарнецкі бярэ ўдзел як дэлегат.
— Гэтае пасяджэнне Усебеларускага народнага сходу знакавае, можна сказаць, гістарычная падзея: на ім мы будзем прымаць праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця на бліжэйшую пяцігодку. Гэтыя некалькі дзён (18–19 снежня — І. П.) і вызначаць, па якіх кірунках будзе развівацца наша краіна. Гэта важны гістарычны этап не толькі для міністэрства культуры, але і ўсяго нашага грамадства, усёй дзяржавы. І канешне, для мяне і маёй сям’і. Ад прынятых рашэнняў залежыць усё!
— Руслан Іосіфавіч, чаму, на вашу думку, так важна, каб дзеячы культуры таксама бралі ўдзел у пасяджэнні Усебеларускага народнага сходу?
— Пасля яго мы ўсе, а я не аддзяляю сябе ад дзеячаў культуры, будзем трансліраваць у сваіх калектывах, на сцэне і гэтак далей тыя важныя пасылы, якія пачуем ад кіраўніка дзяржавы. Наша роля заключаецца менавіта ў рэтрансляцыі важных ідэй і наратываў. Напісаныя сухой юрыдычнай мовай рашэнні сфармуляваны так, што не кожны зразумее. Дзеячы культуры будуць даносіць да сваіх гледачоў і слухачоў вынікі Усебеларускага народнага сходу, але ў цікавай форме. Творы мастацтва — гэта зручны інструмент, які дапамагае перадаць важную інфармацыю жыхарам нашай краіны. Мастацтва якраз дапамагае растлумачыць тыя сэнсы, якія дзяржава хоча выказаць і данесці да свайго народа.
Падкрэслю яшчэ раз важны момант: мастацтва — мова, на якой дзяржава размаўляе са сваім народам зразумела, у цікавай форме. Таму мастацтва і дзяржава заўсёды ідуць побач, у шчыльным узаемадзеянні. Дзякуючы мастацтву тэмы, актуальныя менавіта цяпер, ідуць праз сэрца і адкладваюцца ў свядомасці. Гэта вельмі правільны сродак, каб гаварыць проста аб важным.
Як паказвае гэты год, усе нашы мерапрыемствы (канцэрты, акцыі, форумы і г. д.) сапраўды аб’ядноўвалі людзей. У гэтым таксама вялікая роля культуры сёння. Дзякуючы нашым мерапрыемствам склалася вельмі станоўчая атмасфера ў краіне.
— Пасяджэнне Усебеларускага народнага сходу — гэта яшчэ і магчымасць абмяняцца думкамі пасля Паслання Прэзідэнта Беларусі і прыняцця курсу на бліжэйшую пяцігодку. Якія ў вас асабіста чаканні ад удзелу ў гэтай гістарычнай падзеі?
— Я рады, што мне пашчасціла быць сярод людзей, якім наш народ даверыў прадстаўляць іх інтарэсы на пасяджэнні УНС. У мяне сур’ёзныя чаканні ад удзелу ў гэтай знакавай падзеі, дзе вызначацца курс, якім мы пойдзем далей, прыярытэтныя напрамкі дзейнасці. Гэта тая дарога, якой усе мы будзем ісці на працягу бліжэйшых пяці гадоў. Калі казаць простай мовай: пасяджэнне УНС выступае гарантам стабільнасці жыцця ў Беларусі. Гэта разуменне таго, што мы правільна развіваемся, у нас усё добра, мы ведаем, да якой мэты рухаецца наша дзяржава, бо яе курс пракладзены з улікам усіх важных момантаў. І геапалітычных, і эканамічных, і сацыяльных, і культурных. Перакананы: вынікі УНС пакажуць, што ў нашай краіне можна жыць у бяспецы, выхоўваць дзяцей, атрымліваць адукацыю, развівацца... Такія падзеі даюць упэўненасць грамадству.
— Мінуў год, як вас прызначылі міністрам культуры Рэспублікі Беларусь. Што самае важнае вы паспелі зрабіць за гэты час і якія кірункі дзейнасці цяпер патрабуюць больш увагі?
— Самае галоўнае — удалося перагледзець падыходы да кінавытворчасці ва ўсіх жанрах і да дыстрыбуцыі нашых фільмаў. Як вынік — шмат расійскіх дыстрыб’ютараў ужо з’явілася, усё больш вытворцаў прыязджае да нас здымаць свае стужкі. Радуе, што паспяхова прайшлі дзве прэм’еры — «Класная» і «Пераломны момант». У чым сакрэт? Фарміраванне характару, асобы, адказнасць, дапамога бліжняму — вечныя тэмы. Яны будуць актуальныя заўсёды.
Што тычыцца іншых сфер... Ужо год нашы тэатры жывуць у новай сістэме парытэтнага фінансавання (50 % на 50 %) і паказваюць добры вынік. Новая сістэма работы — матывацыя для развіцця: з’яўляюцца цікавыя нацыянальныя праекты, творчыя калабарацыі з удзелам артыстаў розных тэатраў і г. д. Канешне, яшчэ не ўсе паспелі ўцягнуцца, бо прывыклі да бюджэтнага фінансавання. На ўсё патрэбен час! Тэатральныя пастаноўкі павінны быць цікавыя гледачу. У будучыні, упэўнены, беларускае тэатральнае мастацтва чакае грандыёзны поспех. Ужо ствараецца тэатральны прадукт, напоўнены сацыяльнымі тэмамі, і ўсё падаецца ў вельмі цікавай форме. Глядач гэта заўважае і цэніць. Што пацвярджаюць вялікія чэргі па білеты ў некаторых тэатрах — такога даўно не назіралася.
— Як лічыце, ці адлюстроўвае сучаснае беларускае мастацтва тыя важныя працэсы, якія адбываюцца сёння ў грамадстве?
— Мастацтва апрыёры — павелічальнае шкло, праз якое бачна тое, што адбываецца ў нашым жыцці. Інакш навошта яно? Культура — выдатны інструмент для таго, каб трансліраваць гледачу актуальныя тэндэнцыі, наратывы. І калі мастакі, рэжысёры, сцэнарысты, пісьменнікі, кампазітары і іншыя дзеячы мастацтва за гэтымі важнымі рэчамі не сочаць, яны не будуць цікавыя — усё, што створаць, пойдзе ў стол. Самавыяўленне добра для сябе, а рэфлексаваць у мастацтве важна тое, што цяпер хвалюе людзей, і такім чынам ствараць штосьці карыснае і сапраўды каштоўнае для грамадства. Гэтыя творчыя высновы і дапамагаюць расці. Твор мастацтва павінен быць у першую чаргу для людзей!
— Сёлета кінавытворчасці ўдзяляецца асабліва вялікая ўвага на самым высокім узроўні. Летам нацыянальную кінастудыю «Беларусьфільм» наведаў кіраўнік дзяржавы. Як змянілася роля кіно пасля праведзенай нарады і якія фільмы будуць актуальныя ў бліжэйшыя гады?
— Наш Прэзідэнт заўсёды пільна сочыць за ўсім. Увага да беларускага кіно адчувалася пастаянна. Пасля візіту на «Беларусьфільм» змяніліся патрабаванні да стварэння кіно (і сцэнарыяў у прыватнасці). Яны сталі больш жорсткія на ўсіх этапах, пачынаючы ад заяўкі на сінопсіс і заканчваючы гатовым фільмам. Мы сур’ёзна сочым за гэтым, паколькі я ўзначальваю савет па развіцці кіно пры Міністэрстве культуры, куды ўваходзяць рэжысёры, кінапракатчыкі, прадзюсары — тыя, хто дакладна ведае, як павінна здымацца кіно. У гэты савет таксама ўваходзяць людзі, якія ведаюць, што такое драматургія, кінавытворчасць у цэлым. Перад тым, як выйсці на экраны, фільм праходзіць сур’ёзную крытыку на ўсіх этапах. У «Класнай» было 12 драфтаў на этапе стварэння сцэнарыя, была выкарыстана і фокус-група, якая выказала сваё меркаванне. Гэта таксама важна, бо трэба разумець густ гледача, каб пасля прадаць прадукт.
Яшчэ ніколі ў гісторыі беларускага кіно не было, каб поўны метр ствараўся за такі рэкордны тэрмін, як «Пераломны момант»: ён быў зняты за месяцы паўтары, а кінавытворчасць заняла ўсяго дзесяць месяцаў. Але паглядзіце, які цудоўны фільм атрымаўся. Я чуў шмат цёплых водгукаў ад прафесіяналаў. Здымачнай групе было цяжка, але гэтая работа — сур’ёзны крок наперад у нашым кінамастацтве. Вельмі цёпла «Пераломны момант» прынялі ў дзень прэм’еры. Такія авацыі ў нас былі толькі на «Класнай». Гледачы апладзіравалі нават падчас фільма — спачувалі героям, значыць праграма-мінімум выканана. І мы не збіраемся спыняцца.
У будучыні плануем працягваць патрыятычнае выхаванне, бо нашы дасягненні ў мінулым і сёння важныя для захавання гістарычнай памяці. Вялікая ўвага цяпер надаецца сямейнаму і дзіцяча-юнацкаму кіно. Ужо рыхтуем дзве сур’ёзныя прэм’еры, запуск буйных серыяльных праектаў, поўнага метра. Нашы тэлеканалы заціўкалены ў супрацоўніцтве, таму збіраемся ствараць сумесныя праекты. У будучым годзе запускаем беларускія серыялы розных жанраў, каб на нашых тэлеканалах паказвалі свой прадукт. Будуць і вясковая камедыя, і меладрама.
— Якім яшчэ кірункам будзе надавацца больш пільная ўвага ў наступным годзе? Магчыма, бібліятэчнай сферы, пра якую не так часта гавораць, як пра кіно?
— Пра кіно мы вядзём гаворку, бо яно заўсёды навідавоку. І Прэзідэнт пры назначэнні мяне на пасаду міністра культуры акцэнтаваў на гэтым увагу. І ўсё ж пад пастаянным кантролем усе сферы культуры, бібліятэчная ў тым ліку. І канешне ж, музейная, бо ўсёй краінай мы будуем Нацыянальны гістарычны музей. Таксама наладжваем работу па падрыхтоўцы дакументаў на ўключэнне ў спіс ЮНЕСКА нашай матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчыны, гісторыка-культурных каштоўнасцей. У наступным годзе гэтаму кірунку таксама будзе ўдзелена ўвага. У нас вялікая колькасць таленавітых народных майстроў, якія не толькі захоўваюць, але і развіваюць народныя рамёствы. Будзем і ў гэтым дапамагаць. Таксама падтрымліваем дыяспары, якія хоць і жывуць у Беларусі, але помняць пра сваю радзіму і сваю культуру, а яшчэ прэзентуюць наша мастацтва ў сваіх краінах. Гэта таксама важна! Нельга абмінуць увагай ніводную сферу культуры, каб усё было гарманічна і развівалася.
Ірына ПРЫМАК