У пачатку наступнага тыдня ў лясгасах Гродзенскай вобласці плануюць прыступіць да збору бярозавага соку. Пра гэта БелТА расказала намеснік генеральнага дырэктара Гродзенскага ДВЛГА па ідэалагічнай рабоце Наталля Пясецкая.
Як расказала Наталля Пясецкая, пры захаванні плюсавых тэмператур днём і ноччу лясгасы рэгіёна з пачатку наступнага тыдня плануюць прыступіць да актыўнай нарыхтоўкі бярозавага соку. «Пры спрыяльных умовах надвор’я рух соку павінен пачацца з пачатку наступнага тыдня, з гэтага моманту мы і пачнём актыўную нарыхтоўку бярозавага соку і наступную яго рэалізацыю», — адзначыла намеснік гендырэктара Гродзенскага ДВЛГА.
«З улікам вялікага снежнага покрыва зімой, дастатковасці вільгаці пасля раставання снегу, можна разлічваць на тое, што рух соку павінен быць больш інтэнсіўным, чым летась. Калі ўмовы надвор’я вясны будуць спакойнымі, гэта значыць высокія тэмпературы не хутка наступяць, а будуць у раёне да плюс 5 і не вышэй, то рух соку будзе больш працяглы перыяд, чым звычайна. У сярэднім перыяд руху соку складае 2-3 тыдні, а калі вясна спрыяе гэтаму працэсу, то збор соку можа ісці і месяц, і паўтара», — расказала Наталля Пясецкая.
Дарэчы, летась у лясгасах Гродзенскай вобласці нарыхтавалі 2159 т бярозавага соку. Сёлета спецыялісты плануюць сабраць не менш.
Бярозавы сок, як адзначылі ў ДВЛГА, можна будзе набыць у спецыяльных пунктах рэалізацыі, якія арганізуюць у кожным лясгасе, а таксама ў Гродне і Лідзе на гандлёвых пляцоўках аб’яднання.
Для тых, хто плануе нарыхтаваць сок самастойна, прадугледжана бясплатная магчымасць пры выкананні ўстаноўленых правілаў. Ахвотным неабходна звярнуцца ў бліжэйшае лясніцтва: спецыялісты пакажуць адведзеныя ўчасткі, правядуць інструктаж і пракантралююць захаванне тэхналогіі падсочкі. У ДВЛГА нагадалі, што парушэнне правілаў пры нарыхтоўцы соку цягне адміністрацыйную адказнасць: штраф для грамадзян можа дасягаць 20 базавых велічынь, для індывідуальных прадпрымальнікаў — да 100, для юрыдычных асоб — да 500 базавых. Жыхароў рэгіёна таксама заклікаюць выконваць правілы пажарнай бяспекі ў лясах.