Top.Mail.Ru

Праект прагнозу сацэканамразвіцця краіны на наступны год разгледзелі ва ўрадзе

Рост ВУП і даходаў


Праекты прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі, мэтавых паказчыкаў грашова-крэдытнай палітыкі і рэспубліканскага бюджэту на 2027 год разгледзелі на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў з удзелам Прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандра ТУРЧЫНА.

«Зыходзім з таго, што прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця павінен быць нацэлены на выкананне задач пяцігадовай праграмы і фарміраваць умовы для далейшага росту дабрабыту насельніцтва. У прадстаўленых прагнозных дакументах вызначаны найважнейшыя мэтавыя параметры развіцця. Паказчыкі вельмі напружаныя, улічваючы існуючыя знешнія абмежаванні і пагаршэнне ацэнак па росце эканомікі нашага асноўнага партнёра — Расійскай Федэрацыі», — адзначыў Прэм’ер-міністр.

Для ўрада і Нацыянальнага банка ў якасці задач вызначаны рост ВУП, павелічэнне рэальных даходаў насельніцтва, інвестыцый у асноўны капітал, экспарту тавараў і паслуг, абмежаванне ўзроўню інфляцыі.

«Пералік паказчыкаў захоўваецца такім, як і ў гэтым годзе», — сказаў Аляксандр Турчын.

Таксама ён падкрэсліў, што за кожным дзеяннем павінна стаяць эфектыўнасць. «Хацелася б звярнуць увагу на сферу паслуг, таму што, на наш погляд, гэта тая сфера, дзе мы сёння можам прыбавіць», — сказаў Прэм’ер-міністр. 


Ключавое — дабрабыт насельніцтва 

Міністр эканомікі Беларусі Юрый Чабатар расказаў журналістам аб прыярытэтах прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2027 год.

Паводле слоў міністра, асноўныя параметры прагнозу ўвязаны з праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця да 2030 года. «Ключавое — дастатак і дабрабыт насельніцтва. У гэтым плане прадугледжана выкананне ўсіх асноўных прыярытэтаў пяцігадовай праграмы», — расказаў Юрый Чабатар.

Падрыхтоўка прагнозу вялася з улікам турбулентнасці ў сусветнай эканоміцы. У параўнанні з мінулым годам, калі ставіліся задачы на пяцігадовы перыяд, знешнія ўмовы істотна змяніліся. Сусветны ВУП запавольваецца, асноўныя гандлёвыя партнёры Беларусі змяншаюць планкі росту. «Мы, вядома, на гэта таксама рэагуем. Таму адной з навел прагнозу стаў разгляд знешніх умоў нашых эканамічных партнёраў — краін СНД, далёкай дугі і гэтак далей», — адзначыў міністр.

Яшчэ адна ключавая навела наступнага года — паскарэнне вытворча-інвестыцыйнай праграмы. «Вядучым міністэрствам, канцэрнам, аблвыканкамам будзе стаяць задача паскорыць рэалізацыю інвестыцыйных праектаў для таго, каб атрымаць эфект ад выпуску новай прадукцыі, дадатковых продажаў. Параметры па экспарце — каля 102,9 працэнта. Асноўны ўпор будзе зроблены на рост экспарту паслуг (крыху больш як 4 працэнты) за кошт нашых прыярытэтаў — турызм, IT і гэтак далей», — сказаў міністр.

Інвестыцыйная праграма накіравана на выкананне задач пяцігодкі. Будуць узводзіцца жылыя дамы (прадугледжаны ўвод каля 4 млн кв. м), у тым ліку з акцэнтам на арэнднае жыллё. Запланавана рэалізацыя камерцыйных інвестыцыйных праектаў (больш за 700), у тым ліку ў рамках праграм «Рэгіянальная ініцыятыва», «Турыстычны патэнцыял». У Мінэканомікі бачаць вялікі запыт на такія крэдытныя прадукты.

«ВУП прагназуецца ў межах 360 млрд рублёў. Гэта агульная „скарбонка“ краіны дазволіць, перш за ўсё, павысіць дабрабыт грамадзян. Рост даходаў, рэальнай заработнай платы прагназуецца крыху больш за 3 %, — паведаміў міністр. — Інфляцыя, як чакаецца, захаваецца ў межах 6 %. Асноўныя параметры пралічаныя з рэгулятарамі, галінамі».

ЗВР не меншы за 12,8 млрд долараў і інфляцыя ў 6 %

Якімі чакаюцца мэтавыя паказчыкі грашова-крэдытнай палітыкі на 2027 год, журналістам расказаў намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Андрэй Картун.

Ён паведаміў, што грашова-крэдытныя параметры 2027 года ўзгоднены з бюджэтам і макраэканамічнымі паказчыкамі. У праект увайшлі пяць паказчыкаў. Яны адпавядаюць мандату Нацыянальнага банка і яго асноўным мэтам. 

«Мэта першая — забеспячэнне цэнавай стабільнасці. Мы прапануем Прэзідыуму Саўміна ў наступным годзе ўстанавіць мэту ў 6 працэнтаў па інфляцыі. Гэта крыху менш, чым сёлета. Блок паказчыкаў, які характарызуе фінансавую стабільнасць, — так званая доля праблемных актываў. Гэта такі індыкатар, які адлюстроўвае бяспечнае функцыянаванне фінансавай сістэмы. Прапануецца ўстанавіць яго на ўзроўні 10 працэнтаў», — растлумачыў Андрэй Картун.

Мінімальны ўзровень золатавалютных рэзерваў прапануецца ўстанавіць у памеры12,8 млрд долараў з улікам усіх знешніх абавязацельстваў, якія стаяць перад краінай. «Гэта дастатковы мінімальны ўзровень для бяспечнага функцыянавання. Яшчэ адзін паказчык — стабільнасць і даступнасць плацежных сістэм для таго, каб не было ніякіх збояў, аперацыі ажыццяўляліся фактычна ў кругласутачным рэжыме. Дапускаюцца толькі пэўныя тэхнічныя або тэхналагічныя паўзы», — дадаў Андрэй Картун.

Паводле яго слоў, важным паказчыкам таксама з`яўляецца і прырост інвестыцыйнага фінансавання. «Нацыянальны банк разам з банкаўскай сістэмай узялі на сябе задачу ў рамках дзеючай пяцігодкі нарасціць партфель па інвестыцыйным фінансаванні ў паўтара раза. На наступны год мы гэты параметр для сябе і для банкаў будзем даводзіць не менш як 13 працэнтаў», — паведаміў Андрэй Картун.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю