Больш за 10 гадоў рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Белкартаграфія» распрацоўвае дзіцячую картаграфічную прадукцыю. Гэта не толькі дапаможнікі, якія адпавядаюць вучэбным праграмам па геаграфіі, гісторыі і астраноміі.
Куток маленькага прафесара
Сёння ў навучальных установах вядзецца вялікая работа для таго, каб навучыць дзяцей бавіць час без гаджэтаў. Афармляюцца тэматычныя куткі, на паліцах расстаўляецца літаратура, якая можа зацікавіць юных адкрывальнікаў. Атласы і карты «Белкартаграфіі» дапамогуць не толькі заняць дзяцей, але і замацаваць веды, атрыманыя на занятках, адкрывыць новыя факты. Адзін з такіх папулярных дапаможнікаў — атлас «Мая Беларусь». У ім сабрана калекцыя карт, якая знаёміць з гісторыяй, культурай, рамёствамі, строямі, помнікамі архітэктуры, памятнымі мясцінамі, звязанымі з Вялікай Айчыннай вайной, жывёльным і раслінным светам, геральдыкай, прамысловасцю і сельскай гаспадаркай нашай краіны. Прычым гэты атлас сёння выпускаецца ў двух фарматах: вялікім і малым.
Наогул, прадукцыя «Белкартаграфіі» актыўна выкарыстоўваецца ў вучэбным працэсе. Сёлета пабачыў свет абноўлены, з улікам праграмы 3 класа, атлас «Чалавек і свет». Дзякуючы яркім малюнкам і фатаграфіям, якія дапаўняюць карты і тэкст, дзеці з задавальненнем засвойваюць новы матэрыял.
«Карты — гэта мова геаграфіі і гісторыі, — заўважае галоўны рэдактар РУП „Белкартаграфія“ Галіна ЛЯХАВА. — Без іх цяжка зразумець падзеі, працэсы, з’явы». Перавага атласаў і карт яшчэ і ў тым, што ў іх можна падаць «павялічаную карцінку», візуалізаваць тэкст падручніка, даць дадатковую інфармацыю, што асабліва важна, калі падручнікі не павінны расці ў вазе.
Для самых маленькіх даследчыкаў новыя атласы і карты ствараюцца з гульнявымі элементамі. Напрыклад, атлас «Раслінны і жывёльны свет Беларусі» зроблены як расфарбоўка.